Вы тут

Бойся спазніцца са словам харошым!


Завяршаюцца першыя дзесяць гадоў без Ніны Мацяш — паэтэсы і перакладчыцы, цікавай суразмоўцы, якая заўсёды магла падтрымаць добрым словам і перад творчасцю і жыццёвым подзвігам якой мы схіляем галовы. Самы час згадаць апошнія дні слаўнай паэткі.


Тымі днямі

У пачатку снежня 2008 года я прыняў рашэнне стаць сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бо лічыў, што для гэтага маю важкія прычыны. Каб гэта не было нечаканасцю для маіх калег, накіраваў ліст Ніне Мацяш, абгрунтваўшы маё рашэнне. У лісце Ніна Язэпаўна прапаноўвала: перш чым я зраблю гэты вырашальны крок, яшчэ раз сустрэцца з ёю і пагаварыць.

Сустрэчы, аднак, не адбылося, бо літаральна праз дзень, як я прачытаў Нінін адказ, яе не стала, і 20 снежня мы з сынам Толем ехалі ў Белаазёрск, каб правесці яе ў апошні шлях. З Мінска прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя: Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, маладзейшыя таварышы па пяры.

Калі труну апускалі ў зямлю, разгулялася завіруха, быццам і надвор’е шкадавала, што скончыўся жыццёвы шлях Ніны Мацяш:

Калі ж прыйшоў расстання час,

З трывогай і надзеяй

Сабрала Ніна разам нас —

Сама ж пайшла ў завею.

У той дзень Васіль Жуковіч расказаў, як 17 снежня ён з калегамі-пісьменнікамі прыязджалі ў Белаазёрск, выступалі ў сярэдняй школе № 1 і гімназіі, дзе дырэктары — Мікола Жуковіч ды Галіна Скарына — Нініны сябры, якім яна прысвяціла не адзін верш. Дадам, што мне выпала сустракацца з Міколам і Галінай у «Літаратурнай гасцёўні» ў Жабінцы, дзе яны хораша і з удзячнасцю гаварылі пра сяброўку — слаўную паэтку з Белаазёрска.

— Пасля мы заехалі на кватэру Ніны Язэпаўны, — расказваў далей Васіль Жуковіч, — каб разам выступіць у Белаазёрскім электрамеханічным каледжы. Ніна прыняла нас цёпла: кожнаму падаравала невялічкую карціну, аздобленую птушыным пер’ем. Была яна, як заўсёды, добразычлівая і радасная, адразу знайшла кантакт з моладзевай аўдыторыяй. Не было аніякіх прыкмет, што ёй блага. Мы вярнуліся ў Мінск, а ўслед — званок, што на Святога Мікалая, гэта значыць 19 снежня, Ніны не стала.

Пазней Міхась Скобла ўспамінаў: «На сустрэчы ў каледжы яна была ў цэнтры ўвагі — чытала вершы і пераклады з нядаўна выдадзенай у Мінску анталогіі “Галасы з-за небакраю”, разам спявалі “Зорку Венеру” і “Калыханку маці”. А тады Кастусь Жмінько з Брэста як бы дапоўніў: позна вечарам 18-га яму пазваніла Ніна Язэпаўна і паскардзілася, што вельмі цісне сэрца і лекі не здымаюць болю».

Мацяш назаўсёды пайшла ад нас, а мы засталіся, каб помніць яе.

Год без Ніны

Увесь наступны год на Берасцейшчыне прайшоў пад знакам памяці слаўнай паэткі.

Помніцца, што 26 студзеня Мікола Пракаповіч у перадачы «Край» хораша расказаў пра Ніну Мацяш, а некалькі дзён пазней члены Брэсцкага аддзялення СПБ сабраліся на свой сход. Мікалай Елінеўскі згадаў, што зараз якраз саракавіны па знакамітай паэтцы з Белаазёрска, а Зінаіда Дудзюк прамовіла:

— Ніна неяк сама цэментавала нас усіх: і тых, і гэтых, а як будзе без яе?..

— Нам не трэба было дзяліцца, а мы — дзелімся! — уздыхнуў старэйшына гурта Іван Жытко. — Спадзяюся, што гэтак будзе не заўжды.

 У думках яго, напэўна, падтрымалі многія, бо ўсе мы працавалі не на сваё аддзяленне, а на літаратуру, дзе групоўкі шкодзяць справе…

Ніна Мацяш была заўжды жаданым госцем на свяце «Лунінская восень». На гэты раз у Лунінецкі раён ехаў яе пляменнік і хросны сын Руслан, бо Ніна Язэпаўна была ўганаравана прэміяй імя Уладзіміра Калесніка за кнігу паэзіі «У прыгаршчах ветру», якая выйшла пасля яе смерці.

 Калі далі слова госцю з Мінска пісьменніку Алесю Карлюкевічу, ён назваў Мацяш паэткай еўрапейскага кшталту, якая не толькі пісала цудоўныя вершы, але й актыўна перакладала з украінскай, польскай, нямецкай і французскай моў; назваў чалавекам-легендай, якую яшчэ ў маладыя гады невылечная хвароба прыкавала да інваліднай каляскі, а яна, нягледзячы на гэта, шмат ездзіла і выступала, даносіла беларускае слова.

23 снежня 2009 года ў Брэсце, у абласной бібліятэцы імя М. Горкага, адзначылі гадавіну смерці Ніны Язэпаўны Мацяш. На вечарыне прысутнічалі не толькі літаратары Брэстчыны, але й госці з Мінска і Валыні. Выступоўцы падкрэслілі неацэнны ўнёсак паэткі ў братнія літаратуры.

Вечарына мела вельмі арыгінальнае завяршэнне. Аказалася, год назад (менш чым за паўмесяца да смерці) Ніна Мацяш сустракалася з польскай журналісткай Наталляй Герасімук, адказвала на пытанні, а ў канцы павіншавала ўсіх з надыходзячым Новым годам. Летась з-за Нінінай смерці тое віншаванне не пайшло ў эфір, а ў той дзень яно было так дарэчы.

Мусіць, не толькі ў мяне было адчуванне, што Ніна Язэпаўна прысутнічала ў зале і размаўляла з чытачамі, як рабіла звычайна: яна ўмела і дапамагала кожнаму, хто да яе звяртаўся. Нездарма ж як дэвіз Мацяш напісала: «Бойся спазніцца са словам харошым!..» І тым заслужыла вечную славу і памяць.

Расціслаў БЕНЗЯРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».