Вы тут

Што неабходна для далейшага развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі?


Што неабходна для далейшага развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі і стварэння асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў?

Аб гэтым ішла грунтоўная размова ў Савеце Рэспублікі, дзе на мінулым тыдні прайшоў тэматычны семінар з удзелам еўрапейскіх экспертаў. Усе прысутныя змаглі азнаёміцца з перадавым вопытам зараджэння і развіцця нацыянальных асацыяцый у шэрагу краін Еўропы, існуючымі мадэлямі рэгіянальных інстытуцый у Беларусі і прыкладамі вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў рамках рэалізацыі мясцовых ініцыятыў.


У сённяшняй тэме нумара мы падрабязна раскажам аб усім, што выклікала цікавасць ва ўдзельнікаў семінара, а таксама пазнаёмім з удалымі прыкладамі работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на месцах.

Мадэратарам выступаў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Аляксандр ПАПКОЎ, які адзначыў, што ў пэўнай ступені семінар дапаможа вырашыць цэлы шэраг пытанняў у кірунках арганізацыі мясцовага самакіравання.

— У адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб мясцовым самакіраванні», пытанні жыццезабеспячэння на месцах ускладзены на мясцовыя ўлады. Мясцовыя Саветы дэпутатаў разглядаюць план сацыяльна-эканамічнага развіцця на пэўны перыяд, фарміруюць бюджэт, кантралююць выкананне гэтых дакументаў, і, натуральна, яны лепей ведаюць, што трэба рабіць на месцах, каб пытанні, якія хвалююць людзей, былі вырашаны, — адзначыў ён і звярнуў увагу на існуючую практыку работы, калі прыняцця дакументаў мясцовага значэння чакаюць ад цэнтральных уладаў. Маўляў, пасля гэтага пытанні самі па сабе здымуцца. Так не бывае, упэўнены Аляксандр Папкоў, таму нацэліў прысутных на аснове вопыту, назапашанага ў Беларусі, краінах постсавецкага блока, дзяржавах, якія ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, пачынаць дасканала вывучаць тэму. У тым ліку і на тэму стварэння Асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў.

— Мы хочам паглядзець на практыку іншых краін у гэтым кірунку, пасля чаго падрыхтуем своеасаблівую дарожную карту, па якой і будзем працаваць з улікам нацыянальных інтарэсаў, — адзначыў ён.

Мясцовы бюджэт ці інтарэсы завода?

Пра тое, як уладкавана цяперашняе самакіраванне ў Еўропе, аб сітуацыі і тэндэнцыях расказалі эксперты з ЕС.

У прыватнасці, дырэктар Дэпартамента па дэмакратычным кіраванні Савета Еўропы Дэніэль ПАПЕСКУ адзначыў, што дэмакратыя на месцах — гэта еўрапейская каштоўнасць.

— Даследаванні паказваюць, што дэцэнтралізацыя — гэта адзін са спосабаў эканамічнага росту для рэгіёнаў. Еўропа ў асноўным прайшла праз дэцэнтралізацыю параўнальна нядаўна — прыкладна паўстагоддзя таму. Ды і сам па сабе гэта працэс няхуткі, ён расцягваецца нават не на дзесяць гадоў, бо ўключае не толькі перадачу кампетэнцый, але і нагляд за выкананнем заканадаўства.

Спікер адзначыў чатыры тыпы рэформаў, праз якія прайшлі краіны Еўропы на шляху да цяперашняга мясцовага самакіравання. Першая з іх — адміністрацыйна-тэрытарыяльная. Напрыклад, у Францыі і Італіі змяняліся межы і колькасць рэгіёнаў і, адпаведна, органаў улады. Другая рэформа датычыцца мясцовага фінансавання. Пасля крызісу 2008 года яна пераглядалася, паколькі нават у багатай Нарвегіі некаторыя муніцыпалітэты збанкрутавалі. Але пасля пачаўся эканамічны рост. Трэцяя закранае эфектыўнасць мясцовых органаў улады і ўзнімае на грэбень хвалі кадравыя пытанні. А чацвёртая з іх — абагульняльная, азначае стварэнне Асацыяцыі органаў мясцовага самакіравання. Гэта дабравольныя недзяржаўныя аб'яднанні, якія валодаюць правамі юрыдычнай асобы і вядуць перагаворы з парламентам і ўрадам па пытаннях, якія непасрэдна закранаюць інтарэсы рэгіёнаў.

