Вы тут

Новыя сметніцы з'явяцца на кожным беларускім падвор'і


Раз на тыдзень узімку, летам — тройчы. Прыкладна такі расклад руху смеццявозаў мяркуецца пачаць наладжваць налета ва ўсіх беларускіх населеных пунктах без выключэння. Збіраць свае адходы жыхары індывідуальных дамоў цяпер будуць не ў пакеты, а ў два 120-літровыя пластыкавыя кантэйнеры: для камунальнага смецця і другасных рэсурсаў.


Такія новаўвядзенні прадугледжаны Перспектыўнай схемай абыходжання з камунальнымі адходамі, якая вось-вось атрымае юрыдычную сілу. Пра жаданне апрабаваць новы спосаб збору смецця на вёсцы і ў сядзібнай забудове гарадоў ужо заявілі камунальныя службы некалькіх рэгіёнаў: Астравецкая ЖКГ, гомельскі «Спецкамунтранс», ЖКГ Гродзенскага раёна, Баранавіцкая гарадская ЖКГ і «Аршанская спецаўтабаза». Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў запланаваў набыццё кантэйнераў і смеццявозаў для іх абслугоўвання для Астравецкага раёна і гарадскога пасёлка Копысь, што на Аршаншчыне.

— Сёлета на выкананне дзяржпраграмы па абыходжанні з адходамі, укараненне новых тэхналогій іх збору і выкарыстання ў якасці другаснай сыравіны, будаўніцтва заводаў і вытворчасцяў па сартаванні і выкарыстанні камунальных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) выдзелена звыш 60 мільёнаў рублёў, — расказала Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Гэтая сума разлічана таксама на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый, якія збіраюць і выкарыстоўваюць другасныя рэсурсы. Забеспячэнне кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця сектара індывідуальнай забудовы — гэта адзін з новых падыходаў да збору адходаў у невялікіх гарадах і на вёсцы.

Падлічыць, колькі ўсяго спатрэбіцца грошай на закупку кантэйнераў і смеццявозаў, не бяруцца пакуль ні Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, ні Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. Адзінае, што вядома дакладна: кожная новая 120-літровая сметніца для падворкаў сёння абыходзіцца ў 57 рублёў, а людзі атрымаюць іх бясплатна. Кантэйнеры будуць пластыкавымі, з накрыўкай і на калёсах. Чорны — для змешаных камунальных адходаў, каляровы — для другаснай сыравіны. У апошні трэба класці шкло, паперу, пластык, цэлафан і ўсё, што вартае перапрацоўкі. Такі змешаны, але асобны збор усё роўна значна палягчае далейшае сартаванне і павышае працэнт вымання карысных адходаў з агульнага складу камунальнага смецця.

Акрамя таго, пяройдуць на выкарыстанне смеццявозаў з задняй загрузкай адходаў. Гэта ўніфікуе закупкі, а таксама рамонт і абслугоўванне транспарту. Плюс лягчэй будзе пад'ехаць да сметнікаў. Кантэйнеры, як мяркуюць спецыялісты, людзі будуць трымаць на падворку, а ў дні прыезду смеццявоза выкочваць іх на вуліцу.

Запланаваны крок у ЖКГ разглядаюць перш за ўсё з экалагічнага і сацыяльнага бакоў. Эканамічныя складнікі адыходзяць на другі план. Нават калі ў вёсцы жыве адзін чалавек, па яго смецце будуць прыязджаць, а павышаць аплату за вываз падчас рэалізацыі новай схемы не збіраюцца, расказалі ў міністэрстве.

— Удасканальванне парадку збору і выдалення камунальных адходаў павінна прадухіліць забруджванне смеццем асяроддзя і зрабіць раздзельны збор ДМР даступным для кожнага чалавека, дзе б ён ні жыў. Неабходна забяспечваць збор усіх відаў камунальнага смецця, уключаючы адходы жыццядзейнасці насельніцтва. Гэта і рэшткі ежы, і смецце з двара, абрэзкі дрэў, зелле з агарода, буйнагабарытнае смецце, электратэхніка, не павінна быць выключэнняў, — мяркуе Алег ГРУЗІНАЎ, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства ЖКГ. — Да таго ж гэта наступная прыступка ў развіцці менталітэту нашых грамадзян у разуменні сваёй адказнасці за тое, што мы пакінем пасля сябе. Гэта прызвычайванне да думкі, што сартаванне смецця, недапушчэнне выкідвання яго ў лесе, паабапал дарог, каля вёсак — задача кожнага чалавека.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Адходы з хаты, двара і агарода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?