Вы тут

Імя сусветнага значэння


Постаць Чынгіза Айтматава ўжо даўно стала знакавай і нават яднальнай для ўсёй постсавецкай прасторы. Асобы такой велічыні заўсёды стваралі не толькі літаратуру, але і гісторыю. Яго кнігі былі перакладзены больш як на 178 моў свету тыражом каля 100 мільёнаў экзэмпляраў. Нядзіўна, што ў Беларусі, як і ў многіх краінах, адзначаюць 90-годдзе з дня нараджэння Чынгіза Айтматава.


Значэнне Чынгіза Айтматава для Беларусі падкрэсліваюць хаця б наступныя падзеі: сёлетні выхад кнігі «Буранны паўстанак. І вякуе дзень за год» на беларускай мове і адкрыццё сквера імя Чынгіза Айтматава на плошчы Ванеева ў Мінску. Гэтымі днямі ў кніжнай краме «Дружба» «Белкнігі» адбылася імпрэза, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння сусветна вядомага пісьменніка. Да падрыхтоўкі спрычыніліся Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Пасольства Кыргызскай Рэспублікі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, выдавецтва «Народная асвета».

— Чынгіз Айтматаў для нашага народа — не проста далёкая зорка, не толькі творца, які праслаўляў культуру нашых краін, гэта наша агульная культура. Мы можам з упэўненасцю казаць пра агульную спадчыну, якую мы памнажаем, — зазначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — На такіх асобах, на такім фундаментальным гістарычным досведзе неабходна будаваць будучыню.

— Асоба Айтматава была шматграннай: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Пісьменнік, дыпламат, які прадстаўляў СССР, пасол у Бельгіі, прадстаўнік СССР у НАТА… — дзяліўся ўспамінамі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Калісьці разам з ім мы разважалі над «белым параходам». Ён казаў: «Я шукаў сродкі паказаць не толькі цяжкі час, не толькі лёс дзіцяці, якое апынулася адно, без бацькоў. Я хацеў даказаць, што чалавек, трапіўшы ў любую сітуацыю, па-першае, павінен заставацца чалавекам і, па-другое, зрабіць патрэбную выснову і стаць вартым грамадзянінам». Імя Чынгіза Айтматава належыць не толькі кыргызскаму народу, але і літаратуры сусветнага ўзроўню.

Тамара Краснова-Гусачэнка атрымлівае ўзнагароду з рук Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кыргызстана ў Беларусі Куманычбека Амураліева.

Падчас урачыстасці абвясцілі і пераможцаў міжнароднага літаратурнага конкурсу «З марай аб белым параходзе», прысвечанага 90-годдзю Чынгіза Айтматава. Удзел у спаборніцтве бралі не толькі прафесійныя пісьменнікі, але і аматары прозы вядомага пісьменніка. У намінацыі «Проза» перамагла віцебская паэтэса Тамара Краснова-Гусачэнка. Другое месца заняў празаік Уладзімір Навумовіч, трэцяе — намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Генадзь Іваноў. Лепшым у намінацыі «Паэзія» стаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі. Другое месца заняла паэтэса Ірына Карнаухава, трэцяе прысудзілі Даяне Лазаравіч з Сербіі. Акрамя таго, дыпломамі конкурсу адзначы- лі маладых літаратараў Андрэя Кулеша, Маю Гагаліцкую, Ганну Міхіраву і студэнтаў факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Алену Шырко, Лізавету Белавусаву і Дар’ю Шыпіцыну.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».