Магутныя асацыяцыі створаны на Балканах. Намеснік кіраўніка дэлегацыі Сербіі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Саша ПАУНАВІЧ расказаў на ўласным прыкладзе, наколькі гэта спрыяльна для мясцовых бюджэтаў.

— У горадзе, дзе я быў мэрам, працуе вельмі буйны цэментны завод. Ён плаціў падаткі ў наступнай прапорцыі: 80 % пералічвалася ў мясцовы бюджэт, рэшта ішла ў агульнадзяржаўны. Кіраўніцтва завода па сваіх меркаваннях пралабіравала змяненне падатковых адлічэнняў. Атрымлівалася б так, што ў мясцовы бюджэт паступала б на 90 % падаткаў меней, чым раней. Мы з гэтым былі нязгодныя і змагаліся дзесяць гадоў на самых высокіх узроўнях. Пасля гарачых дыскусій было прынята рашэнне пакінуць статус-кво.

Як працуе сістэма народнага кантролю?

Дацкім досведам падзяліўся дырэктар Асацыяцыі органаў мясцовага самакіравання гэтай краіны Холгер ПІНТХ. Невялікая краіна, заціснутая паміж Балтыйскім і Паўночным марамі, вядзе адлік гэтай практыкі яшчэ з 60-х гадоў ХІХ стагоддзя:

— У Даніі 50 % падаткаў ідзе ў бюджэты муніцыпалітэтаў. І гэта павялічвае адказнасць перад мясцовымі жыхарамі, паколькі яны пералічваюць грошы ў якасці падаткаў і цалкам законна патрабуюць, каб за гэтыя грошы было створана асяроддзе з адпаведнымі ўмовамі — належны стан дарог, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, грамадскага транспарту і іншае. Акрамя таго, у нас працуе сістэма народнага кантролю. Напрыклад, нейкі муніцыпалітэт працуе дрэнна. У такім разе кожны грамадзянін можа на яго паскардзіцца ў Асацыяцыю, і калі інфармацыя пацвердзіцца, мы прымем захады супраць нядбайных кіраўнікоў. Да таго ж, калі прымаецца новы законапраект, то абавязкова вядуцца перагаворы паміж нашай Асацыяцыяй і зацікаўленымі міністэрствамі. Калі ж паглядзець на агульны аб'ём сродкаў, якімі валодае муніцыпалітэт, то атрымліваецца, што яны складаюцца на 75 % з падаткаў, а яшчэ чвэрць даплачвае цэнтральны ўрад у выглядзе трансфертаў.

Кансерватыўнымі традыцыямі славіцца Вялікабрытанія. Пра рэалізацыю прынцыпаў мясцовага самакіравання ў Туманным Альбіёне расказваў эксперт Савета Еўропы Джон ДЖЭКСАН.

— Дваццаць гадоў таму Асацыяцыя працавала над шэрагам рэформаў. Мы атрымалі мандат на гэта ад урада, таму што некаторыя галіны эканомікі і сацыяльнай сферы працавалі неэфектыўна. Асабіста я адказваў за стасункі з парламентам Брытаніі. Нашы прапановы былі ўлічаны, іх пасля абмеркавалі на ўсіх узроўнях — і, як бачыце, у Брытаніі доўгі час захоўваецца эканамічны рост.

Адкуль слабая зацікаўленасць

Тэме павышэння эфектыўнасці работы органаў мясцовага самакіравання, перспектывах стварэння і дзейнасці асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў у Беларусі была прысвечана другая частка семінара.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, член Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Галіна ФІЛІПОВІЧ сцвярджае, што мясцовае самакіраванне на месцах развіваецца, але гэтаму перашкаджаюць стрымальныя фактары.

— Час прадыктаваў неабходнасць зменаў у Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», — сцвярджае яна. — У Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню стала больш кампетэнцыі. Парадак дня першых сумесных рэгіянальных сходаў больш сыходзіў з сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведных рэгіёнаў. Пры гэтым яны могуць стаць добрай пляцоўкай для грамадскага абмеркавання рашэнняў сесій Саветаў дэпутатаў, рашэнняў выканкамаў, якія закранаюць інтарэсы большасці грамадзян.
А яшчэ — аналізаваць звароты людзей і прымаць меры для таго, каб падстаў для скаргаў станавілася менш.

Але, на думку парламентарыя, гэтую справу стрымліваюць пэўныя фактары. Яны паказваюць на тое, што сістэма дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання пакуль яшчэ ў большай ступені арыентавана на цэнтралізаваныя метады.

