Вы тут

У восьмы ўжо раз ладзіўся вясёлы “Беларускі кірмаш” у латышскім Даўгаўпілсе


Поўная назва праекта: VІІІ Міжнародны фэст народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. А гала-канцэрт фэсту прайшоў 23 лістапада ў канцэртнай зале гарадскога Дома Адзінства, там выступалі беларускія творчыя гурты і ўдзельнікі з Латвіі, Літвы, Эстоніі ды Беларусі. Фэст прысвячаўся 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі, ён завяршаў праект Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) “Куфар беларускіх скарбаў”.


Гурт “Купалінка” ды іншыя артысты на “Беларускім кірмашы” ў Даўгаўпілсе

Усё лепшае, што спрадвеку мелі восеньскія кірмашы ў Беларусі, мы імкнемся перанесці ў гарадскія ўмовы, адаптаваць да сучасных рэалій. Ладзім кірмаш як масавае народнае свята, у аснове якога — даўнія традыцыі як гандлю, так і вясёлых гулянняў. Кірмаш такі ў Даўгаўпілсе ўпершыню прайшоў у 2011 годзе, перарос у міжнародны форум, які збірае самадзейныя беларускія гурты з розных краін. Восьмы па ліку фэст дадаў у сваю яркую палітру новыя фарбы, фарматы, знаёмствы. Доўжыўся два дні, адкрыўся ў ЦБК канферэнцыяй “Культурны мост: Латвія — Літва — Эстонія — Расія — Беларусь”. Гэта быў цікавы абмен ідэямі, завязванне новых кантактаў між прадстаўнікамі дэлегацый ад пяці краін.

Задоўга да пачатку Гала-канцэрта ў фае Дома Адзінства ўжо было шматлюдна. Там разгарнулася рамесная выстава, на якой народныя ўмельцы з Мёраў, Браслава, Дуброўны паказалі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, далі майстар-класы. Вялікую цікавасць выклікаў прэзентацыйны стол “Адкрый для сябе Беларусь”: рэкламныя буклеты хутка разышліся. Можна было абмяняць кнігу на беларускай мове (збіраем бібліятэку!) на сувенір, пабачыць багаты стол з дарункамі прыроды, сабранымі й нарыхтаванымі сябрамі беларускай суполкі “Уздым”.

І юным артыстам кірмаш даспадобы

Асноўную тэму ў тэатралізавана-музычнай імпрэзе гала-канцэрта вялі даўгаўпілскія гурты: беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны “Лянок”, вакальна-інструментальны “Пралескі”, а таксама харавая капэла “Спадчына”, тэатральная студыя “Паўлінка”. У песнях, танцах і тэатральных мініяцюрах, нібы ў люстэрку, бачна як духоўная, так і матэрыяльная спадчына беларусаў. Цягам года штомесяц у свой “Куфар беларускіх скарбаў” мы складвалі сакральныя аўтэнтычныя вырабы: вышытыя ручнікі, плеценыя паясы, нацыянальныя касцюмы, тканыя абрусы, дываны, ільняное палатно, кілімкі… Тыя рукатворныя скарбы на канцэрце даставалі з куфра, паказвалі гледачам.

Фэст адкрыў першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Ігар Прэлатаў, які адзначыў яго ўнікальны фармат у культурным асяроддзі Даўгаўпілса. Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч, вітаючы грамаду, падкрэсліў аб’яднальную ролю Цэнтра беларускай культуры і Беларускага таварыства “Уздым” ва ўсёй вялікай працы, скіраванай на захаванне, пашырэнне беларускай культуры ў Латвіі. А Міністэрства замежных спраў Беларусі адзначыла 25?гадовую паспяховую дзейнасць “Уздыму” Ганаровай граматай — за подпісам Міністра Уладзіміра Макея. Амбасадар уручыў высокую ўзнагароду Жанне Раманоўскай, якая цяпер на чале “Уздыму”. Удзельнікаў і гасцей фэсту вітала таксама консул-саветнік Генеральнага консульства Расіі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставалава.

