Вы тут

У Таліне – вобразы з Нясвіжа


Музычна-паэтычную вечарыну ў гонар Паўлюка Пранузы ладзілі эстонскія беларусы


Музычна-паэтычную вечарыну вяла Ніна Пээрна (ля мікрафона)

Вершамі юбіляра пачалася ў Таліне музычна-паэтычная вечарына “Куточак родны любай Беларусi”, прысвечаная 100?м угодкам Паўлюка Пранузы, што жыў, працаваў у горадзе Нясвіжы. Зладзіў імпрэзу наш Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзiмы” пры падтрымцы і ўдзеле Амбасады Беларусі ў Эстоніі. Ужо некалькі гадоў цэнтр, а таксама Беларускі Цэнтр вучобы і развіцця EVA-Studiorum пры падтрымцы Амбасады праводзяць у эстонскай сталіцы літаратурна-музычныя імпрэзы ў гонар юбілеяў беларускіх паэтаў. Жыхары Эстоніі, што цікавяцца беларускай культурай, знаёміліся з творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі. Увагі да беларускай культуры ў Эстоніі — усё больш.
Чаму сёлета менавіта Паўлюк Прануза? Неяк трапіла я ў Нясвіж — і там пачула пра бібліятэку, якая носіць імя паэта, да таго ж ён мой зямляк: з поўдня Гомельшчыны.

Паэт, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, доўгі час жыў, працаваў настаўнікам у Нясвіжы. Кажуць, гэта быў Чалавек і Педагог — з вялікай літары. І мяне, таксама педагога, зацікавіла ягоная творчасць. У кожнага з нас па-рознаму складаюцца лёсы. Нехта, як кажуць, дзе нарадзіўся — там і згадзіўся, хтосьці ж пакідае родныя мясціны, як многія з беларусаў Эстоніі. А каб этнічныя беларусы не гублялі повязі з малою радзімай, мы праводзім такія імпрэзы. І такім чынам спрыяем умацаванню нацыянальнай самаідэнтычнасці, захаванню роднай мовы, традыцый, пашырэнню беларускай культуры ў грамадстве. Дык вось, калі ў сакавіку адзначаўся 100-гадовы юбілей Паўлюка Пранузы, мне захацелася расказаць у Эстоніі пра земляка, пазнаёміць з творчасцю, бо для многіх тут імя творцы невядомае.

Частуйцеся, калі ласка!

А 17 лістапада 2018 года ў Цэнтры культуры Нымме ў Таліне сабралася цэлая зала тых, хто зацікавіўся творчасцю паэта. З вітальным словам да ўсіх звярнуўся Амбасадар Беларусі Вячаслаў Качанаў, на імпрэзе былі таксама іншыя супрацоўнікі Амбасады, члены іх сем’яў. А гасцей на парозе залы ў нацыянальных строях сустракалі, частавалі беларускімі цукеркамі вучні Беларускай нядзельнай школы “Буслiкi” Ларэнза Пукк і Арына Ражкова.

У плыні вечарыны мы зрабілі прэзентацыю пра жыццёвы й творчы шлях паэта. Значныя моманты жыцця ілюстравалі вершамі — чыталі ж іх вучні школы “Буслiкi” ды іх бацькі, а таксама вучні эстонскай Лауласмааскай школы, Кехраскай гімназіі. А яшчэ — вучні й настаўнікі беларускай мовы з Мінска, запрошаныя на імпрэзу. З канцэртнай праграмай выступілі госці з Латвіі (гурт “Пралескi” з Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса) ды гурт “Лянок” талінскай беларускай суполкі “Лёс”. Гарачыя апладысменты публікі атрымалі юныя танцоры: вучаніца мінскай гімназіі № 34 Дар’я Канановіч і нашы выхаванцы — Ларэнза Пукк і Арына Ражкова.

