Вы тут

Аўтар vs выдавец?


На маю думку, выдавец сёння не сябра пісьменніку, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Хаця павінна быць наадварот. Па ўсіх вартых ці нявартых раскладах, у спрыяльных і не зусім спрыяльных умовах выдавец мусіць заставацца найлепшым сябрам пісьменніка і падтрымліваць яго.


Як, напрыклад, выдавецтва Charles Scribner's Sons у асобе Максвела Перкінса падтрымлівала і выдавала кнігі нікому не вядомых аўтараў. Менавіта Перкінс бачыў сэнс кнігавыдання ў адкрыцці новых імёнаў, і толькі дзякуючы яму свет даведаўся пра Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, Хэмінгуэя, Рынга Ларднера, Джона П. Маркванда, Эрскіна Колдуэла, Марджары Ролінг, Джэймса Джонса, Маргерыт Ёнг, Томаса Вулфа і шмат каго яшчэ. Заўважу, што ён не патрабаваў ад нікому не вядомых аўтараў грошай за выданне іх кніг. Цяпер пісьменніку, які прыносіць у выдавецтва новы рукапіс, над якім, магчыма, той працаваў гадамі, недаядаў і недасыпаў, проста ў вочы кажуць, што ён павінен заплаціць выдаўцу як мінімум 2000—4000 беларускіх рублёў за сваю ж працу, і кніга выйдзе. Не яму павінны — а ён павінен аплачваць сваю работу... Пісьменнік піша кнігі. І кропка. Кожны займаецца сваёй справай. І калі ты назваўся выдаўцом — дык адпавядай даастатку. Альбо бяры ўсю рызыку па творы на сябе, у тым тваё прызначэнне і заключаецца, альбо адмаўляй, але не ператварай пісьменніка ў рабскага просьбіта і жабрака.

Вяртаючыся да Максвела Перкінса, мушу адзначыць яго тытанічную працу з Томасам Вулфам, які пісаў шмат і да кожнага свайго слова быў прывязаны, як немаўля да маці. А пісаў ён не як усе — на адмыслова набытай паперы, — а на розных шматках, сурвэтках, шпалерах, паштоўках і прыносіў іх у аграмадных драўляных скрынях. Аднак ніхто ў выдавецтве не абураўся паводзінам пісьменніка... Паважаючы яго працу, супрацоўнікі выдавецтва цярпліва прыводзілі рукапіс у належны выгляд.

Сітуацыя з Фолкнерам больш складаная. Першая яго кніга выйшла праз пратэкцыю Шэрвуда Андэрсана і засталася незаўважанай. Тое ж паўтарылася з чатырма наступнымі. Але іх выдавалі і не патрабавалі з яго грошай. Бо ўсё проста: пісьменнік піша — выдавец выдае.

Можна, канечне, запярэчыць і спаслацца на тое, што раней усё было інакш. Не было. Часы заўсёды адны і тыя ж. Нават людзі, нібыта розныя, нічым не адрозніваюцца. Непатрэбны сваёй непатрэбнасцю, дзівак і адначасова герой, беларускі, украінскі, расійскі пісьменнік усё ж мусіць дбаць пра сваё слова сам, бо, нягледзячы ні на што, яно ўсё ж такі неабходна...

Таму Гузель Яхіна (расійская пісьменніца, якая нарадзілася ў Казані, аўтар твора пра раскулачванне 1930-х гадоў), працуючы ў выдавецтве (!) і напісаўшы шыкоўны раман «Зулейха открывает глаза», але не ў стане самастойна прадаць яго, звяртаецца ў літагенцтва, якое, хоць і за грошы пісьменніцы, усё ж дамагаецца друку. А дзякуючы краўдфандынгу выходзяць кнігі Ганны Златкоўскай, Святланы Алексіевіч, Юліі Шаровай, Уладзіміра Садоўскага, Алісы Бізяевай, Вольгі Гапеевай, Георгія Барташа…

Ды ўсё ж гэта не выйсце ні для пісьменніка, ні для выдаўца. Тым больш што далёка не кожны пісьменнік адважыцца звярнуцца па дапамогу дзеля выдання сваёй кнігі падобным чынам. Каму годнасць не дазваляе, хтосьці баіцца абняславіцца перад самім сабой у выпадку няўдачы (бо краўдфандынг не гарантуе стоадсоткавага поспеху па зборы грошай), хто — з якойнебудзь іншай трасцы. Няўдача пісьменніка яшчэ больш прыцісне плітой прыгнечанасці і нават расцісне пад сабой. Аднак выдавец з задавальненнем выдасць кнігу, якая сабрала сродкі на сваё выданне, бо не патраціць асабістых ні капейкі, ды яшчэ, магчыма, і заробіць на ёй. Як зручна. Ці не так?! А кніга, якая не сабрала дастатковай сумы альбо ўвогуле ні каліва, хаця, мажліва, не менш вартая ўвагі, так і застанецца нявыдадзеная. Нічога асабістага. Гэта бізнес. Выдавец лепш за цябе ведае рынак, яму нецікавыя мытарствы тваёй душы...

Лонданскае выдавецтва De Montfort Literature кардынальна перагледзела ўсю сістэму ўзаемаадносін паміж выдаўцом і аўтарам. Яно выплачвае штомесячны заробак пісьменніку ў памеры 24 тысячы фунтаў у год. Прычым аплата гэтая не за нейкі асобны праект, а толькі дзеля таго, каб пісьменнік бесперашкодна пісаў і радаваў сваёй творчасцю чытачоў і свет. Зразумела, што на падобнае фінансаванне можа разлічваць не кожны аўтар, аднак... «Мы гатовыя інвеставаць у абранага пісьменніка на працягу доўгага перыяду. І чакаць вынікаў ад пяці да дзесяці гадоў, калі спатрэбіцца», — заявіў заснавальнік выдавецтва Джонатан Дэ Манфор. На яго думку, рашэнне плаціць заробак пісьменнікам на працягу гэтага тэрміну павысіць эфектыўнасць аўтараў і дапаможа раскрыць свой талент, пазбавіўшы хаця б на час ад трывог за ўласнае фінансавае становішча.

На жаль, для беларускага пісьменніка падобнае немажліва... У нас нават няма літаратурных агентаў і менеджараў па продажах і прасоўванні айчыннай літаратуры.

Такім чынам, прыходзім да высновы: пісьменнік піша кнігі і выдае іх выключна для сябе і больш ні для каго, бо, па вялікім рахунку, яны нікому непатрэбны, акрамя яго самога. Літаратурны працэс, які нібыта існуе, мне бачыцца ілюзіяй. Без павагі да працы пісьменніка і да ўсёй яго творчай дзейнасці цалкам ілюзія не ператворыцца ў рэчаіснасць.

Калі ўсё не так — паспрабуйце мяне аспрэчыць.

Мікола АДАМ

P. S. Паколькі «Пісьменнік — выдавец» — тэма праблемная, рэдакцыя запрашае да дыскусіі. Будзем рады прадставіць да ўвагі чытачоў меркаванні ўсіх бакоў, якія маюць дачыненне да твора на шляху з-пад пісьменніцкага пяра да кніжнай паліцы.

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва".

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.