Вы тут

У вёсцы Копішча Бараўлянскага сельсавета адкрыўся новы дзіцячы сад


У вёсцы Копішча Бараўлянскага сельсавета адкрыўся новы дзіцячы сад № 3 на 150 месцаў.


Забудоўшчыкі назвалі садок «Космас». І гэтая назва цалкам адпавядае сутнасці, унутранаму і знешняму афармленню. Фасад будынка нагадвае фюзеляж і ў цёмны час сутак пераліваецца ўсімі колерамі. Каля ўвахода ўстаноўлена ракета, у памяшканні абсталяваныя скаладром і зорнае неба на столі. Візітнай карткай установы стала мадэль Сонечнай сістэмы, упрыгожаная аўтографамі і пажаданнямі касманаўтаў. А восем груп, створаных тут, атрымаюць назвы планет. На вуліцы маецца гульнявая пляцоўка з усімі неабходнымі прыстасаваннямі: арэлямі, горкамі-самалётамі, горкамі-ракетамі. Побач — добраўпарадкаваная зялёная зона.

Падчас урачыстага адкрыцця начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч падкрэсліла значнасць гэтай падзеі не толькі для Мінскага раёна, але і ў цэлым для сталічнай вобласці. «Сумеснымі намаганнямі мы зрабілі такі падарунак дзецям. Кожнае дзіця для нас — зорка, і мы робім усё для таго, каб нашы зоркі свяцілі ярчэй!» — падкрэсліла яна.

Ва ўстанове ёсць таксама музычная, спартыўная залы, аформленыя ў касмічнай тэматыцы. Неардынарнасць дызайну адзначалі і бацькі малых. На іх думку, незвычайнае афармленне не толькі нясе сэнсавую нагрузку, але і паўплывае на эстэтычнае развіццё дзяцей. І хто ведае, магчыма, хтосьці з іх у будучыні звяжа сваё жыццё з касмічнымі тэхналогіямі.

Жанна Варабей, старшыня Бараўлянскага сельвыканкама:

— Сімвалічна, што адкрыццё дзіцячага садка супала з пачаткам рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» і дазволіла часткова вырашыць праблему з месцамі ў дашкольных установах.

Акрамя гэтай дашкольнай установы ў мікрараёне Новая Баравая ўведзены ў дзеянне яшчэ два дзіцячыя сады — у 2017 і 2018 гадах. Усе яны з'явіліся ў выніку прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Іх пабудавала група кампаній «А-100 «Дэвелапмент» і перадала на баланс упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. У Новай Баравой пачалося таксама будаўніцтва школы на 1020 месцаў. Плануецца ўвесці яе ў эксплуатацыю ў 2020 годзе. У Бараўлянах на вуліцы Жамчужнай запланавана ўзвядзенне вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад-сярэдняя школа» адпаведна на 240 і 1020 месцаў. Тут жа на вуліцы 40 год Перамогі пачалося будаўніцтва дашкольнай установы на 230 месцаў. Плануецца яе здаць у 2019-м.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Маленькія зоркі ў «Космасе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».