Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ну, сапраўдны мача!..

Статыстыка ведае ўсё. А мы, людзі, дык хіба здагадваемся, як шмат цяпер так званых неперспектыўных вёсак. У нейкіх, на жаль, па некалькі хат, па некалькі жыхароў. Але ж яны па-ранейшаму жывуць, трымаюць жыўнасць, дапамагаюць адно аднаму...

У тую вясну суседзі Рыгор з Сямёнам сабраліся памежны плот перабраць і ўсё падрыхтавалі: засталося хіба ў горад з'ездзіць — дакупіць цвікоў.

Гэта ў іх была пакупка пад нумарам адзін. Пад нумарам два — неспадзеўкі з'явілася. На Рыгоравым двары каршун пеўня забіў. У іншы год куры і без яго абышліся б, а ў той — Рыгорыха ўдумала квактуху пасадзіць, завесці шэрых курачак. Дык не ехаць жа з дому ім абодвум, не аддаваць лішніх грошай за дарогу, не марнаваць час. Тым больш што Рыгор — гаспадар, а не пустадомак нейкі...

Карацей, сабрала яго жонка ў дарогу і выдала на пакупкі дзясятку.

— Малавата будзе, — прызнаў Рыгор.

— Ага... Табе на выпіўку не хопіць, — «прачытала» яго думкі кабета.

Муж пакрыўдзіўся, ляпнуў дзвярыма і пайшоў да Сямёна.

У горад яны паехалі ўдвух. Як і варта было чакаць, спачатку скінуліся і купілі тое, што хацелі самі: гэта значыць, цвікі. Засталося наведаць рынак.

Людзей там, можна сказаць, не было. Але ж адзін і вельмі сур'ёзны дзяцюк з машыны прадаваў курэй. Там жа былі і пеўні — вялікія, прыгожыя.

— Легорн... Пародзістыя, — пахваліўся гаспадар. — Дванаццаць рублёў прашу.

У планы сяброў гэткі кошт не ўваходзіў. Яны ўжо сэканомілі трохі на цвіках, — нешта выйграць хацелі і на пеўні, бо як жа гэта — пабыць у райцэнтры і нават віна не выпіць? Грэх...

А таму Рыгор з Сямёнам пакіравалі далей — да цёткі, што трымала ў кашы двух пеўнікаў. Праўда, нейкіх шэрых, змарнелых...

— Не на гэта вам трэба глядзець, — стала павучаць іх цётка. — На худой касці мяса нарасце!

— Дык мы не дзеля мяса купляем, — прызнаўся Рыгор. — Нам трэба, каб толк быў.

— І не сумнявайцеся! Будзе! Ды яшчэ і які! Вы ж па сабе, мусіць, ведаеце, — падміргнула пакупнікам гандлярка, — што ў мужыка малога ды худога жарсці больш, чым у іншага мацака. Смела бярыце: і куры не нацешацца, і куранятак будзе — лічыць не злічыць! Бо гэта ж не пеўнік, а сапраўдны мача!

— Хто-хто? — перапытаў Сцяпан.

— Ды секс-сімвал! Мужчына — во! — цётка сціснула кулак і сагнула руку ў локці. — Тонкі, звонкі і да дзевак гонкі. Восем рублёў прашу.

— У мяне толькі сем, — схітрыў Рыгор.

— Сем дык сем... Дзе наша не прападала! — сказала жанчына і, забраўшы грошы, аддала Рыгору пеўня.

...Такім чынам на бутэльку віна ў мужчын засталося.

Дамоў яны прыехалі нападпітку, пакупкі не пагублялі. Але ж Рыгорыха, згледзеўшы пад пахай у мужа ледзь жывога пеўня, хапілася за сэрца:

— Божухна, ты дзе ж яго ўзяў, такога сухарэбрага? Ці не вочы заліўшы?

Рыгор — пасмялелы ад віна — стаў казаць ёй пра «тонкіх, звонкіх і гонкіх», развязваць і сапраўды ледзь жывую ад пераезду птушку.