— Напрыклад, у кампетэнцыі Саветаў усіх узроўняў уваходзіць зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведных тэрытарыяльных адзінак. На практыцы больш актуальнае зацвярджэнне рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў, якія забяспечваюць рэалізацыю дзяржаўных праграм за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Мясцовыя Саветы зацвярджаюць бюджэты, але не маюць дастатковай самастойнасці ў размеркаванні нават дадаткова атрыманых даходаў у бюджэт. Як следства — слабая зацікаўленасць у пошуку іншых крыніц фінансавання.

Зараз у краіне сфармавана дастаткова моцная вертыкаль выканаўчай улады, калі права ўнясення рэгіянальных пытанняў на абмеркаванне маюць выканаўчыя камітэты. І рашэнне прымаецца, зыходзячы з іх паўнамоцтваў. Атрымліваецца, што дэпутаты мясцовых Саветаў выконваюць тут пасіўную ролю, што таксама нядобра.

Газонакасілка ў падарунак

З тым, чым сёння жыве адна з дзвюх існуючых у краіне асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў — Гродзенская абласная, пазнаёміў яе старшыня Анатоль НІКІЦІН.

— У лістападзе 2015 года быў зацверджаны статут Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, куды ўвайшлі абласны, гарадскі, 11 раённых Саветаў і 38 сельскіх Саветаў. Па колькасным складзе — 425 дэпутатаў. Кіраўніцтва дзейнасцю асацыяцыі ажыццяўляе праўленне, членамі якога з'яўляюцца сем Саветаў дэпутатаў (абласны, гарадскі і пяць раённых), — паведаміў ён.

Галоўным прадметам дзейнасці асацыяцыі з'яўляецца актыўнае садзейнічанне станаўленню і развіццю мясцовага самакіравання. Калі больш дэталёва, то тут працуюць па многіх кірунках: ад правядзення вучобы і абмену вопытам да міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы мясцовага кіравання і самакіравання і праектнай дзейнасці.

Цікавым кірункам дзейнасці з'яўляецца арганізацыі і правядзенне конкурсаў. Штогод тут вызначаюць найлепшага старасту вёскі найлепшыя КТГС і сельскі Савет. Напрыклад, летась у конкурсе ўдзельнічалі 38 сельсаветаў, 54 старасты, 22 КТГСа Гродзеншчыны — членаў Асацыяцыі. У якасці прыза прадугледзелі неабходную ў рабоце рэч: паколькі большасць сельскіх саветаў наракалі на недахоп сродкаў на арганізацыю пакосу травы — вырашылі падарыць газонакасілкі.

Ці патрэбна нам Асацыяцыя?

Праблемныя аспекты арганізацыі дзейнасці асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў у Беларусі агучыў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар ЧАЙЧЫЦ.

Ён прааналізаваў меркаванні вялікай колькасці дэпутатаў, з якімі пагутарыў напярэдадні семінара, і агучыў іх:

— Асноўным у арганізацыі дзейнасці Асацыяцый мясцовых Саветаў з'яўляецца пытанне: а ці трэба яны нам? Асобныя, далёка не горшыя дэпутаты выказваюць пункт гледжання, што дзеючае заканадаўства дазваляе арганізаваць работу мясцовага самакіравання на належным узроўні, і ў нашым заканадаўстве ёсць элементы асацыяцыі, — адзначае Віктар Чайчыц. — У гэтым выпадку спрацоўвае прымаўка пра тое, хто нацэлены на вынік, хоча, можа і ўмее працаваць — той шукае варыянты і шляхі выйсця. А хто працаваць не жадае — прычыны і адгаворкі.

На яго думку, гэта можна аднесці не толькі да дэпутатаў, але і да асобных грамадзян, якія вядуць сябе па-спажывецку:

— Органы мясцовага самакіравання выказваюць заклапочанасць, ці не спарадзілі мы дух утрыманства і звычку жыць па інструкцый і ўказаннях зверху? На жаль, часта адзначаецца пазіцыя людзей: «вы нам нешта павінны», а не «давайце што-небудзь зробім разам». І вядома, узнікае пытанне: дзе ўзяць сродкі, знайсці кадры, каб уладкаваць годнае жыццё для грамадзян канкрэтнай тэрыторыі?

Пры зносінах з дэпутатамі Віктар Чайчыц пераканаўся: далёка не ўсе бачаць плюсы ў стварэнні і дзейнасці асацыяцыі і ўяўляюць, як з яе дапамогай можна вырашаць праблемныя пытанні ў дзейнасці органаў мясцовага самакіравання.

