Вы тут

У Томску свята з лялькамі. Беларускімі!


На міжнародны конкурс, дзякуючы якому пашыраецца беларуская культура, паступіла больш за 50 работ: іх прадставілі дарослыя, дзеці са школ і дамоў дзіцячай творчасці Томскай, Самарскай абласцей, Казахстана


Беларускія гаворка і касцюмы, песні, танцы… Пераступаю парог томскага Дома дзяцінства й юнацтва “Факел”, у якім дырэктарам беларуска Любоў Адаскевіч, — і быццам апынаюся за тысячы кіламетраў, на зямлі яе ды маіх продкаў. Зрэшты, Беларусь — гістарычная радзіма, Бацькаўшчына для многіх жыхароў Томскай вобласці, чые продкі ў розную пару самастойна (пад час сталыпінскай рэформы) ці пад жорсткім прымусам, канвоем (у гады сталінскіх рэпрэсій) апынуліся на сібірскай зямлі.

Цяпер актывісты рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці” шмат робяць, каб мясцовыя беларусы памяталі свае традыцыі, мову, культуру. За падзвіжніцкую працу кіраўніца суполкі Любоў Адаскевіч ушанавана шматлікімі ўзнагародамі Беларусі, сярод іх — і медаль Францыска Скарыны. Імпрэзы, якія праводзяць беларусы, збіраюць звычайна шмат людзей: прыходзяць як супляменнікі, так і тыя, хто цікавіцца гісторыяй, культурай Беларусі.

А 16 лістапада праходзіла ў Томску “Свята беларускай лялькі”: яго ў Беларусі адзначаюць з 2010 года. Гісторыя свята — з глыбіні стагоддзяў, яно спалучана з гуляннямі, песнямі, застоллямі. А таксама, вядома ж, вырабам саміх лялек. Беларусы Томскай вобласці з 15 кастрычніка па 16 лістапада праводзілі тут першы Міжнародны конкурс “Беларуская лялька”, заснавальнікамі, арганізатарамі якога сталі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Беларусі, НКА беларусаў у Томскай вобласці, а таксама Дом дзяцінства й юнацтва “Факел” пры падтрымцы Камітэта па мясцовым самакіраванні горадаТомска.

На конкурс паступіла больш за 50 работ: іх прадставілі дарослыя, дзеці са школ і дамоў дзіцячай творчасці Томскай, Самарскай абласцей, Казахстана. Сярод удзельнікаў і пераможцаў — як дзяўчынкі, так і хлопчыкі: бо рабіць лялькі займальна, цікава ўсім. І нашыя ж продкі не проста так у лялькі гулялі. Пра тое многія даведваліся, калі дзеці разам з педагогамі, бацькамі на пачатку працы шукалі ў інтэрнэце, бібліятэках інфармацыю. Якая гісторыя, традыцыі, якія віды беларускіх лялек? Хтосьці кансультаваўся, ведаю, са сваімі сваякамі з Беларусі. Ды й сам працэс “лялькатварэння” апынуўся няпростым. Затое — колькі ўсяго новага! Ці ведаеце вы, напрыклад, што, робячы тулава лялькі, нашы продкі ніколі не карысталіся іголкай — усё прыматвалі-прывязвалі. Іголку ж бралі толькі, калі пачыналі ўпрыгожваць, прыбіраць ляльку. Тканіны стараліся рваць, а не рэзаць: таму часам і называлі лялькі: рванкі. Яшчэ лялька павінна была быць — у форме крыжа, і ні ў якім разе не нагадваць чалавека рэальнага.

Лялькі-абярэгі абавязкова рабіліся з добрымі, светлымі думкамі: толькі тады яны здольныя абараніць чалавека ад ліхіх сіл і прыняць на сябе хваробы-няшчасці. Перад нараджэннем дзіцяці будучая маці абавязкова майстравала ляльку-пелянашку, рабіла яе з малітвай, добрымі думкамі пра будучыню дзіцяці, тканіны брала “родныя”: ад кашулі бацькі ці дзеда, ад сарафана маці, бабулі. Гэта каб захоўваць родавую і генетычную памяць. А каб паветра ў хаце было чыстае, а сон моцны й спакойны, майстравалі ляльку “скарбонку-траўніцу”, спадніцу-мяшочак якой набівалі духмянымі, заспакаяльнымі травамі.

