Вы тут

Чабору і донніку пах


У хвіліны, калі хочацца адчуць асалоду ад сапраўднай паэзіі, рука часта цягнецца да кнігі Кастуся Кірэенкі «Вёсны веснаваць». Ёсць у мяне і іншыя зборнікі Кастуся Ціханавіча, але часцей бяру ў рукі гэты. Разумею і тое, што і ў іншых многае можна знайсці для душы. Аднак у іх няма верша «*** Пагнаў у трубку жыта цёплы дождж…». Ён жа і змешчаны ў «Вёснах веснаваць»:


Пагнаў у трубку жыта

цёплы дождж.

А сонца выйшла,

і зямля — як дымная.

Нібыта ўжо

гарачы бохан

рэжа нож.

У промнях кроплі —

б’юць, як метраном;

Руку паклаўшы

на сцяблінкі чыстыя,

Нібы дзіця сваё

яшчэ ў калысачцы,

І мацае,

і песціць аграном.

Хусцінку вецер

скідвае з плячэй.

А жыта —

бы ў паклоне ёй

схіляецца.

І ўсмешкай яснай

шчокі заліваюцца.

І вусны шэпчуць:

— Ты ж расці хутчэй!..

Усё блізкае, знаёмае. Навізна ж у самім светаўспрыманні паэта. У ягоным уменні праз вобразы, хай сабе знешне і не такія кідкія, сказаць шмат. А праўдзіва перадаўшы настрой лірычнага героя ў момант, калі жыта толькі нараджаецца, адначасова выказаць і тое, што ў гэты час апаноўвае ці не кожнага, каго па-сапраўднаму радуе зямная прыгажосць і, не пабаімся гэта слова, мудрасць у яе пастаяннай першаснасці і ў гэтакім жа няспынным абнаўленні.

Такім шчырым, цёплым гэты верш у К. Кірэенкі атрымаўся і па іншай прычыне. Адказ трэба шукаць у наступных радках:

Зімою сцюжнай я прыйшоў у свет.

Ці не таму заўсёды цеплыні жадаю,

Ці не таму заўсёды цеплынёю шчасны,

Ці не таму заўсёды цеплыню люблю.

Гэтую цеплыню пранёс ён праз усё жыццё. У дачыненні да маці і жонкі, да сваіх дзяцей... Да ўсіх, з кім сябраваў і каму давяраў. І, канешне, да любай Беларусі. Гэтая любоў і цеплыня да яе асабліва праявілася ў «рыбацкай паэме» (сам так вызначыў жанр свайго твора, хоць і напісаны ён прозай) «Вандроўнае шчасце». А магла б называцца і інакш — «Цяпло Бацькаўшчыны». Тут — «сказ пра сходжаныя і нясходжаныя рыбацкія дарогі, пра рыбацкія вандроўкі і рыбацкія прыгоды». У «рыбацкай паэме» — прызнанне ў любові да зямлі, што дала жыццё. Пісалася для дарослых, але і для дзяцей таксама: што ні старонка — то свет дзівосны і па-сапраўднаму паэтычны. Дый шмат пазнавальнасці. Пра многія рэкі расказвае К. Кірэенка. Вялікія і малыя — яны свайго роду героі твора. Свіслач, Балачанка, Бярэзіна, Дзвінаса і самая маленькая рачулка, што не заўсёды і назву мае, прыцягваюць увагу аўтара. А яшчэ — назвы дзясяткаў рыб.

У гэтым, безумоўна, праявілася даўняе захапленне Кастуся Ціханавіча: ён быў заўзятым рыбаком, а вытокі гэтага захаплення — у месцы яго з’яўлення на свет. Нарадзіўся К. Кірэенка 12 снежня 1918 года ў вёсцы Гайшын цяперашняга Слаўгарадскага раёна, дзе рака Сож не толькі калыхала-люляла ягоныя мары, але і выклікала жаданне адчуць сваё рыбацкае шчасце.

Пра сувязь К. Кірэенкі з роднай прыродай вельмі хораша сказаў у свой час наш слынны крытык і найперш цудоўны знаўца паэзіі Уладзімір Гніламёдаў: «У яго кнігах чутны трывожны шум лесу і зімовыя завеі, паэт прагна ўслухоўваецца і ўглядаецца ў жыццё прыроды, звяроў, птушак. Унутраная патрэба “пакланіцца прыродзе” заўсёды жыла ў яго душы... У яго вершах прырода поўная таямнічасці».

