Вы тут

Як мабільная работа дапамагае вырашаць праблемы падлеткаў?


Чаму быць падлеткам так цяжка? Пераходны ўзрост — сапраўдны жах! Вакол адны ворагі, усё дрэнна, а адлюстраванне ў люстэрку прымушае думаць, што лепш на людзях увогуле не паказвацца. Але чаму так адбываецца? Чаму падлеткі ўвесь час учыняюць істэрыкі, скандаляць і ўвязваюцца ў сумнеўныя мерапрыемствы? У фізіёлагаў і псіхолагаў ёсць свая версія "пераходнага ўзросту". Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА" падрыхтавала цэлую серыю відэаролікаў, якія на зразумелай падлеткам мове даюць адказы на пытанні, якія хвалююць тынэйджараў: "Чым мужчыны адрозніваюцца ад жанчын?", "Чаму хочацца курыць, калі вып'еш?", "Чаму мы робім тое, што насамрэч не хочам рабіць?", "Ці можна знайсці сваю другую палавінку?", "Калі павінен быць першы раз?", "Ці карысна спаганяць злосць?" і "Як супрацьстаяць тролям?".

Падчас міжнароднай канферэнцыі "Інавацыйныя падыходы да работы з падлеткамі і моладдзю: ад арганізацыі сацыяльнай прасторы — да ўстойлівага развіцця грамадства" адзін з такіх відэаролікаў быў прадэманстраваны педагогам. Між іншым, згаданыя відэаматэрыялы знаходзяцца ў свабодным доступе на сайце арганізацыі, прычым разам з дапаможнікам па іх выкарыстанні.


Наладзіць кантакт

На канферэнцыі падводзіліся вынікі трохгадовага міжнароднага нямецка-беларускага праекта "Апрабацыя інавацыйнай мадэлі мабільнай працы з моладдзю для прафілактыкі дэвіянтных паводзінаў і сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі”. Ён быў распрацаваны Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі (МГІРА) сумесна з нямецкім партнёрам — Міжнародным таварыствам па мабільнай рабоце з моладдзю (ISMO) з горада Штутгарт (Германія). 

— Мы змаглі сабраць каманду адзінадумцаў з розных дзяржаўных і недзяржаўных структур (педагогаў-псіхолагаў, педагогаў-арганізатараў, сацыяльных педагогаў, класных кіраўнікоў, а таксама прадстаўнікоў праваахоўных структур, сістэмы аховы здароўя, царквы, грамадскіх арганізацый) для работы з моладдзю, якая патрабуе да сябе павышанай увагі, — падкрэслівае рэктар МГІРА, кіраўнік праекта з беларускага боку Таццяна МАРОЗ. — Нам удалося аб’яднаць намаганні Мінскага, Віцебскага і Гродзенскага рэгіёнаў у пошуку найбольш аптымальных мадэляў узаемадзеяння. У аснове мабільнай работы з моладдзю ляжыць індывідуальная і групавая работа, а таксама вулічная пошукавая работа.

 У аснову праекта быў пакладзены інавацыйны нямецкі вопыт мабільнай работы з моладдзю, які, канешне, давялося адаптаваць да нашых рэалій.

— Гэты праект цяжка нараджаўся, бо мы ўсе з задавальненнем працуем з адоранымі дзецьмі, і зусім іншая справа — дзеці, якія дапусцілі памылку і якім патрабуецца дапамога дарослых, але яго вынікі пераўзышлі нашы чаканні, — канстатуе Вольга РЭНШ-ВЕТЦЭЛЬ, дырэктар Прадстаўніцтва грамадска карыснага таварыства з абмежаванай адказнасцю  “Internationales Bildungs und Begegnungswerk gemeinnützige Gesellschaft mit beschrӓnkter Haftung” (г. Дортмунд, ФРГ). — Мы ў Германіі кажам, што старшае пакаленне мае патрэбу ў маладым. Маладыя заўсёды будуць ставіць перад намі новыя выклікі. Немцы таксама любяць казаць, што “мы будуем масты”, але трэба заўсёды мець на ўвазе, што на адным мосце з намі можа аказацца мядзведзь, і пакуль мы ідзём з ім разам, павінны яго паважаць. Не трэба нікога спіхваць з мосту…

