Вы тут

Сталічны ўчастковы пра плюсы і мінусы сваёй прафесіі


— Самае складанае ў нашай працы — гэта знаёмства з адміністрацыйным участкам, — упэўнены Уладзімір Шаўчэнка, капітан міліцыі, старшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы. — Тут неабходна знайсці падыход да кожнага жыхара. А ў старшых участковых іх ажно да трох з паловай тысяч чалавек.


«Выбару не было»

— На гэтым участку я нядаўна, чатыры месяцы, — праводзіць экскурсію па сваіх «уладаннях» Уладзімір. — Раней быў спальны раён, зараз — больш адміністрацыйных будынкаў. Усюды ёсць свае асаблівасці. Лічу, што ўчастковы павінен не менш за тры гады адпрацаваць на адным участку, каб добра яго вывучыць.

Уладзімір у міліцыі з 2006 года. Хлопец пяць гадоў быў у патрульна-паставой службе, у 2011 годзе перавёўся ва ўчастковыя інспектары.

— У арміі я служыў ва ўнутраных войсках. Бацька мой — лётчык. Спачатку быў ваенным, потым перайшоў у грамадзянскую авіяцыю. Стрыечныя браты таксама працуюць у міліцыі, толькі ў іншай краіне. Як бачыце, усё маё мужчынскае асяроддзе насіла форму. Паддаўся і я, — усміхаецца хлопец.

На пытанне, чаму, як бацька, не захацеў узняцца ў неба, міліцыянер прызнаецца, што баіцца вышыні.

— Мая першая прафесія — станочнік шырокага профілю (токар, фрэзероўшчык). У вучылішчы мне падабалася стаяць каля станка. Нейкія работы нават бралі на выстаўку, — успамінае Уладзімір. — Ведаў і ўменняў шмат не бывае. Усё ў жыцці спатрэбіцца.

Бацька, кажа Уладзімір, ніколі не адгаворваў яго ад работы ў міліцыі, хоць і добра разумеў, што хлеб нялёгкі.

— Канешне, падводных камянёў у нашай працы шмат. Галоўнае — навучыцца чуць людзей. Дзейнічаць па шаблоне тут не атрымаецца. Ёсць, вядома, заканадаўчыя акты, якімі мы кіруемся, але чалавечы фактар ніхто не адмяняў. Мы, участковыя, амаль усе псіхолагі. Практыкі, а не тэарэтыкі, — жартуе міліцыянер.

Па статыстыцы, ахвярамі хатняга гвалту ў 75 % становяцца жанчыны.

Сляпая любоў...

— Міша працуе ўжо тры месяцы! Хутка павінен быць дома. Заняты па 12 гадзін у суткі. Але, на жаль, нічога толкам не зарабляе, усяго 350 рублёў. Я яго кармлю. Мабыць, абдурвае? — з парога паспявае паведаміць пра галоўныя падзеі ў сваім жыцці жанчына гадоў пяцідзесяці.

— Як зараз паводзіць сябе сын? — пытаецца ўчастковы.

— Расказваць усё як ёсць? З турмы прыйшоў — біў мяне, піў, — уздыхае ахвяра хатняга гвалту. — Усё, што ў мяне было, я ўклала ў гэтую кватэру! Паглядзіце, які рамонт зрабіла, так сына чакала. А колькі пацягнула ў мяне турма! Я яму грошы кожны месяц дасылала, перадачы збірала. А як інакш? Ён жа ў мяне адзінае дзіця! Якія лісты мне адтуль пісаў! Ён добрым як цяля становіцца, калі есці хоча. А калі сыты — адны крыкі і мацюкі. Як трасяне мяне, дык далятаю да суседняга пакоя. Прашу: «Пашкадуй маці!»

— Пра новыя інцыдэнты ў міліцыю паведамлялі?

— Не. Разумееце, калі б гэта адразу зрабіць... А так — супакоілася, астыла, даравала. Ён заўжды клянецца, што гэта апошні раз! Вы бачыце, як я «высахла»? На 20 кілаграмаў схуднела, — пераключаецца гаспадыня. — Яму проста ажаніцца трэба. Малю Бога, каб знайшоў якую дзяўчыну і сышоў ад мяне.

— Не беражаце вы сябе, — звяртаецца да суразмоўніцы Уладзімір. — Такое нельга дараваць. Яшчэ некалькі падобных выхадак — і Міша зноў пойдзе па знаёмым яму шляху.

— Калі ён выйшаў з турмы — я яму рукі цалавала, — выцірае слёзы жанчына. — Мацярынская любоў — сляпая.