Прываблівае прынцып добраахвотнасці

Дзеля справядлівасці ён адзначыў, што да стварэння асацыяцый большасць дэпутатаў адносіцца станоўча. І нават тыя, хто добра і паспяхова працуюць, разумеюць: з дапамогай гэтай структуры можна будзе працаваць яшчэ лепш. Прываблівае перш за ўсё прынцып добраахвотнасці і магчымасць прыцягваць сродкі, а таксама тое. Што так прасцей арганізоўваць людзей на добрыя справы.

— Акрамя таго дэпутаты, якія выступаюць у падтрымку стварэння асацыяцыі, мяркуюць, што з ёй будуць больш лічыцца рэспубліканскія дзяржаўныя органы і не ўзнікнуць сітуацыі, калі на высокім дзяржаўным узроўні прымаецца рашэнне аб будаўніцтве завода або культурна-масавай установы без уліку меркавання людзей і як вынік — пратэсты ад мясцовага насельніцтва, — падкрэсліў ён.

Яшчэ адным «за» прыстварэнні асацыяцый, па словах Віктара Чайчыца, апытаныя ім дэпутаты лічаць магчымасць карыстацца юрыдычным суправаджэннем.

— На жаль, часам (у тым ліку і на мясцовым узроўні) дэпутаты лічаць, што можна нешта хутка стварыць у інтарэсах людзей. Наколькі гэта законна — задумваюцца не заўсёды, — звярнуў ён увагу. І ў якасці прыкладу прывёў арганізацыю работ па ўладкаванні спартыўнай пляцоўкі для дзяцей па ініцыятыве дэпутата. Усё зрабілі добра, але не прадумалі, як яна будзе працаваць? Ці не нясе яна пагрозу для дзяцей? На думку сенатара важна, каб пры дапамозе асацыяцыі на належным узроўні вялося юрыдычнае суправаджэнне.

У якасці яшчэ аднаго плюса на карысць стварэння асацыяцыі парламентарый назваў упэўненасць апытаных дэпутатаў у тым, што з яе дапамогай будзе больш эфектыўна весціся падрыхтоўка кадраў для органаў мясцовага самакіравання, якіх не хапае.

Дарэчы, пытаннямі ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў для органаў мясцовага самакіравання ўдзяліў увагу і Валерый
БАРАДЗЕНЯ, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
. Ён расказаў «МС», якія ёсць магчымасці і праблемы з атрыманнем адукацыі прадстаўнікамі мясцовай улады.

Сярод відавочных плюсоў можна назваць тое, што дэпутаты мясцовых Саветаў у палове выпадкаў працуюць больш аднаго выбарчага тэрміну, а гэта значыць, што дасведчанаму складу не трэба з нуля атрымліваць веды, уменні і навыкі, якія неабходныя дэпутацкаму корпусу для эфектыўнай работы. Акрамя таго, суразмоўнік адзначыў высокі ўзровень інфармацыйнага развіцця грамадства і адукацыі насельніцтва наогул.

З адмоўных фактараў Валерый Барадзеня назваў адсутнасць базавай спецыяльнай падрыхтоўкі ўсіх дэпутатаў, бо далёка не ўсе народныя выбраннікі з першых дзён валодаюць неабходным вопытам.

Разам з тым мясцовыя бюджэты не заўсёды валодаюць сродкамі для павышэння кваліфікацыі персаналу, а таксама не заўсёды прадстаўнікі мясцовай улады могуць дакладна сфармуляваць запыт да адукацыйнай сістэмы.

У якасці выйсця навуковец прапануе выкарыстоўваць магчымасці сістэмы бесперапыннай адукацыі кадраў у сферы дзяржкіравання для мясцовых органаў кіравання: перыпадрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў, кароткатэрміновы курс павышэння кваліфікацыі і дадатковая адукацыя дарослых. І яшчэ, сістэму самаадукацыі таксама ніхто не адмяняў.

За кошт чаго будуць існаваць асацыяцыі?

Аб гэтым «МС» рассказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі — начальнік упраўлення мясцовых бюджэтаў Міністэрства фінансаў Беларусі Таццяна АМЯЛЯШКА.

Дарэчы, згодна з міжнароднай практыкай, асацыяцыі — самадастатковыя ўтварэнні, якія фінансуюцца дзякуючы членскім унёскам, грашам, што
прыносіць камерцыйная дзейнасць створаных імі арганізацый, міжнароднай тэхнічнай, спонсарскай дапамозе, ахвяраванням, а таксама даходам ад аказання розных відаў паслуг, выкарыстання маёмасці, што ім належыць, і гэтак далей.

