Вы тут

Якой будзе зіма ў 2019 годзе?


25 снежня, згодна з народным прагнозам надвор'я, — самы халодны дзень зімы. Калі сонейка на Спірыдона — дні на праваслаўныя Каляды (7—19 студзеня) будуць ясныя, а Новы год — марозны, а калі хмурна і на дрэвах іней — быць ночы на Новы год цёплай і пахмурнай. Калі ноч ясная, зіма будзе халодная, а лета гарачае; калі ноч цёмная — зіме быць цёплай, а лету — пахмурным.


Прадбачыць будучыню

Якой жа будзе зіма ў 2019 годзе? Звернемся да народных прыкмет.

Напрыклад, дубы ўмеюць прадказваць надвор'е з дапамогай сваіх пладоў — жалудоў. Чым таўсцейшая шкарлупіна ў жалудоў, тым суровейшая будзе зіма. Падобным чынам перад халоднай зімой ліставая абгортка кукурузы і шалупіна ў цыбулі таксама становяцца больш тоўстымі і цвёрдымі.

Нашымі продкамі заўважана, што, калі пчолы, восы і чмялі пачынаюць будаваць гнёзды вельмі высока на дрэвах, варта чакаць халоднай зімы з высокімі гурбамі. Гэтыя насякомыя ўпадаюць у спячку, таму ім важна ведаць, што падчас зімоўкі іх нішто не патрывожыць.

Хвоі даюць больш буйныя шышкі, чым звычайна, калі зіма абяцае быць асабліва суровай. Гэта звязана з тым, што чым больш дрэва дасць насення, тым больш шанцаў, што некаторыя з іх прарастуць вясной.

І яшчэ. Фальклор кажа, што чым ярчэйшая лістота ўвосень, тым больш халоднай і снежнай абяцае быць зіма. Сёлета мы любаваліся раскошай восеньскіх фарбаў. Значыць, трэба ўцяпляцца!

Дакладны прагноз на пяць дзён

Працяглыя ападкі і галалёдзіца чакаюцца ў нашай краіне ў наступныя выхадныя, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Надвор'е ў цяперашнім снежні не адрозніваецца стабільнасцю, і маразы чаргуюцца з адлігай.

У суботу надвор'е будзе вызначаць цыклон, які пачне перамяшчацца праз тэрыторыю Беларусі. Чакаюцца працяглыя ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе краіны — з дажджом). Месцамі прагназуецца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла, удзень — ад 3 марозу да плюс 3 градусаў, па захадзе Брэсцкай вобласці яна можа павысіцца да 5 цяпла. На наступны дзень, у нядзелю, мы застанёмся пад уплывам цыклону, цэнтр якога перамесціцца на тэрыторыю Расіі. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца снег, мокры снег, уначы па паўднёвым усходзе — з дажджом. Месцамі будзе слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў.

У панядзелак у тылавой частцы цыклону на нашу краіну пачне паступаць больш халоднае паветра. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі днём пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да мінус 2—9 градусаў, удзень будзе 1—7 марозу.

25 снежня надвор'е будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску. Месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—10 марозу, пры праясненнях месцамі паветра астудзіцца да мінус 12 градусаў, тэмпература ўдзень будзе ад нуля да мінус 7 градусаў, па паўночным усходзе краіны — не вышэй за 9 марозу.

А між тым...

Самая высокая дзённая тэмпература ў снежні мінулага года склала плюс 4 градусы. У той час як мінімальная тэмпература ноччу апускалася да мінус 7 градусаў.

Большую частку снежня ў Мінску назіраюцца пахмурныя дні, аднак сонечныя і хмарныя дні таксама не рэдкасць. Колькасць ападкаў, якія выпадаюць у горадзе на працягу снежня, складае 38,8 мм. Такім чынам снежань з'яўляецца адным з самых сухіх месяцаў у годзе.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: На Каляды глядзім — усю зіму бачым

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.