Вы тут

Друкуецца ў «Маладосці»


«Міжкніжжа» — гэта новая рубрыка ў «Маладосці», спроба напісаць адзін твор, узяўшы за аснову ідэі, вобразы, сюжэт, а часам і стылістыку двух вядомых твораў: адзін са скарбніцы сусветнай літаратуры, другі — з беларускай. Неназваныя творы кожны раз новыя. Таму «Міжкніжжа» — гэта сваеасаблівы іспыт, гульня, лабірынт, дзе Кафка сплятаецца з Купалам, Стральцоў — са Стопардам, але ніхто не кажа чытачу, што тут ад Кафкі, а што — ад Стопарда. Даводзіцца шукаць самому, знаходзіць апорныя словы, імёны, цытаты. Ці не знаходзіць. Калі знойдзеш, то атрымаеш дадатковае задавальненне і здзіўленне ад таго, што гэта можна сумяшчаць, што сцены пакоя Грэгара Замзы — гэта адсутнасць сцен сям'і Зяблікаў. Што... не будзем далей тлумачыць, каб не перашкаджаць чытачу атрымліваць сваю асалоду. Лепш скажам яшчэ, што «Міжкніжжа» — гэта самастойныя творы. Нават калі ў чытача не атрымаецца падабраць ключ і паглядзець, што там унутры, адкуль усе гэтыя складнікі, ён не застанецца з пустымі рукамі. Тэксты ў рубрыцы самадастатковыя, не абавязкова ставіцца да іх як да дзіўнага эксперымента. Гэта літаратура, створаная з літаратуры, што адкрывае новыя слаі, новыя разуменні. Часопіс «Маладосць» заўсёды спрабуе быць свежым і яркім. Такія праекты, як «Міжкніжжа», — сцвярджэнне, што ўсё атрымліваецца. Аўтар ідэі «Міжкніжжа» і яго тэкстаў — Марына Яромка. Прапануем чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» адзін з узораў яе творчасці.


Марына Яромка

Гонар у гліне з агню

Пад цёмнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Ён глядзіць наўпрост на зондэрфюрара, але словы разбірае толькі ў паўторах збялелай перакладчыцы, што не адыходзіць ні на крок ад свайго цяперашняга гаспадара. Яго ўспомнілі і пазналі. Ці не лепш быць між лістоў нябачным лістом? Ён ведае, што агонь, які хутка загарыцца, будзе знішчаць бязлітасна і дашчэнту. Смерць падышла, каб дамовіцца пра канец, пра апошняе слова, пра кропку.

Ён не чуе вакол ніводнага імені, бо ніхто нікога не аклікае і ніхто не называе сябе. Яго, печніка з імем Пячнік, падагналі па загадзе. З ім гавораць, ён спрабуе варушыць бяскроўнымі вуснамі ў адказ. М., чыё імя ведалі ў Калхідзе, Карынфе, Іолку, Афінах і ўсюды, дакуль даляцелі праклёны Ясона, перарвала смех болем, бо смех пахне воблакам, а боль знявагі — пылам. Пячнік слухае крывое падабенства размовы і глядзіць на боты зондэрфюрара, якія не могуць блішчаць на сонцы.

Ён спрабуе слухаць прапанову, але збіваецца, не можа разабрацца, хто з ім гаворыць. Цягнік узарваны, дзяцей, суседзяў, сваякоў больш не называюць дзецьмі, суседзямі і сваякамі — называюць бандай і адкрываюць уваход у агонь. М. развіталася з домам, пакінуўшы на ўспамін забойства, паверыўшы ў жыццё, дзе пра яе пачуюць. Яе зняважылі, бо з чужаземкай можна жыць, але нельга памерці. З М. маглі б пасмяяцца, але яна ведала, што музыкі на банкеце незаўважныя, што яе розум патрэбны не для перамог, а дзеля таго, каб сысці пасля паражэння. Пячнік назірае за небам, сонцам і аблокамі, якія хутка скончацца. Схаваная ў скуру зброя дае перавагу ў словах, моўчкі малюючы мяжу часу.

Ён умее рабіць печы, якія ўсе хваляць за цеплыню. Ён цудоўна ведае, што холад выганяецца не толькі агнём, які бачыць кожны, бо той кідаецца ў вочы. Пячнік старанна абгладжвае гліну, каб трымалася, каб не трэскалася, бо не будзе чаму грэцца. М. паабяцалі дарункі, услаўленага мужа, узнагароды за дапамогу, каб яна магла разводзіць ахвярныя вогнішчы ў самых багатых храмах. Але абяцанні скончыліся, і М. зразумела, што ахвяры перасталі мець значэнне, бо яна сама каштуе менш за падпаленае ягня. Ёй далі жыццё ў абмен на гонар, пакінуўшы гарэць на адкрытым паветры. Пячнік ведае, што агонь трымаецца дзякуючы гліне, што гліна стварае сценку, форму, мяжу, якую ён, пячнік, не мае права парушыць.

Зондэрфюрар прапануе ратунак за добра зробленую печ. Пячнік улоўлівае пах воблака. Ён не хоча гаварыць, не мае надзеі на словы, бо той, хто стаіць са зброяй пад скурай, прымушае Печніка звальвацца на вышыню ботаў. М. прагнула помсты. Клітэмнестра заплаціла забойствам за забойства. Ясон не забіў нікога з тых, за каго можна помсціць, Ясон зняважыў. Помста — спосаб памяняцца вопраткай, дзе ролі прыдумляе адзін, а пераапрануцца прымушае іншы, пакрыўджаны. Яна паклялася Гекатай і, вяртаючы гонар, забрала чужы. Словы паміж рознымі вуснамі магчымыя, калі вочы знаходзяцца на аднолькавай адлегласці ад пылу і неба. Знішчаць, ператвораць у едкі дым. Пячнік ведае, што гліна жыве даўжэй за агонь.