А што ў нас?

— У Беларусі права стварэння асацыяцый мясцовыя органы самакіравання атрымалі адносна нядаўна — толькі
ў 2010 годзе, — і далёка не ўсе паспяшаліся яго выкарыстаць. Таму, можна сказаць, мы знаходзімся на пачатковым этапе развіцця асацыяцый і, безумоўна, яшчэ трэба будзе шмат зрабіць і ўдасканаліць, — адзначыла суразмоўніца.

Але тая база, што існуе, дазваляе ствараць асацыяцыі ў форме юрыдычных асоб, якія маюць права весці фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Іх маёмасць, згодна з заканадаўствам, ствараецца з унёскаў і іншых крыніц.

Разам з тым, шматлікія пытанні стварэння і функцыянавання асацыяцый, у тым ліку фінансвавыя, аддадзены на «водкуп» мясцовым Саветам дэпутатаў — гэта значыць, іх заснавальнікам.

Заканадаўствам не размежаваны віды асацыяцый (напрыклад, змешанага віду, што ўключаюць Саветы ўсіх узроўняў) у залежнасці ад адміністрацыйна-тэрыртарыяльнага ўзроўню (абласныя, раённыя, пярвічныя), не ўрэгулявана, колькі складаюць уступныя, членскія зносы, колькі разоў яны павінны плаціцца, і некаторыя іншыя пытанні.

Фактычна крыніцамі фінансавання дзейнасці дзвюх існуючых у краіне абласных асацыяцый з'яўляюцца сродкі мясцовых бюджэтаў, добраахвотныя ўзносы членаў, спонсарская дапамога. Разбяромся крыху падрабязней.

Бюджэтнае заканадаўства дазваляе забяспечваць пералік узносаў асацыяцый мясцовых Саветаў за кошт сродкаў бюджэтаў сельсаветаў, раённага і абласнога ўзроўняў.

— Да цяперашняга часу сродкі бюджэту накіроўваліся толькі Гродзенскай абласной Асацыяцыі, — кажа Таццяна Амяляшка. — Разам з тым сёлета сходам прадстаўнікоў Магілёўскай абласной Асацыяцыі таксама зацвержданы памер уступных і членскіх узносаў, якія плануецца пералічваць са сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Дарэчы, гэтыя грошы ідуць на аплату працы штатных супрацоўнікаў, удзел Асацыяцыі ў міжнародных праектах, правядзенне семінараў, круглых сталоў, адукацыі.

Другой даходнай крыніцай, нагадаем, з'яўляюцца добраахвотныя ўзносы дэпутатаў мясцовых Саветаў. Штогод, звычайна, яны складаюць адну базавую велічыню. Гэтыя грошы ідуць на заахвочванне пераможцаў конкурсаў сярод сельскіх Саветаў, старастаў і камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, падшэфных арганізацый і гэтак далей.

Што датычыцца спонсарскай дапамогі, яна, згодна з заканадаўствам, выкарыстоўваецца выключна па мэтавым прызначэнні. Звычайна — на стварэнне матэрыяльнай базы: аргтэхніку, канцтавары і іншыя аналагічныя рэчы.

Між іншым, у якасці даходаў асацыяцый могут быць працэнты за захаванне грошай на банкаўскім рахунку, а таксама ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб, сродкі з дзейнасці, што прыносіць даходы, а таксама эфектыўнага выкарыстання маёмасці, што знаходзіцца ва ўласнасці.

На думку суразмоўніцы, дадзеная заканадаўствам самастойнасць нясе за сабой і адпаведную адказнасць, якую не кожны гатовы прымаць. Кіраванне рэсурсамі патрабуе адмысловых навыкаў і ведаў, магчыма, таму мэтазгодна на заканадаўчым узроўні вызначыць «рамкі», у межах якіх асацыяцыі маглі б упэўнена функцыянаваць.

— Неабходнасць развіцця асацыяцый бясспрэчная. Мясцовы ўзровень улады — гэта кароткі і прамы кірунак да рашэння надзённых і жыццёва неабходных для чалавека праблем. Эфектыўнасць улады людзі вызначаюць па элементарных крытэрыях — цяпло ў дамах, асветленасць вуліц, якасць дарог, транспартнае забеспячэнне і гэтак далек. І вырашаць гэтыя пытанні мэтазгодна на месцах, там, дзе жывуць грамадзяне ,— у гарадах, пасёлках, вёсках, — рэзюмуе спецыяліст Мінфіна.

