Вы тут

Вольга Лета: шлях ад каралевы твэрка да бізнес-лэдзі


Вольга Лета. Тварам, энергетыкай гродзенка нагадвае Мэрлін Манро. Як і амерыканка-легенда, Вольга такая ж нязломная, энергічная, з неўтаймавальнай прагай жыцця і, канешне, харызмы ў ёй больш, чым дазволена законам. У Гродне яе любяць ці крытыкуюць — раўнадушных няма. Так, радніць Вольгу з артысткай і атрыманае асуджэнне: кагосьці абураюць відэа твэрка (не самага высокага віду танцаў), нехта скептычна ставіцца да яе спеваў з Мікалаем Баскавым у Крамлі і да заробкаў у сеткавым бізнесе.

Аднак відэа каралевы твэрка набіраюць мільённыя прагляды, Вольга плануе сольную кар'еру спявачкі, а бізнес як квітнеў, так і квітнее. Па-за кадрам застаецца іншая Вольга Лета: добры да людзей чалавек, працавіты прафесіянал, клапатлівая мама са сваёй філасофіяй любові і шчасця.


Не гарачымі танцамі адзінымі

Імя набрала абароты, Вольга змагла дазволіць сабе любую свабоду, узяць чамадан і без лішніх акалічнасцяў ляцець, куды душа просіць. На любое мора. Але так было не заўсёды...

Першыя гурткі па танцах яшчэ юная Вольга Лета (прозвішча, дарэчы, сапраўднае) вяла бясплатна, не цуралася выступіць у дзіцячым садку ці на правінцыйным фэсце. Не прыберагаючы сябе для пафасных праектаў, яна атрымлівала каштоўны вопыт у родным горадзе. Ужо тады харэограф вылучалася шырынёй поглядаў, зоркай таленту. «Каралева дэнсхола Беларусі — 2013» і «Каралева твэрка Беларусі — 2016». Але сапраўдную сілу Вольга адчула, калі адкрыла ўласную школу танцаў. У чым жа сакрэт папулярнасці яе студыі?

«Сказаць, што ўсё залежыць ад кірунку? Не, няпраўда. Гадоў дзесяць таму з маёй групай «Імпульс» было тое ж самае, а там правакацыйнага твэрка і блізка не існавала. З пяці чалавек — у 300 за нейкі год! І калі ў Растоў-на-Доне пераехала, таксама дзяўчаты, якія хацелі навучыцца дэнсхолу, жаночаму танцу, выбіралі мяне. А Растоў велізарны горад, і канкурэнцыя там драконаўская. У танцах галоўнае шалёная энергетыка без пантоў», — усміхаецца Вольга.

Гродзенка адна з першых у Беларусі асвоіла твэрк. З кліпаў замежных рэпераў гэты гарачы танцавальны стыль прыйшоў і да нас, выклікаў неадназначную рэакцыю, але прыжыўся. Вольга Лета лічыць твэрк вясёлай заменай трэнажоркі, кросфіту і пілатэсу. Самай старой з вучаніц на яе памяці было гадоў 40. І кожная жанчына адкрывае сябе новую, упэўненую і больш прывабную.

Відэа Вольгі з украінскага праекта «Танцуюць усе» набрала на YouTube — увага! — 30 мільёнаў праглядаў. І гэта яно зацікавіла маскоўскіх прадзюсараў. Беларусцы прапанавалі месца ў групе «Queens». А далей — супольныя песні з Мікалаем Баскавым і выступленні на «Залатым грамафоне».

Формула поспеху

«А сумнеў, што патрапіце ў даўгавую яму, быў, калі пазычалі вялікую суму на адкрыццё школы? Страх рызыкі?» — цікаўлюся.

«Сумнеў? — перапытвае Вольга. — Які сумнеў? Я ж упэўнена: усё атрымаецца. Тут няма рызыкі. Рызыка гэта... ну, не ведаю, можа, скочыць са скалы з парашутам (смяецца), калі гадаеш: выжывеш ці не? А такія звычайныя рэчы, як грошы пазычыць, крэдыт узяць, прафесію змяніць, ІП адкрыць, пераехаць (з усмешкай адмахваецца)...»

«Чалавек, які мае здаровыя рукі, ногі, галаву не можа патануць у цяжкіх часах, як у балоце. Ва ўсіх адколькавая колькасць гадзін у сутках. Я лічу, калі хочаш зарабіць, пойдзеш, заробіш. Усё! — разводзіць рукамі Вольга. — Я, напрыклад, магу быць настаўніцай фізкультуры, бо маю адпаведную адукацыю, магу — швачкай. У любым выпадку, калі нешта здарыцца, танцаваць не змагу, я заўжды знайду сабе цёплае месца. Таму страху аніякага не маю. Цяжка псіхалагічна? Так, быў у мяне такі перыяд, але яго ніхто не заўважыў. Знаходзячыся ў стане адчаю, я магу абсалютна якасна працаваць, здымацца ў кліпах, фатаграфавацца, ездзіць на конкурсы, шыць сцэнічныя касцюмы, займацца здароўем і знешнасцю і проста ўсміхацца на фоне ўнутранага канфлікту, не бачнага ні для каго, апрача мяне. Не можа быць такога, што я пачала перажываць, захуталася ў коўдру і стала важыць 100 кілаграмаў. Я не я, калі спынюся! Шчасце — гэта не толькі тады, калі ты на грэбені хвалі. Шчасце — гэта і бура, і тупіковая гавань, проста твой лад жыцця!»