На сваё жыццё лёгка пагадзіцца. Кожны гатовы сказаць «так», але не кожнаму даюць слова. Ён думае пра тых, каго вядуць у вялікі агонь, каб назаўсёды пазбавіць тонкага святла ўнутры. Слабы або мёртвы. Выратаваць жонку, адабраць у вогнішча іскру. Дзве іскры патухнуць без печы. Ад таго, на што лёгка пагадзіцца, не так цяжка і адмовіцца, калі ёсць сэнс у апошнім сполаху іскры. М. не хацела помсціць напалову, бо прывыкла адплачваць удвая. Боль мусіў вярнуцца болем, які немагчыма перамагчы сілай, лекамі, словамі. М. ведала, што самы страшны боль — той, які не кранаецца скуры, а свярбіць унутры галавы і вылятае ў пыл праз вочы. Вырваць з корнем Ясонаў дом: ён разбурыў сям'ю, М. прымусіла яго згуляць па ролях. Пячнік гатовы ўзяць жыццё, забраўшы ўсе жывыя іскры ад агню забойцаў, бо без маленькага святла не разгледзіш трэшчыны ў сценцы печы. Гліна не ўтрымаецца на згодзе без пакуты.

Над небліскучымі ботамі няма страху смерці, які прымушае памятаць пра моц агню. Забіць усіх можна без страху і разумення, бо ўсе ніжэйшыя за пыл. Пячнік чапляецца за трэшчыну людскасці, каб выраўняць вышыню вачэй. Каб падняцца, патрэбны штуршок, патрэбныя сілы. Пах воблака просіць у водкуп жыццё. М. не задаволілася праклёнамі, ёй не хапіла ўласнага крыку. Смерць не прыйшла на покліч, таму мусіла адгукнуцца на загад. Зняважаны гонар раздзіраў знутры, шукаючы выйсця. Помста для ўтаймавання. Помсце патрэбныя выканальнікі роляў, якія ператвараюць скаргі ў боль, чужы боль пад чужой скурай. Пячнік унюхваецца ў словы смерці. Агонь патухне для кожнага вока, калі трэшчына разыдзецца ўшчэнт.

Кожнага забіць складана. Зондэрфюрар непрыемна моршчыцца ад крыкаў і стогнаў. Пячнік маўчаннем выцягвае з яго словы, якія праз пераклад збялелай падначаленай складаюцца ў пагардлівыя да адказаў прапановы. Пячнік чакае, пакуль стогны атрымаюць імя, пакуль лямант усіх ператворыцца ў крык кожнага, і тады ён зробіць тое, што нагадае пра іскры. М. не мела зброі, не мела войска і караблёў, каб адказаць на крыўду. Мужчыны забралі сабе цвёрдыя і заўважныя прылады для забойства і прысвяцілі іх свайму богу. М. дала клятву. У вайне зашмат стрэлаў, ёй хапіла чатырох, М. разумела, што перавагу дае дакладна пастаўленая кропка. Без сценак з гліны маленькі агонь вырастае да магутнага вогнішча. Але вецер. Але дождж. Але нічыйнасць. Пячнік захоўвае цеплыню іскры ва ўважліва загладжанай гліне.

Сваёй смерці мала, каб знішчыць пах воблака. Трэшчыну не ўтрымае адмаўленне ад аднаго жыцця. Пячнік мусіць забіць кожнага, чыё імя мог ці не мог уратаваць ад пылу. Пячнік умацоўвае гліну, кідаючы іскры ў агонь. М. апрыкрала жыццё, але смерць не магла дапамагчы ў пераапрананні. Смерць засталася б смерцю, забыццём памяці, вызваленнем ад будучыні. М. абрала багіню для прынясення ахвяры. Помста чакала закладання жыцця, схаваўшы сярод старой вопраткі гонар, забраны адным з галоўных герояў гульні. Дзеля пераапранання мусіла загінуць жыццё, якое нічога не ведала пра правілы змены роляў. Позірк цвярдзее разам з глінай, калі пячнік адчувае, як вочы над ботамі спаўзаюць з-пад воблака ўніз, бліжэй да крыкаў, едкага дыму, ажылых вачэй.

Ён разварочваецца і ідзе прэч з большай упэўненасцю, чым ішоў да запыленых ботаў. Ён выракае на смерць тых, каму не далі слова, бо словы не маюць значэння, калі складаюцца ў бязглуздыя пытанні. Ён раздражняе зброю пад скурай. Чалавек з імем Чалавек. М. забіла ўладара горада і яго дачку, але гэтага было мала. М. пракляла Ясона і пачала гульню дзеля яго. М. вырашыла рассячы кожную вяроўку, па якой ён мог уцячы ад пажару смяротнага болю. Знішчыць усё, што нагадвала пра памылку, знішчыць падман, знішчыць ашуканую частку сябе. М. забіла тых, каму аддала калісьці сонца, і памерла сама, аддаўшы сонца новаму чалавеку ў новым горадзе. Чалавека закідваюць у вялікі агонь мёртвым, яго іскра патухла, але паспела высушыць залепленую трэшчыну. Ён гіне іначай, не так, як тыя, каго ён мог уратаваць, гіне не так, бо пацвяліў пах воблака дымам, раззлаваў зброю ўвагай да гліны і пагардай да кволага агню.

І ён жыве, загладзіўшы трэснутую сценку печы, М. прымусіла пераапрануцца, музыкаў слухалі б на апошніх перамовах, забіла маці сваіх дзяцей, агонь паглынае тонкае святло, чалавек з імем Чалавек, словы без толку, памятай пра гліну ў апошняй кропцы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.