На вечарыне падвялі вынікі міжнароднага конкурса дзіцячага малюнка “Чытаем і малюем вершы Паўлюка Пранузы”, адкрылі выставу дзіцячых малюнкаў “Куточак родны любай Беларусi”. У конкурсе паўдзельнічала больш за 100 школьнікаў (109 работ) з 18 навучальных устаноў Беларусі, Эстоніі, Расіі, Латвіі, Літвы, нават Італіі. Школьнікі, далучаючы да справы й бацькоў, настаўнікаў, спачатку знаёміліся з вершамі беларускага паэта, потым — тварылі малюнкі ў плыні ягоных слоў і вобразаў, сваіх асацыяцый.

Малюнак Арцёма Худзякова да верша “Фарбы восені”

У склад журы ўвайшлі бацькі вучняў нядзельнай школы “Буслiкi” Таццяна і Павел Ражковы, Алена Пээрна, вядомыя ў Эстоніі мастакі, нашы сябры Генадзь Яльцоў (сябар суполкі рускіх мастакоў Эстоніі, Асацыяцыі рускіх мастакоў Парыжа), і мастачка Алена Міронава-Яльцова (сябар Таварыства культуры “Причудье”. Творы ацэньваліся ў чатырох узроставых катэгорыях, і ўрэшце абрана было 14 прац-пераможцаў і 25 лепшых у розных намінацыях. На імпрэзу мы запрасілі юных мастакоў з бацькамі, педагогамі. Амбасадар Вячаслаў Качанаў уручыў граматы пераможцам, а старшыня праўлення Цэнтра нацменшасцяў “Радзiмы” Кэтлін Пукк — падзячныя лісты за ўдзел у конкурсе ды падарункі ўсім яго ўдзельнікам. А ў канцы вечарыны госці з Даўгаўпілса запрасілі вучняў Беларускай нядзельнай школы “Буслiкi” паўдзельнічаць у “Беларускiм кiрмашы ў Даўгаўпiлсе”. (Пра кірмаш — тэкст “Шматгалосае рэха з Айчыны” ў гэтым нумары газеты. — Рэд.). Пасля быў вялікі святочны стол: усе змаглі паспрабаваць стравы беларускай кухні, пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы. Вельмі прыемна было нам, актывістам дыяспары,?чуць?словы падзякі ад бацькоў эстонскіх школьнікаў за такую цікавую імпрэзу.

Мяркую, наш досвед працы на карысць Беларусі на стыку розных мастацтваў і культур, з удзелам дзяцей, іх бацькоў і педагогаў, з падтрымкаю беларускай Амбасады будзе цікавы і ў іншых беларускіх суполках па свеце. Дзякуючы асобам з беларускай літаратуры, выкарыстоўваючы іх творы, а таксама беларускія песні, музыку мы знаёмім жыхароў Эстоніі з роднай культурай і літаратурай, з беларускаю моваю. Заадно ж і самі — застаемся ў плыні матчынага Слова, умацоўваем повязі з супляменнікамі, з Бацькаўшчынай.


Паўлюк Прануза (Павел Кузьміч Прануза) (18 сакавіка 1918, вёска Вылева, цяпер Добрушскі раён, Гомельская вобласць – 14 сакавіка 2007, Мінск) – беларускі паэт, педагог. Закончыў у 1941 годзе Гомельскі пед інстытут. Вайна заспела яго ў Гомелі – быў мабілізаваны. Ваяваў на розных франтах у артылерыі, перамогу сустрэў у званні сяржанта ў Берліне. Быў ушанаваны ардэнамі, медалямі.

У 1945–1978 гадах настаўнічаў у горадзе Несвіж: у Педвучылішчы імя Якуба Коласа і 3-й сярэдняй школе. Выкладаў беларускую мову і літаратуру. Аўтар многіх вершаў, паэм, шмат пісаў для дзяцей. Друкаваўся з 1936 года, выдаў больш за 20 паэтычных зборнікаў. Многія творы прысвяціў Нясвіжу, ягонай самабытнай гісторыі, культуры. Перакладаў з рускай, украінскай, польскай ды іншых моў.

Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.

Ніна Пээрна, педагог, старшыня Беларускага цэнтра вучобы і развіцця ЕVА-Studiorum 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?