Ці могуць зарабіць?

Прававыя асновы стварэння і дзейнасці асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў прааналізаваў Вадзім ІПАТАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі. Ён паведаміў, што магчымасць стварэння асацыяцый замацавана ў артыкуле 7 закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні».

— Згодна з гэтай нормай мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права ствараць аб'яднанні ў форме асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў, — адзначыў ён.

Важным пунктам нормы закона, паводле яго слоў, з'яўляецца магчымасць стварэння Нацыянальнай асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў — сумесна з асацыяцыямі Саветаў і Мінскім гарадскім Саветам.

Дарэчы, законам прадугледжана, што яны рэгіструюцца ў якасці некамерцыйных арганізацый. Акрамя таго, Закон вызначае парадак фарміравання маёмасці такіх асацыяцый.

— Што датычыцца дзейнасці, якая прыносіць даходы, яе варта разглядаць з пункту гледжання нормаў Грамадзянскага кодэкса, — лічыць Вадзім Іпатаў.

Згодна з артыкулам 121 ГК, калі асацыяцыя вырашыць заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, яна павінна пераўтварыцца ў гаспадарчае таварыства, альбо стварыць для гэтых мэтаў камерцыйную арганізацыю.

— Такім чынам, магчымасць ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці для асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў без стварэння камерцыйнай арганізацыі павінна быць непасрэдна прадугледжана заканадаўствам, — звярнуў увагу дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Ён адзначыў, што ў некаторых выпадках гэта можна адрэгуляваць пералікам у заканадаўчым акце канкрэтных відаў дзейнасці, што прыносяць даход, якімі мае права займацца тая ці іншая арганізацыя. А для прыкладу прывёў спартыўныя арганізацыі, створаныя згодна з Указам № 191 «Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту» ў форме грамадскіх аб'яднанняў (саюзаў, асацыяцый).

— Такім чынам, заканадаўчым актам, у прыватнасці законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», можа быць прадугледжаны іншы, у адрозненне ад Грамадзянскага кодэкса, парадак вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці асацыяцыямі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Цяпер Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні праекта закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Пры неабходнасці законапраект можна дапоўніць адпаведнымі палажэннямі.

— Аднак варта разумець, што такі падыход — хутчэй выключэнне, чым правіла, і да яго трэба ставіцца вельмі асцярожна, старанна вызначыўшы, наколькі неабходна асацыяцыям мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, — перакананы Вадзім Іпатаў.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў праект закона «Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь», па прапанове прадпрымальніцкіх аб'яднанняў, уключана норма, якая прадугледжвае выключэнне пункта 2 артыкула 121 ГК, што дасць магчымасць асацыяцыям займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю без неабходнасці стварэння камерцыйных арганізацый.

Якое прадстаўніцтва неабходна?

Дарэчы, Вадзім Іпатаў не абмінуў магчымасці паразважаць над яшчэ адным складаным пытаннем:

— Ці дастаткова будзе двух-трох раённых Саветаў, каб стварыць рэгіянальную (абласную) асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў?

— Так, дапусцім. Ці могуць тыя, што засталіся, Саветы Гродзенскай вобласці, якія не ўвайшлі ў склад дзеючай Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, стварыць, напрыклад, асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў Гродзенскай вобласці, якая таксама будзе дзейнічаць ад імя гэтай вобласці?

Паводле яго слоў, цяпер законам не вызначаны патрабаванні (квоты) для колькасці раённых Саветаў, якія дазваляюць ствараць, напрыклад, абласныя асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Адсюль лагічна ўзнікае пытанне і аб Нацыянальнай асацыяцыі мясцовых Саветаў. Яе стварэнне, згодна з законам, магчыма па сумесным рашэнні асацыяцый Саветаў і Мінскага гарадскога Савета. У Беларусі створаны і дзейнічаюць дзве абласныя асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў — Гродзенская і Магілёўская.

— Ці дастаткова гэтых дзвюх асацыяцый і Мінскага гарадскога Савета для стварэння Нацыянальнай асацыяцыі? — запытаўся ў прысутных Вадзім Іпатаў.

