Вы тут

Цуды пачынаюцца з галавы


Трохі больш пра гісторыю і сучаснасць беларускіх лялек можна цяпер даведацца і ў Растове-на-Доне 


Свята беларускай лялькі пашыраецца ў свеце. У плыні яго ў Музеі расійска-беларускіх этнакультурных традыцый “Изба-хата-курень”, што створаны па ініцыятыве й сіламі актывістаў Саюза беларусаў Дону ў 112-й школе Растова-на-Доне, 16 лістапада праходзіў майстар-клас па вырабе народнай беларускай лялькі. Правяла яго, разам з экскурсам у гісторыю, кіраўніца гуртка “Народная лялька” Наталля Матвеева. Вучыліся ў яе майстэрству юныя сябры з мастацкага аб’яднання “Нашчадкі” імя Кірылы Тураўскага.

Сама Наталля Паўлаўна родам з Растоўскай вобласці, па адукацыі — гісторык, народнаю лялькай займаецца з 2009 года. Вучылася сама ў народных майстроў у Валгаградскай вобласці: шмат даведалася пра гісторыю, тэхналогіі вырабу народных лялек. Цяпер вядзе курс “Традыцыйная тэкстыльная лялька” ў сямейным цэнтры майстэрства й творчасці “Дар Божы”, што створаны ў растоўскім прыходзе святога Георгія Перамоганосца. Дарэчы, на чале прыхода там — айцец Валерый, беларус. Наталля Матвеева вядзе курс для дзяцей (у праграме дадатковай адукацыі) таксама ў этнакультурным Беларускім цэнтры імя Францыска Скарыны — пры музеі “Изба-хата-курень”.

Майстрыха расказала, што лялькі здаўна рабілі ў Беларусі глыбокай восенню, пасля завяршэння гаспадарчых палявых работ. І былі тыя лялькі — вельмі розныя. Скажам, нашы продкі баранілі свае хаты з дапамогай лялек-абярэгаў, ці “Берагінь”, хваробы ж адводзілі спецыяльныя лялькі-ліхаманкі. А лялька “Дзесяціручка” дапамагала гаспадыні ў хатніх справах. Умее рабіць Наталля Паўлаўна яшчэ такія лялькі: “Зернавушка”, “Дзень і Ноч”, “Скарбонка-Траўніца”, “Немаўлятка”, “Зайчык-на-пальчык”, “Санніца”, “Калядны анёл” ды іншыя. Іх і майструюць дзеці на курсах. А на гэты раз рабілі ляльку “Паграмень” — з тэкстыльных матэрыялаў. А для галоўкі яе нашы продкі выкарыстоўвалі макавую галоўку ці пусты грэцкі арэх. Унутр іх змяшчалі напаўняльнікі: гарох, пясок, зерне, ракушкі ды іншыя. Вядома ж, і гук у такой бразготкі бывае розны, а вышыня ў лялькі — сантыметраў 15.
Дзеці, зрабіўшы лялькі, зрадніліся з імі — панеслі дадому: як абярэгі свайго жылля. У іх цудадзейную сілу раней верылі нашы продкі, а яны ж — мудрыя былі. Да таго ж працэс вырабу лялькі на гэтым майстар-класе адбываўся на фоне пераліваў гармоніка — беларускага. З такім музейным экспанатам падсеў да майстрыхі ды яе вучняў Уладзімір Мікалаевіч Банцэвіч, наш настаўнік па выяўленчым мастацтве. Аказваецца, і ён — на ўсе рукі майстар! Так што лялькі-паграмені ўжо ад нараджэння, мяркуем, слых музычны маюць. І вельмі гарманічна гучаць будуць.

Тэкст гэты мне дапамагалі “змайстраваць”: Уладзімір Банцэвіч, Наталля Матвеева, Вікторыя Шчарбакова (мая мама) і нават Багдана (сястрычка), а таксама сям’я беларусаў Сарнацкіх (таксама — з нашай музейнай каманды). А Ганна Феакцістава зрабіла здымкі. Усім — дзякую!

Ганна Шчарбакова, студэнтка Растоўскага каледжа культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.