Як і яго сябры па Гомельскім педагагічным інстытуце Мікола Сурначоў і Паўлюк Прануза, ён уваходзіў у паэзію ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Ягоныя першыя надрукаваныя вершы датуюцца 1939 годам і напісаны ў рэчышчы фальклорных традыцый. Гэта відаць і па адным з ранніх вершаў «Ранак ідзе». Напісаны ў 1941 годзе (значна пазней, ужо ў 1945 годзе ён дасць яго назву першай кнізе).

А наперадзе была Вялікая Айчынная вайна. Ваенны стралок танка, карэспандэнт армейскай газеты на Заходнім і 2-м Беларускім франтах...

Каля пажараў прыкурвалі,

У касках варылі гарбату.

Спявалі з вачмі пахмурнымі

Аб нівах сваіх і хатах..

Зайздросцілі ўсім параненым,

Жадалі ім радасці ўсякай.

А потым па росах ранішніх

Адважна хадзілі ў атаку.

У гэты суровы час нарадзілася ў Кастуся Ціханавіча і задума драматычнай паэмы «Помста». Праўда, ажыццявілася яна ледзь не праз сорак гадоў. Калі ўжо выйшлі кнігі «Ранак ідзе», «Пасля навальніцы», «Мая рэспубліка»... Паступова — у пачатку і асабліва другой палове пяцідзясятых гадоў — лірыка К. Кірэенкі станавілася больш даверліва-адкрытай, пранікнёна-шчырай, набываючы тыя рысы, якія пазней у такіх яго кнігах, як «Слухайце ластавак», «Сіні вырай», «Надзея» і іншых, сталі вызначальныя.

Наступіла сапраўднае суладдзе паміж творамі адкрыта публіцыстычнымі і вершамі з ярка выражаным пачуццёвым пачаткам. Кнігі «Вернасць», «Смага» (прысуджана літаратурная прэмія імя Янкі Купалы), «Цёплая радуга» — прыступкі сталасці. «Пацяпленне» ў творчасці завяршылася ў «Кнізе ста песень», адзначанай Дзяржаўнай прэміяй.

Кастусь Кірэенка быў упэўнены, што «вёсны веснаваць» — гэта значыць, не растрачваючы набыткаў і духоўнага запасу пражытых гадоў, па-ранейшаму заставацца маладым. Сапраўды, паэзія яго пасля «Кнігі ста песень» значна памаладзела, але гэта было не жаданне падлагодзіцца пад новае пакаленне. У ягонай творчасці настаў такі перыяд, калі сама душа прагнула амаладжэння. Відаць, не апошнюю ролю тут адыграла тое, што паэт, перанёсшы цяжкую хваробу, па сутнасці, нанова вярнуўся да жыцця.

Выдаўшы аповесць для дзяцей «Сум і радасць дзеда Рэпкі», напісаўшы «дарослую» кнігу апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» і зборнік для малодшых школьнікаў «Алесева кніжка», ён і ўзяўся за сваю «рыбацкую паэму».

Кастусь Кірэенка умеў радавацца жыццю і здзіўляцца яму. Ён любіў людзей, але ненавідзеў хцівасць, падман, спекулятыўнасць. I ў гэтай сваёй нянавісці, бескампраміснасці часта выглядаў крыху як бы жорсткім, нейкім халодным. Ды гэта было толькі знешняе праяўленне неспакойнага, неўтаймаванага характару. На першы план заўсёды выступала любоў да роднай зямлі, людзей. Адзін з вершаў так і называецца — «Якія прыгожыя людзі».

Час жа ішоў няспынна, размотваючы не толькі віткі дарог, але і гадоў. Набліжалася семдзесят... На ягоным пісьмовым стале ляжалі старонкі кнігі ўспамінаў пра сяброў-пісьменнікаў... Пісаліся новыя раздзелы «Вандроўнага шчасця»... I вершы — маладыя, бадзёрыя, аптымістычныя, напісаныя чалавекалюбам і выдатным паэтам.

Летась Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў яго кнігу твораў — вершы, паэмы, апавяданні, любоўна ўкладзеную ягонай дачкой Аленай Шафарэнкай. Ладны том называецца проста — «Выбранае». Пад адной вокладкай сабраны найбольш значныя, яркія творы, хай сабе некаторыя і ва ўрыўках.