На яго думку, такой колькасці недастаткова, паколькі такая «Нацыянальная» асацыяцыя будзе прадстаўляць інтарэсы толькі малой часткі органаў мясцовага самакіравання і не будзе ахопліваць тэрыторыю ўсёй краіны. Магчыма, каб такая асацыяцыя была прадстаўнічай, яна павінна ўключаць больш за палову ад агульнай колькасці Саветаў адпаведнага рэгіёна.

Яшчэ адно пытанне. Як быць, калі ў рэгіёне ствараецца некалькі асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў?

— Улічваючы свабоду мясцовых Саветаў у вырашэнні пытання стварэння асацыяцый, ці не ўзнікнуць якія-небудзь праблемы ў сувязі з гэтым (напрыклад, калі ў межах аднаго раёна сельскія Саветы вырашаць аб'яднацца не ў адну, а ў 2—3—4 асацыяцыі)? — працягвае спікер.

У сувязі з гэтым вельмі важна ведаць, як рэгулююцца гэтыя працэсы ў замежных краінах, каб вырашыць, ці трэба дзяржаве рэгуляваць гэтыя і аналагічныя ім пытанні ці цалкам аддаць іх мясцовым Саветам дэпутатаў.

Ці не атрымаем лабіраванне?

У старшыні праўлення асветніцкага грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Міраслава КОБАСЫ таксама шмат пытанняў да таго, якой жа павінна быць сістэма мясцовага самакіравання ў Беларусі.

— З аднаго боку, нельга забараняць ствараць асацыяцыі мясцовых саветаў. З іншага — празмерная колькасць асацыяцый вядзе да абцяжарвання ў выпрацоўцы адзінай пазіцыі, важнай пры дасягненні мэт. Але я адназначна лічу, што заканадаўства, якое датычыцца асацыяцый, развіваць трэба.

Адно з найбольш важных пытанняў — вызначэнне мэты асацыяцыі. Тут таксама ёсць некаторыя абмежаванні. Напрыклад, частка 1 артыкула 121 Грамадзянскага кодэкса і артыкул 7 закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» замацоўваюць мэты, якія асацыяцыя можа паставіць. Але калі я хачу пазначыць мэтай само развіццё сістэмы мясцовага самакіравання, то ці не ўзнікнуць да гэтага пытанні? Кожны з нас пад развіццём мясцовага самакіравання можа разумець нешта сваё. І ў такім выпадку трэба дамаўляцца.

На думку Міраслава Кобасы, неабходна вызначыцца таксама з інтарэсамі, якія будуць аб'ядноўваць удзельнікаў будучай асацыяцыі.

— Дапусцім, мы стварылі асацыяцыю, якая дзейнічае ў межах вобласці. А ці можа яна цяпер выносіць пытанні рэпубліканскага характару? Яе прадстаўнікоў заканамерна адправяць у абласны выканкам. І калі мы кажам пра інстытуцыянальныя змены, то ў якасці аб'яднаўчага прынцыпу павінна быць нешта іншае. Напрыклад, гэта можа быць, згодна з еўрапейскім досведам, прыналежнасць да аднаго тэрытарыяльнага ўзроўню.

Таксама немалаважнае пытанне колькасці членаў асацыяцыі. Міраслаў Кабаса лічыць, што для такой невялікай краіны, як Беларусь, можна разгледзець варыянт стварэння адной асацыяцыі. Іншае пытанне, колькі яна будзе ўключаць прадстаўнікоў — гэта залежыць ад таго, колькі тысяч чалавек будзе прадстаўляць адзін дэлегат.

— Немалаважны складнік — дабравольнасць знаходжання. Калі кагосьці прымушаць уступаць у асацыяцыю, то ён у рэшце рэшт уступіць, але нічога не будзе рабіць. І тады асацыяцыя атрымаецца слабай. І куды гэта варта? Я ўпэўнены, што гэтая частка павінна быць дапрацавана. Таксама ёсць пытанне да прынцыпу адзінства. Зразумела, што самакіраванне як з'ява — гэта разнастайнасць поглядаў, думак. Тым, уласна кажучы, яно і каштоўнае. Але групавыя інтарэсы могуць уплываць на адзінства, лабіруючы свае зацікаўленасці. І ці не атрымаецца такая сітуацыя, што чыісьці інтарэсы выйдуць на першы план? Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да пэўнай аднабаковасці падыходу.

Прырост у гандлі — 254 мільёны долараў

Уладзімір ДРАЖЫН узначальваў пасольства Беларусі ў Літве з 2006 да 2013 года. За гэты час быў назапашаны велізарны досвед стасункаў органаў мясцовага самакіравання на міждзяржаўным узроўні.

