Вы тут

У беспрацоўя — мужчынскі твар


На канец лістапада доля жанчын сярод беспрацоўных склала 37,5 %. Сёння па дапамогу ў цэнтры занятасці больш звяртаюцца мужчыны.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— З 2016 года дзейнічае дзяржаўная праграма па сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва, прынятая на пяць гадоў, — адзначыў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун. — У ёй прадугледжаны праграмы, скіраваныя на забеспячэнне занятасці жанчын. Сярод іх — прафарыентацыйныя мерапрыемствы і прафесійнае навучанне.

Службы занятасці навучаюць жанчын больш як па ста прафесіях, з іх 20 % — інтэграваныя (засвойванне дзвюх-трох спецыяльнасцяў адначасова). Жанчыны, якія даглядаюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў, маюць такое ж права на адукацыю, як і беспрацоўныя. З іх ужо больш за 80 атрымалі новую спецыяльнасць.

Самазанятасць стымулююць шляхам выдзялення субсідый. За дзевяць месяцаў іх атрымала 561 жанчына: 461 арганізавала ІП, 97 займаюцца рамесніцкай дзейнасцю, тры — занятыя ў сферы агратурызму. 366 жанчын прайшлі папярэдняе навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці.

Акрамя міністэрства, занятасцю жанчын займаецца і ПРААН. Аднак не мэтанакіравана, а ў межах агульных праектаў: галоўная задача арганізацыі — забеспячэнне гендарнай роўнасці.

— Пры падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі мы пачалі даследчую ініцыятыву, якая скіравана на вывучэнне новых падыходаў у павышэнні жаночай занятасці і развіцці жаночага прадпрымальніцтва, — расказаў каардынатар праектаў ПРААН у Беларусі Кірыл Сцежкін. — На аснове даследаванняў брытанскай кампаніі, якая займаецца аналізам паводзін, вынаходзім дробныя праблемы, стэрэатыпы, якія перашкаджаюць у прафесіі. Так, па іх даных, жанчыны радзей займаюцца бізнесам, таму што менш схільныя рызыкаваць. Ім складаней уладкавацца на работу, бо пры праглядзе вакансій хочуць дакладна адпавядаць усім патрабаванням наймальніка.

Існуе і праблема, калі пры роўных умовах у мужчын больш шанцаў атрымаць крэдыт, чым у жанчын. А таксама ўсё яшчэ захоўваецца разрыў у заработнай плаце паміж імі. Гэтымі пытаннямі праз аналіз паводзін і збіраецца заняцца арганізацыя ў найбліжэйшыя гады.

У сферы занятасці і самазанятасці ў малых гарадах пачаў ажыццяўляцца сумесны праект ПРААН з Міністэрствам эканомікі пры падтрымцы Расіі. У яго рамках вядзецца работа з прадпрымальніцкімі ініцыятывамі ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Адметна, што нядаўна ПРААН і Міністэрства эканомікі падпісалі праектны дакумент «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Праграмай развіцця ААН, бюджэт складае каля 10 мільёнаў долараў. Адной з задач дадзенага праекта з'яўляецца стымуляванне жанчын займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.