З надыходам вясны беларускія дзяўчаты рабілі й дарылі адна другой лялькі-вяснянкі: з яркімі рознакаляровымі валасамі. Лічылася, што такія лялькі захоўваюць маладосць і прыгажосць. Пасля заканчэння ўборачных работ сяляне адбіралі найлепшае зерне новага ўраджаю, рабілі з яго крупу й засыпалі яе ў палатняны мяшочак — тулава лялькі-“крупянічкі”. Жылі такія лялькі на ганаровым месцы — побач з абразамі ў чырвоным куце хаты. Бо лічылася: толькі ў такім выпадку наступны год будзе сытным, ураджайным. А лялька “Неразлучнікі” даравалася маладым пад час вясельнага абраду і ўвасабляла сімвал доўгага й трывалага шлюбу. Дзяўчына і юнак ў ёй былі злучаныя агульнай рукой — гэта каб маладыя ўсё жыццё ішлі побач і не разлучаліся. І гэта — толькі некалькі відаў абярэгавых лялек. На самай жа справе іх мноства, і з кожнай звязана свая традыцыя, свой абрад.

Акрамя відэапрэзентацыі з аповедам пра традыцыі беларускай лялькі, на свяце дзетак і дарослых чакала шмат усяго цікавага. Да таго ж яны паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе лялькі-“закладкі” ў нацыянальным беларускім касцюме. Гучалі ў “Факеле” беларускія песні й вершы з вуснаў удзельнікаў творчых гуртоў “Чараўніца”, “Медуніца” — яны працуюць пры НКА беларусаў у Томскай вобласці. Яшчэ ахвочыя маглі павучыцца танчыць беларускія танцы…

Хораша, з лёгкай добрай інтрыгай праходзіла на свяце ўшанаванне пераможцаў Міжнароднага конкурсу “Беларуская лялька” — ім былі ўручаны дыпломы, падарункі, салодкія гасцінцы ад спонсараў. Дарэчы, прыехалі на ўрачыстасць і госці-беларусы з казахстанскага Паўларадара, з Самарскай вобласці: лялькі — яднаюць! А гаспадыня свята, старшыня беларускай суполкі Любоў Адаскевіч атрымала ўзнагароду з Беларусі: Падзячнае пісьмо ад Міністэрства культуры. Потым было прыгожае застолле, пад час якога піражкі з рознымі начынкамі, а таксама дранікі госці смакавалі — з вялікім імпэтам.

Дарэчы. Калі рыхтаваўся да друку артыкул, Любоў Адаскевіч паведаміла ў рэдакцыю: Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці паспяхова паўдзельнічала ў конкурсе грамадска важных ініцыятыў — атрымала перамогу. Грошы (амаль тры мільёны расійскіх рублёў) на вялікую працу па тэме “Мае продкі — з Беларусі” будуць выдзелены суполцы з Фонду прэзідэнцкіх грантаў. “Цяпер пачынаем працаваць з Краязнаўчым музеем ды архівамі Томскай вобласці, — піша Любоў Аляксандраўна. — Плануем выданне электроннага даведніка”. Мы знайшлі яшчэ цікавую інфармацыю пра выставу “Сибиряки вольные и невольные”, што даўно працуе ў Томскім абласным краязнаўчым музеі імя М. Шацілава: у праекта ёсць і старонка ў інтэрнэце, з вялікай колькасцю беларускіх адрасоў, лёсаў, прозвішчаў. Спадзяемся, Беларускі Мацярык дзякуючы працы тамтэйшых беларусаў будзе пашырацца. Прапанавалі мы землякам пры стварэнні электроннага даведніка выкарыстаць напрацоўкі беларускай кампаніі Сакрамент ІТ — яна мае досвед працы з вялікімі базамі дадзеных, стварэння мультымедыйных кніг, падручнікаў.

Таццяна Ермаліцкая, журналістка з беларускімі родавымі каранямі, г. Томск 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».