"Мабільная работа з моладдзю ўсё больш распаўсюджваецца па ўсім свеце. Чаму? Таму што яна больш гуманная, дзейсная і вымагае меншых выдаткаў, чым застрашванне, пакаранне і турма", — гэтыя словы належаць ганароваму прафесару Цюбінгенскага ўніверсітэта Вальтару Шпехту, заснавальніку мабільнай работы з моладдзю ў Германіі. І сказаў ён іх шмат гадоў назад, але, на жаль, ні навукова-тэхнічны прагрэс, ні развіццё педагогікі не дазволілі ў поўнай ступені вырашыць складаныя праблемы сацыялізацыі падлеткаў і моладзі ў грамадстве. Асоба дзіцяці застаецца такой жа ўразлівай да выклікаў і праблем рэчаіснасці. Без душэўнага болю і стрэсу пераадолець мяжу паміж дзяцінствам і даросласцю ўдаецца далёка не кожнаму...

У Маскоўскім раёне сталіцы вырашылі пайсці шляхам стварэння пакояў вольнага часу на базе ўстаноў адукацыі.

Калі тэхналогія мабільнай работы з моладдзю стваралася 50 гадоў таму, у цэнтры пільнай увагі былі найперш месцы збору дзяцей і падлеткаў для баўлення часу на вуліцы. Пазней нават з'явіліся такія паняцці, як "вулічны сацыяльны работнік", "сацыяльны работнік за рагом", "палявы сацыяльны работнік", "работа ў адкрытым соцыуме" і "вулічная работа". А сутнасцю мабільнай сацыяльнай работы стаў кантроль за моладдзю, схільнай да дэвіянтных паводзінаў і агрэсіўнасці, якая не будзе звяртацца ні ў маладзёжныя цэнтры, ні ў кансультацыйныя пункты. Мэта — наладжванне ўзаемадзеяння з членамі нефармальных груп. Асноўнае прызначэнне мабільнай службы — выкананне ролі пасярэдніка паміж "вулічнымі дзецьмі", членамі нефармальных груповак, наркаманамі, малалетнімі алкаголікамі і грамадствам. Праўда, у Беларусі "вулічныя дзеці" — толькі адна з мэтавых катэгорый, ёсць і іншыя... Вельмі многім падлеткам падаецца, што яны нікому не патрэбныя, і як вынік — дэпрэсія, агрэсія і злачынствы. Прычынай разбуральных паводзінаў могуць быць канфлікты ў маладзёжным асяродку, уплыў гаджэтаў, інтэрнэту, некантраляванай прасторы сацыяльных сетак...

Мабільная работа з моладдзю — гэта сацыяльная і педагагічная тэхналогія, якая дазваляе весці прафілактычную работу і тым самым зніжае рызыку здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў юнакамі і дзяўчатамі. У рамках мабільнага падыходу спецыяліст сутыкаецца з комплексам праблем маладога чалавека: у адных выпадках гэта прыводзіць да сістэматычнага кансультавання, у іншых — да вырашэння праблемы падключаюцца розныя арганізацыі, зацікаўленыя ў аказанні дапамогі падлеткам і моладзі.

Заняткі валанцёраў з падлеткамі ў пакоі баўлення вольнага часу з выкарыстаннем падыходу "роўны навучае роўнага".

Спакуса і адказнасць

Амаль штодня мы чуем у навінах пра падзеі, у якіх тым ці іншым чынам удзельнічалі падлеткі: гэта можа быць крадзеж, разбой, згон аўтатранспартных сродкаў ці гвалт...