Спявае Зінаіда Сіліня

Вядучыя канцэрта Жанна Раманоўская і Уладзімір Стасевіч прадставілі таксама іншых ганаровых гасцей фэсту: Генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзіміра Клімава, 1?га сакратара Амбасады Беларусі ў Латвіі Аляксея Васількова, консулаў Беларусі ў Даўгаўпілсе Яўгенію Барткевіч і Мікалая Раманкевіча, Ганаровага консула Беларусі у Клайпедзе (Літва) Мікалая Логвіна, дэлегацыі беларускіх партнёраў з Віцебскага дзяржуніверсітэта, Наваполацка, Мёраў, Браслава, Дуброўны, Нарачанскага санаторыя “Спадарожнік”, а таксама з горада Светлагорска (Расія). А потым з бадзёрай песні-гімна “Кірмаш-кірмашок” закружылася-панеслася музычна-тэатралізаванае дзейства, у прастору свята далучыліся прыгожыя танцы з ручнікамі, дыванамі, песнямі ды невялічкімі тэатральнымі замалёўкамі з удзелам усіх творчых гуртоў ЦБК.?Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Да 100?годдзя Латвіі”, а салістка Зінаіда Сіліня акапэльна праспявала жартоўную песню.

Ну і, вядома ж, кірмаш беларускі любіць гасцей! Калі на сцэну з танцам і песняй вылецеў-выпырхнуў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, дзіцячы харэаграфічны гурт “Камарыкі” імя Чэслава Клячко Палаца культуры “Нафтан” з Наваполацка (кіраўніца Святлана Багаслаў), зала выбухнула авацыямі. Звонкія галасы краналі да глыбіні душы, а й танцы, музыка нікому не давалі спакойна ўседзець на месцы: ногі самі пускаліся ў скокі. Незабыўныя выступленні былі таксама ў іншых гасцей: заслужанага калектыву Беларусі, народнага ансамбля песні й музыкі “Крыніца” з Дуброўны, саліста Сяргея Шабадалава з Вісагінаса (Літва), дзіцячага ансамбля “Буслікі” з Таліна (Эстонія), дуэта Дар’і ды Яўгеніі Шук з Мёраў — гледачы не шкадавалі апладысментаў, гучалі не раз воклічы “Брава!”. Пасля канцэрта ўсе гурты й салісты, якія падарылі гледачам дзівоснае свята, а таксама рамеснікі, суполка “Уздым”, кіраўніца мастацкай студыі ЦБК “Каларытны свет” Вэлта Лоцэ (аўтар карціны-банэра фэсту), былі адзначаны дыпломамі, падарункамі, кветкамі. А потым па традыцыі ўсе разам — і сцэна, і зала — спявалі песню-гімн “Беларускі дом”.

Выступае Сяргей Шабадалаў

Кіраўніца ЦБК і старшыня таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская задаволена тым, што фэст “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” расце й дынамічна развіваецца: “Штогод мы прапануем гледачам цікавы сюжэт і новыя ідэі, запрашаем яркіх артыстаў, падпісваем дамовы аб супрацоўніцтве, ахвотна дзелімся досведам — і пашыраем межы сяброўства беларусаў Балтыі. Сёлета, напрыклад, шэрагі нашых партнёраў папоўнілі землякі з Калінінградскай вобласці Расіі. А ў 2019?м, плануем, фэст ужо атрымае канкрэтную часавую прывязку (другія выхадныя кастрычніка), вернецца ў вялікую залу Палаца культуры, пройдзе пад знакам 20-годдзя Цэнтра беларускай культуры”.

Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку за падтрымку ў арганізацыі фэсту Даўгаўпілскай гардуме, Упраўленню культуры, Генеральнаму консульству Беларусі ў Даўгаўпілсе, Цэнтру латышскай культуры, Арт-цэнтру імя Марка Роткі, муніцыпальнай паліцыі ды СМІ Даўгаўпілса.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Фота: Эдуард Ліцьвіноўскі

Загаловак у газеце: Шматгалосае рэха з Айчыны

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.