— Во, паглядзі, — тармасіў яе перад жонкай, — выліты мача!

А певень той і сапраўды адчуў пад нагамі зямлю, страпянуўся і... падаўся ў бок курэй.

Адзінае, бег ён неяк дзіўнавата: падкідаючы правую лапу.

— Ён што — яшчэ і кульгавы?! — не паверыла вачам Рыгорыха. — Во гаспадары, во разумнікі! Во прывезлі... Кажаце, мача?

...Адвозіць яго назад сэнсу, вядома ж, не мела: пеўнік застаўся на падворку, Рыгор — у хаце. А зрэшты, па імені жонка яго цяпер мала заве, усё болей «мача».

Малазнаёмае слова, але ж гучыць.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў

Дакладны дыягназ

Жыве кот, жыве сабака — адзін у хаце, другі — у будцы.

Акурат таксама і людзі: нехта гаруе, нехта — раскашуе... Але ж, здараецца, што не ўвесь свой век.

Жанчына, пра якую хачу расказаць, нарадзілася ў сталіцы. Яе дзяды з абодвух бакоў хадзілі ў вялікіх начальніках. Высокую пасаду займаў і бацька. А значыць, у адзінай дачушкі ды ўнучкі было ўсё: найлепшыя цацкі, нянькі, прысмакі, адзенне. А потым — і школа з паглыбленым вывучэннем англійскай, і прамая дарога ў інстытут, і, як здавалася, удалае замужжа, прэстыжная работа...

Не дзіва, што ўсіх бяднейшых (не кажучы ўжо пра бедных...) гэта жанчына абыходзіла бокам і нават за вярсту. А вяскоўцаў дык яна зусім за людзей не лічыла.

Але ж вось грымнула перабудова, і ўсё змянілася: у Ангеліны неяк адразу не стала дзядоў-бабуль і бацькі (знялі, беднага, з пасады — не перажыў...), а следам — маці. Ды што там — нават муж, што называецца, «аб'еўся груш»: сказаў, што не было ў яго ніякага кахання — проста выгадны шлюб... Пакуль выгадны...

Карацей, жыццё ў жанчыны развалілася, як картачны домік, бо да ўсяго не стала ранейшай работы. І новую не знайсці было: з дыпломам перакладчыцы ў сталічныя школы не бралі, «чаўночыць» ці гандляваць, як многія тады, — гонар не пускаў.

А дзяцей жа карміць нечым трэба, запасы канчаліся...

Пашчасціла: сустрэла неяк сваю прыяцельку і пачула, што тая замужам за прабіўным вяскоўцам, што ў іх цяпер — свая фірма, што часу на сям'ю катастрафічна не хапае, што яны падумваюць наняць памочніцу... І Ангеліна (што было рабіць?), сцяўшы зубы, згадзілася пайсці — мыць-прыбіраць у доме, а паралельна — глядзець дзяцей, вучыць іх англійскай мове.

...Работніца з яе спачатку была ніякая, аднак гаспадары цярпелі: бачылі, што жанчына стараецца.

Адзінае, што яе здароўе стала падводзіць: аднойчы ледзь да паліклінікі дапаўзла, дачакалася сваёй чаргі, зайшла ў кабінет... Доктарка не сляпою была: зразумела, хто перад ёй, пачала агляд, узялася памераць ціск.

— Недзе працуеце? — далікатна спытала.

— Так, з дзецьмі, — няпэўна адказала пацыентка.

— О-о, яны каго хочаш могуць давесці... 90 на 60... Школа — гэта...

— А я не ў школе, — перапыніла яе Ангеліна. — Я ў багацеяў дома дзяцей вучу.

— Ну, тады зразумела, — усміхнулася доктарка. — Гэта вас жаба душыць.

І тут вось што цікава: на пачатку іх дыялогу ціск у пацыенткі і сапраўды быў 90 на 60, а праз пару мінут (доктар на левай руцэ памерала) — ужо 150 на 90! Як уджаленая, Ангеліна выскачыла з кабінета.

