Вы тут

«Падлеткі не маглі такое прыдумаць!»


За месяц у офісе, дзе працуюць 30 чалавек, расходуецца 2500 аднаразовых кубачкаў і 5000 лістоў паперы для друку. А калі там дрэнна ўцеплены дзверы і вокны, то праз іх сыходзіць 70 працэнтаў цяпла. Як зрабіць рабочыя месцы больш экалагічнымі? Над гэтай праблемай задумаліся студэнткі БДУ і стварылі службу кансалтынгу bСооl, каб дапамагаць офісам расходаваць менш рэсурсаў і жыць у гармоніі з прыродай.


Алеся ЛУКАШЭВІЧ, Яўгенія ХЮППЕНЕН і Вікторыя КАРСЮК — першакурсніцы біялагічнага факультэта. Яны знаёмыя яшчэ са школьных гадоў: разам вучыліся ў сталічным ліцэі № 1 на хіміка-біялагічным профілі. Экалогіяй захапіліся, калі ў 11 класе пісалі пад кіраўніцтвам настаўніцы навукова-практычную работу. Тэма даследавання, якую выбралі Алеся, Жэня і Віка, — як зрабіць аднаразовы посуд экалагічным. Замяніць пластыкавыя кубачкі папяровымі? Але апошнія таксама знутры абклейваюць пластыкам. Дзяўчаты вырашылі паспрабаваць варыянт з ядомым посудам. Закупілі тарталеткі і пачалі тэсціраваць розныя пакрыцці. Тое, якое не прапускае ваду, удалося атрымаць, змяшаўшы пэўныя харчовыя хімікаты (тэхналогію запазычылі з малекулярнай кухні).

З гэтай ідэяй вучаніцы ўдзельнічалі ў розных конкурсах для школьнікаў, але нічога не выйшла. Ім або казалі, што гэта ўсе даўно прыдумана (праўда, пацвердзіць словы канкрэтнымі прыкладамі і спасылкамі ніхто не змог), або не верылі, што падлеткі здольныя такое вынайсці.

У верасні дзяўчаты вырашылі паспрабаваць свае сілы на хакатоне Sосіаl Wееkеnd, дзе розныя каманды прэзентавалі спосабы вырашэння сацыяльных праблем. І нечакана для сябе атрымалі грошы на развіццё свайго праекта. Тэхналогію яны сталі апрабоўваць на посудзе большага памеру: заказвалі на фабрыцы вафельныя кубачкі для марожанага і дома на кухні ўручную наносілі на іх спецыяльнае пакрыццё. Праўда, цуда-састаў аказаўся капрызным, і на замену яму знайшлі іншы варыянт — воск і харчовы парафін.

— Гэта бяспечна. Такія кубачкі падыходзяць для халодных напояў. Паўгадзіны вада ў іх дакладна прастаіць — каб папіць з кулера, гэтага больш чым дастаткова, — расказваюць студэнткі. — Такі посуд можна ўтылізаваць без шкоды для прыроды. Ці проста з'есці.

Вафельныя кубачкі ад дзяўчат ужо з'явіліся ў адной прыватнай мінскай бібліятэцы, іх таксама заказвалі на мерапрыемства. Але Жэня, Віка і Алеся вырашылі пайсці далей: прапаноўваць кампаніям не толькі замяняць пластыкавы посуд, але і ў цэлым рабіць офісы экадружалюбнымі. І некаторыя прадпрыемствы ўжо зацікавіліся такой паслугай.

— Мы будзем прыязджаць у офіс, пільна аглядаць яго, даведвацца пра колькасць супрацоўнікаў, прыкідваць расходы розных матэрыялаў, выдаткі на водазабеспячэнне і электрычнасць. І прапаноўваць падрабязныя рэкамендацыі, якія дапамогуць кампаніі не толькі стаць больш экалагічнай, але і сэканоміць уласныя сродкі. У залежнасці ад жадання і бюджэту заказчыка можна пайсці як на невялікія крокі, так і на глабальныя змены. Мы самі будзем весці перагаворы з пастаўшчыкамі неабходнага абсталявання і ўкараняць гэтыя навінкі ў офісе, — тлумачаць дзяўчаты.

Самае простае, што можна зрабіць, — паставіць шматразовы посуд, арганізаваць асобны збор адходаў, закупіць паперу з другаснай сыравіны (такую, напрыклад, выпускае Барысаўская фабрыка), замяніць люмінесцэнтныя лямпачкі на святлодыёдныя, устанавіць свяцільні з датчыкам руху ў прахадных памяшканнях.

Што да больш прасунутых рашэнняў, то ў офісе можна перапрацоўваць арганічныя адходы. Для гэтага ёсць здрабняльнік, які ўбудоўваецца пад ракавінай, ці пакаёвы кампосцер (ён падобны да звычайнай сметніцы і пры правільным выкарыстанні не стварае непрыемнага паху).

На заўвагу «няўжо кампаніі самі не знойдуць такіх рашэнняў у інтэрнэце?» студэнткі адказваюць: па-першае, не ўся інфармацыя ёсць у сеціве. А па-другое, занятым людзям часта проста не хапае часу на гэта, таму клопат пра рабочыя месцы адыходзіць на другі план.

— Мы стараемся шукаць таксама «хіпстарскія» ідэі, — дадаюць дзяўчаты. — Напрыклад, ёсць экастартап для аналізу спажывання электраэнергіі. Спецыяльны датчык падключаецца да сеткі і з дапамогай мабільнай праграмы паведамляе ўладальніку, які прыбор і колькі энергіі спажывае. Можна ўбачыць слабыя месцы: дзе своечасова не выключаюць тэхніку, што з абсталявання няспраўнае ці неэфектыўнае.

Галоўная ж мэта праекта — данесці ідэю адказнага спажывання да супрацоўнікаў, каб яны і па-за межамі офіса клапаціліся пра прыроду. Дзяўчаты збіраюцца па запрашэнні кампаній праводзіць майстар-класы, ладзіць сустрэчы з іншымі экалагічнымі ініцыятывамі.

— Адзін з найлепшых прыкладаў «зялёных» офісаў — будынак Сусветнага фонду дзікай прыроды ў Маскве. Ён узводзіўся з улікам усіх экалагічных навінак. Там выкарыстоўваюцца толькі натуральныя матэрыялы, ёсць сістэма збору дажджавой вады. Але мы разумеем, што многія беларускія офісы знаходзяцца ў старых памяшканнях і такія кардынальныя рашэнні там немагчымыя. Таму наша мэта — рабіць простыя рэчы і прасоўваць экаідэалогію. Маленькія крокі таксама даюць эфект.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.