— Я заўжды разумеў, што ў краін Еўрасаюза, з якімі мяжуе Беларусь, можна пераняць многае для развіцця сістэмы самакіравання. Для гэтага трэба было пачынаць актыўную работу. І на працягу трох гадоў мы здолелі заключыць 68 дамоў аб супрацоўніцтве паміж раёнамі і гарадамі Беларусі і Літвы.

Пытанні, якія цікавілі органы самакіравання дзвюх краін, былі вызначаны адразу. Гэта эканоміка, інвестыцыі, сацыяльная сфера. І, вядома, досвед працы ў развіцці сістэмы мясцовай улады.

— Хачу прывесці яскравы прыклад. У Літве яшчэ з савецкіх часоў працуе беларускамоўная гімназія імя Францыска Скарыны. У 2006 годзе, калі я быў прызначаны паслом, то наведаў гімназію ледзь не адразу і звярнуў увагу на нізкі ўзровень стану матэрыяльнай базы. Гімназія патрабавала капітальнага рамонту ва ўсіх сэнсах.

Я звярнуўся да мэраў Мінска і Вільнюса, якія разумелі важнасць гэтага пытання. І мы знайшлі ўзаемапрымальнае рашэнне. Мінгарвыканкам узяў на сябе вырашэнне пытанняў, звязаных з рамонтам памяшканняў, забеспячэннем гімназіі абсталяваннем, мэбляй, камп'ютарнымі класамі. А мэрыя літоўскай сталіцы абавязалася замяніць усе камунікацыі і правесці цеплавую рэабілітацыю будынка. На гэта спатрэбіўся 1 мільён еўра. Гэтая сума была падзелена прапарцыянальна паміж органамі самакіравання дзвюх сталіц. І за два гады гімназія, у якой займаюцца 220 вучняў, была выдатна адрамантавана.

Уладзімір Дражын таксама наладжваў стасункі з Асацыяцыяй самакіраванняў Літвы.

— З 2012 года мы дамовіліся аб правядзенні штогадовых форумаў рэгіянальнага супрацоўніцтва. І першы форум правялі ў Маладзечне, куды запрасілі ўсіх мэраў літоўскіх гарадоў, якія мелі дачыненне да супрацоўніцтва. Мы абмяркоўвалі развіццё эканомікі ў цэлым і інвестыцый у прыватнасці, сацыяльную палітыку. Пасля форумы праводзіліся па чарзе ў Літве і ў Беларусі. Мы прааналізавалі эканамічныя стасункі дзвюх краін пасля пачатку работы ў такім фармаце. І атрымалі прырост у гандлі паміж рэгіёнамі ў 26 %. А гэта 254 мільёны долараў. І зноў жа, вядучая роля ў гэтым належыць менавіта органам мясцовага самакіравання.

Дыялог — аснова работы

— Вы паставілі столькі пытанняў, што еўрапейскія эксперты адразу і не адкажуць на іх, — заўважыў Аляксандр Папкоў. — Мы дамовіліся, што створым рабочую групу, якая павінна напрацаваць пэўныя падыходы.

Ён адзначыў, што ў законе «Аб мясцовым самакіраванні», здаецца, усё ёсць: маўляў, бяры і працуй. Але вось што датычыцца інструментаў — тут ёсць над чым папрацаваць. Як падкрэсліў старшыня профільнай камісіі, неабходна іх знайсці: як вырашыць пытанні фінансавай устойлівасці, выпрацоўваць зносіны з органамі дзяржаўнага кіравання? Інакш кажучы, — вызначыць ролю мясцовых улад у вырашэнні актуальных праблем жыццезабеспячэння.

— Мы павінны на працягу гэтага і наступнага паўгоддзя сумесна з экспертамі з Еўропы вызначыцца і знайсці інструменты вырашэння гэтых пытанняў, — скіраваў увагу прысутных Аляксандр Папкоў. Калі глыбока паглыбляцца ў праблему, па крупіцах напрацоўваючы пэўны вопыт, тады прыходзіць разуменне, што дыялог — гэта аснова нашай работы.

— Выступаючы перад гэтай аўдыторыяй, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч казаў, што мы гатовыя ісці настолькі далёка, наколькі гэта магчыма ў вырашэнні пытанняў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць нашых тэрыторый, усіх праблем, якія павінны вырашаць органы ўлады на месцах, — рэзюмаваў ён.

Вольга АНУФРЫЕВА,

Валяр'ян ШКЛЕННІК,

фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: З улікам нацыянальных інтарэсаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.