— У Мінску назіраецца змяншэнне ўзроўню злачыннасці сярод непаўналетніх, і я лічу гэта вынікам эфектыўнай сумеснай работы многіх структур, — разважае старшы інспектар па справах непаўналетніх РУУС Маскоўскага раёна сталіцы Сяргей САМОНАЎ. — Але калі 13-гадовага падлетка дастаўляюць у таксікалагічнае аддзяленне і вяртаюць да жыцця літаральна з таго свету, гэта я лічу ненармальным. І на жаль, такія выпадкі не адзінкавыя. Прыкладна 80-90 працэнтаў злачынстваў здзяйсняецца непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап'янення, калі ў іх сціраюцца ўсе межы дазволенага. Адзін з самых дзейсных шляхоў прафілактыкі — гэта занятасць падлеткаў. Галоўнае — каб яны не былі пакінуты на саміх сябе. Але калі школа прымушае падлетка ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія яму нецікавыя, то ніякага эфекту ў такой прафілактыцы не будзе. Занятак павінен быць па душы...

Начальнік аддзялення ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр ФЕЙЦЭР запэўнівае, што колькасць людзей, якія знаходзяцца на ўліку ў нарколагаў, скарацілася. Прычым група залежных не папаўняецца маладымі людзьмі. Асноўная іх колькасць — гэта людзі ва ўзросце 35 гадоў і старэйшыя. Затое падлеткі і моладзь усё часцей уцягваюцца ў распаўсюджванне наркотыкаў. Нарказбытчыкі ананімна размяшчаюць у інтэрнэце прапановы аб продажы рэчываў, грошы ім пераводзяцца анлайн, а пакупнікам паведамляецца пра месца закладкі.

— Уся моладзь сёння знаходзіцца ў інтэрнэце і бачыць прыклады, як можна прыгожа жыць. Гэта бомба замаруджанага дзеяння, — папярэджвае Аляксандр Фейцэр. — А нарказбытчыкі прапануюць падлеткам 4-5 рублёў за адну закладку. Тынэйджар, які нічым не заняты, можа зрабіць і 20 такіх закладак за дзень. Ну як не паддацца спакусе? Так, часта іх падманваюць і ўвогуле нічога ім не плацяць. Між іншым, адзін грам наркотыку, які яны распаўсюджваюць, каштуе каля 120 рублёў. Гэта каласальны бізнес. Людзі, што ім займаюцца, знаходзяцца за межамі Беларусі і не нясуць ніякай адказнасці, затое ўцягваюць у сваю брудную справу падлеткаў. У бягучым годзе да адказнасці за незаконнае распаўсюджванне наркотыкаў у сталіцы быў прыцягнуты ўжо 21 непаўналетні. А дзяржаўная палітыка ў сферы абароту наркотыкаў надзвычай жорсткая, і дзеянні падлеткаў, якія ўжо займаюцца закладкамі ці трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў літаральна з першай спробы "падзарабіць", падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць ад васьмі гадоў пазбаўлення волі. Мінімум восем гадоў! Нават калі ты проста вырашыў кагосьці "пачаставаць", гэта будзе расцэньвацца як збыт наркотыку.

Мабільная работа з моладдзю ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя».

У жніўні бягучага года ў сталіцы здарыўся трагічны выпадак. Студэнты адной з мінскіх ВНУ сабраліся на кватэры ў адсутнасць дарослых. Прагучала прапанова пакаштаваць наркотык. Набылі, падзялілі пароўну... І вось з сямі чалавек, якія знаходзіліся ў той кампаніі, адна дзяўчына памірае. Для кагосьці і першая сустрэча з наркатычным рэчывам можа закончыцца смерцю.