...Сярэдні ўзрост тых, хто часцей за ўсё трапляе ў поле зроку ўчастковага, — людзі ад 25 да 35 гадоў. Мужчын сярод іх больш, але працаваць складаней з жанчынамі:

— Возьмем хоць бы алкагольную залежнасць. Жанчын гэта атрута зацягвае мацней, і нешта растлумачыць ім становіцца цяжка. А чалавек у нецвярозым стане, як усім вядома, — патэнцыйны злачынец.

Уладзімір кажа, што, па яго назіраннях, моладзь стала больш насцярожана ставіцца да розных псіхатропных рэчываў.

— Яны бачаць, чуюць, чытаюць (добра, што інфармацыі зараз шмат), да чаго гэта можа прывесці, і робяць адпаведныя высновы. Вучацца на чужых памылках, — мяркуе міліцыянер.

Участковы прызнаецца, што не змог бы працаваць інспектарам па справах непаўналетніх.

— Лічу, што моладзі трэба даваць шанц. Ведаеце, заўсёды адчуваецца, каму ён патрэбны, а каму — не. У іх жа ўсё жыццё яшчэ наперадзе, і хто ведае, як адгукнецца тая ці іншая іх выхадка? А падлеткі такія эмацыянальныя! Вельмі шкада дзяцей, якія заблыталіся. У міліцыі працуюць не робаты — у нас таксама ёсць пачуцці, — кажа Уладзімір. — Калі міліцыянер затрымлівае юнака, таму падаецца, што мы самыя дрэнныя на свеце людзі! Але лепей адзін раз скласці за правапарушэнне адміністрацыйны пратакол, чым хлопец адчуе сваю беспакаранасць і пойдзе хуліганіць далей.

«Да некаторых «падапечных» хаджу так часта, як дадому».

Надзейны тыл

— Тое, што бачыць на працы ўчастковы, прымушае глядзець на ўласнае жыццё інакш. Хочацца ўсё рабіць правільна, быць для іншых прыкладам. Я, калі нарадзіўся сын, кінуў курыць, — расказвае Уладзімір. — Зараз Арцёму чатыры з паловай гады. На сям'ю, на жаль, з-за ненармаванага графіка часу хапае не заўсёды. Калі іду на працу, асабліва ў выхадныя дні, Цёмка заўжды кажа: «Не ідзі, тата. Давай дома пагуляем». Але служба ёсць служба. Сын любіць прымяраць мае фуражкі. Усім у дзіцячым садку расказвае, што тата ў яго міліцыянер. Прыемна.

Уладзімір пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай на працы. Наталля — інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

— Мне пашчасціла, — упэўнена кажа суразмоўнік. — Калі затрымліваюся на працы, нават да раніцы, з улікам, што працоўная змена скончылася ў 18 гадзін, Наталля ўсё разумее. Ёй нават тлумачыць нічога не трэба, бо сама добра ведае гэтую «кухню». Я не буду настойваць, каб Арцём пайшоў служыць у міліцыю. Гэта павінен быць яго выбар. Для пачатку паспрабую зрабіць так, каб час сына быў заняты з карысцю. Планую аддаць яго ў Сувораўскае вучылішча. Але кожны раз, калі Цёма мяне абдымае пасля працы, думаю, што проста не змагу яго кудысьці адпусціць, — усміхаецца ўчастковы.

Уладзімір цікавіцца аўтамабілямі, успамінае, што ў дзяцінстве заўсёды з бацькам прападаў у гаражы. Участковы калекцыянуе незвычайныя шарыкавыя ручкі, вырошчвае хатнія кветкі. Толькі ў невялічкім рабочым кабінеце міліцыянера красуюцца 22 расліны! І ўсе іх даглядае ён сам.

— Мне падаецца, што зараз людзі больш паважліва ставяцца да міліцыянераў, чым гадоў дзесяць таму. Гэта добрая тэндэнцыя, — лічыць хлопец.

Уладзімір хоча і далей рухацца па кар'ернай лесвіцы. Але менавіта на пасадзе ўчастковага. Пераходзіць у іншы аддзел не плануе: пачынаць нешта новае заўсёды цяжка.

— Памятаю, як толькі прыйшоў ва ўчастковыя інспектары, галава кругам ішла ад усіх гэтых пытанняў і праблем! Як усім дапамагчы? Як ва ўсім разабрацца? Усё прыходзіць з вопытам, на прыкладзе адной сям'і разумееш, як быць з іншай. Нешта раяць калегі, — кажа суразмоўнік. — Ёсць такія «падапечныя», якія ўжо даўно знаходзяцца не на маім участку, але я да гэтага часу іх наведваю. Не паверыце, але па-сапраўднаму хвалююся, як яны там.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Участковы — амаль што псіхолаг»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?