Вы тут

Іван Брынза: Ідэальны дзень — трэніровачны


Ён сёлета нечакана, у тым ліку для самога сябе, стаў сярэбраным прызёрам юнацкага чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні. А на Юнацкіх Алімпійскіх гульнях выступіў у ролі капітана беларускай каманды і пранёс сцяг краіны на цырымоніі адкрыцця. Акрамя таго, на самым буйным турніры для маладых спартсменаў Іван заваяваў «серабро» і задаў сабе высокую планку на будучыню. Пра тое, як прайшлі Гульні ў далёкай Аргенціне, свае планы і мэты вясляр расказаў журналісту «Чырвонкі. Чырвонай змены».


— Пачнём з нядаўніх Юнацкіх Алімпійскіх гульняў. Раскажы, наколькі важны турнір для маладых спартсменаў?

— Гэта першыя крокі для нас і магчымасць паказаць, на што ты здольны. На такіх турнірах набіраешся вопыту, знаёмішся з сапернікамі, з якімі прыйдзецца выступаць у далейшым. Трэба адзначыць, што Гульні ў Буэнас-Айрэсе адрозніваліся ад іншых спаборніцтваў, асабліва арганізацыяй. Яны падобныя на «дарослыя» Алімпійскія гульні, усе спартсмены жывуць у адным месцы, ёсць агульная сталовая, зоны, дзе можна адпачыць — маляваць графіці, скакаць на батуце, гуляць у футбол або шахматы. У такой атмасферы цікава спаборнічаць, можна камунікаваць з нашымі і замежнымі спартсменамі з розных відаў спорту.

— Аргенціна геаграфічна і культурна даволі далёкая ад нас краіна. Што здзівіла там больш за ўсё?

— Як ні дзіўна, асабліва нічога. Уразілі цырымоніі адкрыцця і закрыцця, яны былі зроблены вельмі прыгожа і эфектна, ніколі раней такога не бачыў. Звярнуў увагу, што ў іх вельмі шмат людзей шпацыруюць па галоўнай пешаходнай вуліцы горада і там часта можна сустрэць асоб, якія... мяняюць грошы. Кажуць, у нас такое было ў 1990-я, а ў іх гэта засталося да гэтага часу.

— На цябе ўсклалі гонар быць капітанам нашай каманды і сцяганосцам. Гэта дадавала адказнасці і нейкіх абавязкаў?

— Тое, што выбар выпаў менавіта на мяне, было нечаканым, але я ўзрадаваўся. Вельмі хвалююча было выносіць сцяг краіны на цырымоніі адкрыцця. А што датычыцца абавязкаў капітана, іх асабліва не адчуў.

— Пяройдзем да спорту. На Юнацкіх Алімпійскіх гульнях ты заваяваў сярэбраную ўзнагароду, ці задаволены вынікам?

— Наогул, не думаў, што траплю «ў прызы» на гэтым турніры, планаваў быць у фінале А, таму што нядрэнна выступаю на дыстанцыі 500 метраў. Але потым пачаў глядзець на вынікі іншых спартсменаў і зразумеў, што магу пазмагацца за медалі. У паўфінале, акрамя сапернікаў, мне давялося пераадольваць яшчэ і хвалі, гэта вельмі раззлавала, і менавіта злосць дапамагла заваяваць «серабро». У фінале за перамогу змагаўся з украінцам, ён адарваўся ад самага старту, я стараўся дагнаць, думаў толькі пра адно — як бы мацней адштурхнуцца. Ужо нічога не адчуваў, толькі пазіраў на саперніка. Нават на нейкі момант стаў яго апярэджваць, але да «золата» мне не хапіла долі секунды, было вельмі крыўдна.

— Перад Гульнямі на юнацкім чэмпіянаце Еўропы ты таксама стаў другім...

— Гэта быў мой першы чэмпіянат Еўропы, я наогул не чакаў, што змагу трапіць у фінал і падняцца на п'едэстал, таму і другому месцу быў вельмі рады. Пасля фінішу мяне накрылі выбуховыя пачуцці.

— Наколькі ведаю, ты выбраў веславанне не адразу...

— Так, з шасці гадоў займаўся плаваннем, тады мы з бацькамі жылі ў Шклове, але з-за некаторых абставін давялося пераехаць у Мінск. Прыйшоў у секцыю, але там не аказалася месцаў. Пазней у маю школу завітаў трэнер па веславанні, выклікалі высокіх хлопцаў, мяне ў тым ліку. Я падумаў, чаму б і не, і пайшоў на трэніроўку.