Дзякуючы гэтаму лірычны герой паўстае як бы ў развіцці. Раней недагаворанае, спалучыўшыся з тым, што прамоўлена, струнамі сваімі стварае адну цэласную мелодыю — мелодыю жыцця нашага сучасніка, які на скразных вятрах эпохі не страціў чалавечнасці, дабрыні, улюбёнасці ў свет і людзей.

Мне вельмі падабаецца верш Кастуся Ціханавіча «Вечар», напісаны ў 1981 годзе.

Дождж сціх, і запахла чаборам і доннікам.

Вяслуе ў задуме над рэчкай заход.

Далёкая песня…

Як мроя…

Пра конніка,

Што тут вось калісь ад’язджаў у паход.

Гукае дзяўчына зажурана:

— Косю…

З рукі абяцае вадой напаіць…

І голас…

Знаёмы?..

Ці толькі здалося,

Што ў памяці ён з дзён юнацтва стаіць?..

Нягучнае, думнае, добрае рэха

Нясе над залужжам нястоены жаль…

Вярнуцца заве…

Хоць з тых дзён, як паехаў Юнак, —

Прамінула паўвека амаль.

Так соладка пахне ад берага доннікам,

І вечар праз хвілю ўжо вочы самкне.

А песня не ціхне…

З тугою пра конніка…

Каго яна кліча?..

Няхай бы мяне…

Чытаю яшчэ адзін з вершаў Кастуся Ціханавіча і быццам чую ягоны голас, услухоўваюся ў ягоную споведзь:

Я захварэў на пах лясных сутонняў —

З дымком слязы смалістай на карчах.

І гэтак, мусіць,

нават і пры сконе

 Зазіхаціць, засвеціцца ў вачах...

Пах лясных сутонняў — гэта і пах самога жыцця. Дый, калі можна так сказаць, пах сапраўднай паэзіі. Той паэзіі, дыханнем якой і напоўнены лепшыя творы К. Кірэенкі. У паэме «Трыпутнік» ён засяродзіўся і на тым, што ўспрымае характэрным для сябе, у чым бачыць дамінанту сваёй творчасці. Паколькі ў творы прамаўляецца ад аўтарскага «я», няма ніякага сумнення, што лірычнага героя трэба атаясамліваць з самім паэтам. У вусны яго ўкладзена тое, што дазваляе адчуць яго яркую творчую індывідуальнасць:

Мой любы свет… Хоць ён суровы,

Ды — мой!.. Яго на мне пячаць…

Свет гэты суровы, давялося ў жыцці прайсці і праз многія нягоды. Але не ачарсцвеў ад іх, не растраціў душэўнай цеплыні, не расчараваўся ў людзях, у тым, што свет гэты — цудоўны і непаўторны, — таксама. Таму і трэба берагчы яго, адчуваючы адказнасць за ўсё, што адбываецца. Гэтая далучанасць, гэты клопат нярэдка болем адгукаліся ў сэрцы. Лішнім болем, бо на ім і так ужо былі рубцы ад інфаркту. Толькі інакш ён жыць не мог, дый не хацеў. Сімптаматычны ў гэтым сэнсе верш:

Пагасла зорка дзесь над полем.

Пасля яшчэ вунь і яшчэ…

Што мне да іх?.. А нейкім болем

Раптоўна сэрца апячэ.

Як быццам зараз нешта страціў,

Кагосьці болей не вярнуць.

І ўспомніш фронт, балоты, гаці,

І згадкі памяць разануць.

І нешта стане ў горле комам,

І здасца раптам: сам гарыш…

А зоркі падаюць са звонам,

І звон такі, што не сасніш…

Кніга «Вёсны веснаваць» дарагая яшчэ і таму, што яна з аўтографам аўтара. Ёсць у мяне і іншыя кніжкі Кастуся Ціханавіча, але надпіс на ёй кранае асабліва. Ён не датаваны. Ды зроблены адразу пасля выхаду яе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Блізу сарака гадоў таму. У 1979-м: «Дарагому сябру Алесю Марціновічу з сардэчнай прыхільнасцю і пажаданнем вялікага добрага шчасця. Кастусь Кірэенка». Разумею, што сябрам я названы як бы авансам. Усё ж у нас была вялікая розніца ва ўзросце. Дый працаваў К. Кірэенка галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

З ім заўсёды было прыемна пагаварыць. На жаль, пра многае не дагаварылі, бо пайшоў з жыцця гэты цудоўны чалавек і паэт. Смерць забрала яго раптоўна 15 верасня 1988 года.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!