Самымі распаўсюджанымі ў свеце праграмамі першаснай прафілактыкі з'яўляюцца адукацыйныя антыалкагольныя і антынаркатычныя праграмы. Але і замежны, і наш вопыт сведчыць, што праграмы, арыентаваныя толькі на інфармацыю аб негатыўных наступствах спажывання псіхаактыўных рэчываў, аказваюцца менш эфектыўныя, чым тыя, якія навучаюць адаптатыўнаму стылю жыцця, навыкам стасункаў, крытычнаму мысленню, уменню прымаць рашэнні і супрацьстаяць у сітуацыях, калі прапануюць забароненае. Некаторыя падлеткі, нават калі яны падпадаюць пад многія фактары рызыкі, не спажываюць наркотыкі і алкаголь. Даследаванні паказваюць, што ад гэтага іх страхуе мноства ахоўных жыццёвых навыкаў і ўстановак: пачуцце гумару, унутраны самакантроль, мэтанакіраванасць, важнасць узаемаадносін сама меней з адным дарослым чалавекам (акрамя бацькоў), выкананне нормаў грамадства, школы і сямейных стандартаў паводзінаў.

У цяпле і без дарослых!

Сёння дзеці могуць апынуцца на вуліцы па розных прычынах, у тым ліку і з-за праблем ва ўласнай сям'і. Ім не хочацца ісці дамоў, таму большую частку свайго часу яны праводзяць з кампаніяй у дварах ці ідуць з сябрамі ў гандлёвыя цэнтры. Нават па самай аптымістычнай статыстыцы, аб'яднаннямі па інтарэсах ахоплены толькі кожны трэці школьнік.

— А наша анкетаванне паказала, што больш як 50 працэнтаў навучэнцаў бавяць вячэрні час у стасунках з сябрамі на вуліцы і яшчэ 30 працэнтаў сядзяць дома за тэлевізарам ці камп'ютарам, — падзялілася назіраннямі сацыяльны педагог сталічнай сярэдняй школы № 9 Ірына СУШЧЫНСКАЯ. — Таму мы ў сваім Маскоўскім раёне вырашылі пайсці шляхам стварэння пакояў вольнага часу або вячэрняй занятасці на базе ўстаноў адукацыі, куды дзіця зможа прыйсці без нейкай канкрэтнай мэты, каб проста пабыць у цяпле, пагуляць у настольныя гульні, паглядзець тэлевізар або зрабіць урокі ў цішыні. Загадзя пацікавіліся ў дзяцей, як бы яны хацелі бавіць свой вольны час, прычым пыталіся ў групы школьнікаў, не ахопленых заняткамі па інтарэсах. Большасць з іх выбралі стасункі ў нейкім месцы, але галоўнай іх умовай была адсутнасць дарослых!

У нашай школе такі пакой уяўляе сабой звычайнае памяшканне. Ніякіх асаблівых выдаткаў для яго абсталявання не спатрэбілася: хтосьці падзяліўся непатрэбнай мэбляй, тэлевізарам, чайнікам... Для таго каб наведаць пакой, не трэба нідзе загадзя рэгістравацца ці запісвацца, дастаткова проста ўзяць ад яго ключ. Можна прыйсці з сябрам з іншай школы. Канешне, ва ўстанове адукацыі абавязкова дзяжурыць спецыяліст псіхолага-педагагічнай службы, але толькі калі дзеці адчуюць сябе ў камфорце і бяспецы, можна будзе ненавязліва і непрыкметна праводзіць сярод іх прафілактычную работу... Мы лічым, што такія пакоі павінны быць ва ўсіх установах адукацыі...

Важна, што вынікі міжнароднага праекта былі пакладзены ў аснову матэрыялаў для правядзення рэспубліканскага эксперымента "Апрабацыя мадэлі рэгіянальнага рэсурснага цэнтра для прафілактыкі дэвіянтных паводзінаў і сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыі навучэнскай моладзі". Праект уключылі ў пералік рэспубліканскіх эксперыментальных пляцовак, і ў 2018—2020 гадах ён будзе рэалізаваны ў Мінскім і Віцебскім рэгіёнах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У зоне павышанай увагі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.