— Плаванне дапамагло ў веславанні? Многія пачаткоўцы, якія займаюцца гэтым відам спорту, напачатку перакульваюцца ў ваду...

— Нікому не хочацца быць мокрым, але я нават і не думаў, што ўпаду. Спачатку плаваў у двойцы і чацвёрцы, дзесьці толькі праз год паспрабаваў сесці ў лодку адзін і з таго часу выступаю толькі ў гэтым класе. Мне адзіночка падабаецца больш, праўда, ёсць мінус: калі сварацца, то толькі на цябе аднаго (усміхаецца). Пакуль трэнеры не могуць падабраць мне партнёра, бо тут трэба ўлічваць мае антрапаметрычныя даныя і хуткасць, якую я паказваю на вадзе.

— Як паставіліся бацькі да таго, што ты абраў спорт у якасці сваёй прафесіі?

— Калі толькі пачынаў займацца, проста хадзіў, трэніраваўся, часам наогул нічога не рабіў, не разумеў нават, навошта мне гэта. А потым, калі прыйшлі першыя вынікі, мяне аддалі да трэнера, з якім я працую і цяпер, — Канстанціна Паўлавіча Кікіна. Ён строгі, дасведчаны спецыяліст, з ім я пачаў паказваць усё вышэйшыя вынікі і спорт стаў прафесіяй.

— Веславанне — адзін з самых складаных відаў спорту, ніколі не хацелася ўсё кінуць?

— Не. Бывае вельмі цяжка, але, каб чагосьці дамагчыся, трэба ўвесь час працаваць. Хоць адпачынак таксама важны, арганізм не можа пастаянна быць на мяжы магчымасцяў.

— Што цябе матывуе на штодзённыя трэніроўкі?

— Жаданне паказаць максімальны вынік. Каб калі-небудзь выступіць на Алімпійскіх гульнях і заняць там прызавое месца.

— Што б ты назваў самым складаным у спорце высокіх дасягненняў?

— Сабрацца і не кінуць. Псіхалагічна трымацца, маральна. Гэта важна і падчас адной канкрэтнай гонкі, і на працягу ўсёй спартыўнай кар'еры. Бываюць цяжкія дні, зборы, асабліва калі цябе рыхтуюць да чэмпіянату Еўропы ці свету. Не хочацца трэніравацца зусім, думаеш, вось бы тыдзень адпачыць, але разумееш, што гэты тыдзень потым прыйдзецца кампенсаваць упартай працай цэлы месяц.

— З кім з вядомых спартсменаў хацеў бы паспаборнічаць?

— Калі з беларусаў, то з Дзянісам Мігалем, а з сусветных зорак, вядома, з новазеландцам Робертам Мэнсанам. Калі казаць наогул пра спартсменаў, якія мяне ўражваюць, якіх можна назваць легендай, то з беларусаў гэта Кацярына Карстэн, яна вялікая, пабывала на столькіх Алімпіядах... З сусветных — Махэ Драйсдэйл. Неяк у адным з інтэрв'ю ён сказаў, што вельмі моцна хварэў. Урачы папярэджвалі, што можа памерці ў любы момант, але ён усё роўна працягваў трэніравацца.

— Якую адукацыю плануеш атрымаць?

— Пакуль хаджу на курсы, думаю паступаць у БДУФК на трэнера.

—Чым любіш займацца ў вольны час?

— Магу схадзіць у залу, падкачацца, горш ад гэтага не будзе.
У камп'ютары пасядзець, пагуляць або фільмы паглядзець. Дарэчы, з апошніх мяне ўразіў «Веном», а наогул я аддаю перавагу фантастыцы або навуковай фантастыцы.

— Як ты ўяўляеш свой ідэальны дзень?

— Ён дакладна будзе трэніровачным, таму што на выхадных часта няма чым заняцца. Я б хацеў добра выспацца, устаць гатовым ісці на трэніроўку і адпрацаваць на максімуме.

—- Калі б была магчымасць удасканаліць сябе, якую якасць дадаў бы сабе?

— Неверагодную цягавітасць.

— Якім бачыш сябе праз дзесяць гадоў?

— Я па-ранейшаму буду ў спорце. У мяне будзе кватэра, можа быць жонка, але гэта не дакладна (усміхаецца). У плане прафесіі я б хацеў быць ужо майстрам спорту міжнароднага класа, магчыма пераможцам Алімпіяды.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?