...Дома потым доўга думала пра сваё мінулае і сапраўднае, пра ўласных дзяцей. І — нідзе ж не дзенешся — змяніла стаўленне да ўсяго, а найперш — да людзей, да жыцця і працы.

...Цяпер у яе ўсё добра: хлопчыкі выраслі (старэйшы, дарэчы, ажаніўся з вяскоўкай). Сама яна — злётала на заробкі ў Амерыку і вельмі шмат чаму навучылася. Ва ўсякім разе пра сваю ранейшую пыху (без фігі не да носа) расказвае ўжо з іроніяй.

А той візіт да ўрача і ўвогуле яе любімая тэма.

Л. М. Чыгрынава, г. Мінск

Пытанне на засыпку

У сталіцы Украіны горадзе Кіеве доўга жыў і працаваў мой блізкі сваяк генерал-маёр танкавых войскаў Мацвей Лук'янавіч Ермачок. Летам 1943-га на Курскай дузе ён быў цяжка паранены, аднак падлячыўся і з баямі дайшоў да возера Балатон...

Пасля вайны Мацвей Лук'янавіч шмат гадоў быў начальнікам вышэйшага танкавага вучылішча, час ад часу прыязджаў у родныя мясціны, у Беларусь. І мы, здаралася, таксама гасцілі ў яго ва Украіне. Помню, што ў нейкі год я спецыяльна ўзяў адпачынак зімой (летам генерал са сваёю жонкай звычайна з'язджаў у санаторый у Сочы), каб пакалясіць па прыгожых вуліцах, пабываць у Сафійскім саборы і Кіева-Пячэрскай лаўры, наведаць музеі, схадзіць у цырк... А ўжо перад развітаннем з гэтым цудоўным горадам яшчэ раз аб'ехаць яго — з экскурсіяй.

І ўсё тады атрымалася, як належыць. Наш гід не змаўкала, здаецца, ні на мінуту, расказвала пра тое ці іншае гістарычнае месца, «сыпала» датамі, фактамі, раз-пораз прыпыняла аўтобус, каб мы нешта лепей разгледзелі, адказвала на пытанні. Праўда, не на ўсе...

На адным з кароткіх прыпынкаў яна, помню, з гонарам сказала: «А вось у гэтым прыгожым доме жыў Леў Мікалаевіч Талстой».

— А дзе ён цяпер жыве? — тут жа спытала нейкая цётка з групы.

І наш экскурсавод, мякка кажучы, разгубілася. Мы — таксама: з мінуту, можа, маўчалі. А потым грымнуў рогат...

Смяяліся ўсе! Дзякаваць Богу — апроч кіроўцы, бо ў гэтым выпадку аўтобус мог бы трапіць у аварыю, а мы адпаведна — увачавідкі ўбачыць, дзе цяпер «жыве» Леў Талстой, вялікі рускі пісьменнік.

Міхаіл Шавель, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж. Завяршаецца год, а з ім, на жаль, і конкурс на найлепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды». У рэдакцыйнай пошце — першыя лісты ад ся́браў вялікага чытацкага журы, першыя прозвішчы кандыдатаў у пераможцы. Сярод іх...

Зрэшты, аб гэтым — пакуль што рана, бо ўсё яшчэ можа змяніцца, у тым ліку — і з вашай «падачы».

А таму, калі ёсць жаданне ды час, перачытайце пятнічныя падборкі гісторый, яшчэ раз усміхніцеся ці пасмейцеся, падумайце, а заадно — вызначце сваю дзясятку найлепшых і спіс (з назвай гісторыі, прозвішчам аўтара, датай апублікавання), дашліце ў рэдакцыю. Можна, дарэчы, разам з уласнымі творамі, бо ў новым 2019-м конкурс, калі вы не супраць, пачнецца зноў.

Пакуль жа — шчыры дзякуй усім, хто чытаў, усім, хто пісаў і, вядома ж, выпісваў газету.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».