Вы тут

Мясніковіч закрыў пятую сесію Савета Рэспублікі


Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!


Сёння завяршаецца пятая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. У ходзе пасяджэнняў сесіі Савет Рэспублікі адобрыў 42 законапраекты.

Законапраекты, якія былі падтрыманы на гэтай сесіі, ствараюць дадатковыя прававыя ўмовы для ўстойлівага развіцця краіны. Напрыклад, важныя папраўкі для інвестара замацаваны ў законапраекце «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы», які мы адобрылі ўчора.

Бюджэт на 2019 год і новая рэдакцыя Падатковага кодэкса, якія прыняты парламентам, з'яўляюцца вельмі адказнымі нарматыўнымі актамі, гэта, па сутнасці, эканамічныя інструменты развіцця краіны ў наступным годзе і на перспектыву.

У праекце бюджэту на 2019 год пашырана аўтаномія рэгіёнаў і прадугледжана яшчэ большая самастойнасць мясцовых бюджэтаў. Прапановы Савета Рэспублікі як палаты рэгіянальнага прадстаўніцтва па гэтых пытаннях у асноўным падтрыманы.

На гэтай сесіі Савет Рэспублікі адобрыў законапраект, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такі падыход адпавядае Дэкрэту № 7 і ўстаноўкам кіраўніка дзяржавы, накіраваным на больш ліберальныя рынкавыя ўмовы для бізнес-супольнасці. Лічу, што супрацоўнікі Сакратарыята Савета Рэспублікі сумесна з прадстаўнікамі навукі і бізнесу добра папрацавалі над папраўкамі ў Грамадзянскі кодэкс у мэтах павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Мяркуем, што гэты праект у наступным годзе ўрад унясе ў Палату прадстаўнікоў.

Паважаныя калегі!

Працягвалася актыўная міжнародная дзейнасць Савета Рэспублікі.

29 лістапада парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь пад маім кіраўніцтвам прымала ўдзел у планавых восеньскіх мерапрыемствах МПА СНД.

Паступальна развіваецца дыялог Савета Рэспублікі са структурамі Савета Еўропы. У Мінску ў верасні прайшоў шэраг мерапрыемстваў па пытаннях развіцця мясцовага кіравання і самакіравання. Пастаянная камісія па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні пад кіраўніцтвам А. А. Папкова зрабіла ўсё магчымае, каб мясцовыя ўлады папоўнілі свае веды.

Станоўчы рэзананс меў візіт старшыні Сената парламента Рэспублікі Казахстан К.-Ж. К. Такаева. Падпісана пагадненне, створана падкамісія па супрацоўніцтве ў інавацыйнай сферы.

11 лістапада ўпершыню за ўсю гісторыю беларуска-французскіх стасункаў адбыўся візіт старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Сенат Французскай Рэспублікі. Да гэтага мерапрыемства бакі рыхтаваліся — створаны сенацкія камісіі па супрацоўніцтве, зацверджаны іх персанальныя саставы.

У мэтах развіцця пастаянных сувязяў паміж парламентамі ў рамках візітаў дэлегацый Ірана, Турцыі, Егіпта падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Традыцыйна снежань — час для пастаноўкі мэтавых задач на наступны год і на перспектыву.

У 2019 годзе Савету Рэспублікі трэба вельмі адказна папрацаваць над праектам асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2025 года і над заканадаўчай базай па іх выкананні. Таму вам, сенатары, хто працуе на пастаяннай аснове, а таксама Сакратарыяту Савета Рэспублікі трэба неадкладна і сур'ёзна весці напрацоўку ў гэтым кірунку. Вельмі шмат даручэнняў і іншых вострых праблем, вырашэнне якіх нельга аднесці, як кажуць, на заўтра.

Улічваючы неабходнасць безумоўнага выканання мэтавых задач і ўстановак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, трэба завяршыць разгляд парламентам законапраектаў, неабходных для рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Вы ведаеце, што гэта даручэнне знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы.

Лічу, што для гэтага неабходна больш актыўна задзейнічаць патэнцыял навукоўцаў і экспертаў. У нас створаны і працуе навукова-кансультатыўны савет пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі. Пажаданне — патрэбна зрабіць яго дзейнасць больш эфектыўнай. Буду ўдзячны, калі вырашэнне гэтай няпростай задачы ўзначаліць шаноўная Мар'яна Акіндзінаўна Шчоткіна.

У 2019 годзе мы павінны з мясцовымі Саветамі і Палатай прадстаўнікоў завяршыць арганізацыйную работу па стварэнні беларускага маладзёжнага парламента. Спадар Сірэнка мае пэўныя думкі на гэты конт.

Звяртаюся ў першую чаргу да Брэсцкага, Гомельскага і Магілёўскага абласных Саветаў дэпутатаў. Неабходна ў найбліжэйшы час сфарміраваць абласныя маладзёжныя парламенты, каб на роўных умовах вылучаць сваіх прадстаўнікоў у рэспубліканскую структуру.

Шаноўнае спадарства!

Парламенцкаму Сходу Саюза Беларусі і Расіі мэтазгодна працягваць наступальную дзейнасць па рэалізацыі ініцыятыў Савета Рэспублікі па маніторынгу Дагавора аб Саюзнай дзяржаве, распрацоўцы Канцэпцыі збліжэння заканадаўства Беларусі і Расіі, уніфікацыі нацыянальнага заканадаўства і ўзмацненні ролі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Ала Мікалаеўна Бодак выпрацавала шмат ініцыятыў у гэтым кірунку і, лічу, зможа спрыяць прыняццю прынцыповых рашэнняў.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Дазвольце падзякаваць вам за сумесную плённую работу ў перыяд сесіі, павіншаваць з надыходзячымі Калядамі і Новым годам, пажадаць вам і вашым блізкім дабрабыту, міру і здароўя.

У адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пятую сесію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання аб'яўляю закрытай.

Загаловак у газеце: «Фарміраванне заканадаўчай базы для ўстойлівага развіцця — галоўная задача парламента»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.