«З кім вы сябе атаясамліваеце?» — пытаю.

«Многія гады мне падабаўся фільм «пяты элемент», мне здавалася, што нешта падобнае з гераіняй ёсць. А можа, мне хацелася быць іншапланецянкай і мець фантастычныя здольнасці, як усёмагутная Міла Ёвавіч (смяецца). Знаёмыя кажуць, што падобная да Мэрлін Манро. Але гэта чыста знешняе, бо біяграфія абсалютна іншая», — кажа гродзенка.

Біяграфія Вольгі Лета багатая на падзеі: першая ў Беларусі анлайн-школа танцаў, уласны блог, канал на You Tube, «Праграма схуднення з Вольгай Лета», ранішняя зарадка на ТБ і бясплатная зарадка ў парку Жылібера, псіхалагічныя трэнінгі ад Вольгі Лета. А сама яна то найлепшая на акцёрскіх курсах, то самая старанная на вакале. Ладзіць харэаграфію і танцавальныя лагеры ў Індыю, Тайланд, дае майстар-класы па дэнсхоле, актыўна працуе ў сеткавым бізнесе і ўдала прадае самую розную прадукцыю.

«Памятаеце басню пра Мурашку і Страказу? Вам знаёмы вечны канфлікт тэхнароў і людзей творчых? «Лета чырвонае праспявала, ідзі цяпер галодная ў маразы і патанцуй»?

«Выбраць асноўным заробкам творчасць — гэта рызыка. Колькі танцораў? І колькі з іх ядуць марцыпаны? Таму творчых людзей я вельмі люблю! Па меншай меры адзін раз яны праявілі мужнасць. Толькі смелы скажа: «Я хачу спяваць!» «Якое спяваць? Эканамістам ідзі!» — кінуць у твар. З дрэнным стаўленнем ад тэхнароў я не сутыкалася. Пытанне не ў фізіках і лірыках, а ў людзях, якія ў душы недалюбліваюць сваю працу. Вечарам яны кажуць: «Я стаміўся, серыял пагляджу. Усё». Вось з такімі людзьмі ў мяне канкрэтнае (павышае голас) узаемнае непаразуменне! Аматары наседжаных месцаў, а я люблю мяняцца, ехаць у іншы горад і пачынаць з нуля. Ёсць творчыя інжынеры, урачы, а настаўнік — гэта мегатворчасць, залатая прафесія. Я ведаю, што кажу. Мая мама настаўніца», — усміхаецца гераіня.

Вольга Лета заўжды глядзела шырока: першая ў горадзе занялася самарэкламай, першая раздзяліла заняткі па кірунках (хіп-хоп, танцы на абцасах, расцяжка — усё асобна). Стала Праметэем, які не мае патрэбы ў натхненні звонку, бо сама сабе матыватар, зарадка для іншых. Яна падтрымала дзясятак вучняў у трэнерстве. Нават Масква сустрэла гродзенку надзіва цёпла: Вольга сама выбірала студыю на правах гаспадыні ўласнага лёсу.

Бізнес-лэдзі ўпэўнена, што дасягнуць вышынь можна і ў Беларусі: «Імя зробіш дзе заўгодна. Выбірай краіну, едзь і працуй. Так, у Маскве больш конкурсаў, кастынгаў. Але з іншага боку — больш шанцаў згубіцца. Лепш быць першай у Мілане, чым другой у Рыме. У маленькім горадзе з чымсьці прасцей, але можаш вылезці, а цябе хутка апусцяць рэаліі нашага жыцця (смяецца). Ворагам народа аб'явяць, калі аўдыторыю з суседняй школы пераманіш. Люблю наш час інтэрнэту! Адпраўляй рэзюмэ, здымай відэа — і крутая работа гарантавана. Проста беларусы часта сумняваюцца, недаацэньваюць сябе, а насамрэч наш народ вельмі моцны».

Пра любоў і каханне

«Я не афішую асабістае жыццё ў сацсетках, таму камусьці здаецца, што ў мяне ўжо шэсць кошак пры адсутнасці спатканняў. Гэта не так», — загадкава ўсміхаецца гераіня.

«А мама вы якая?» — цікаўлюся.

«Зусім непатрабавальная. Я хачу, каб мая дачка мела асалоду ад жыцця. Вельмі шмат усіх, хто патрабуе і будзе патрабаваць. Няхай я буду тым сябрам, да якога яна заўжды можа прыйсці, ведаючы, што мне ад яе нічога не трэба. Я проста яе люблю. Два ці дзесяць атрымае — усё роўна. Вядома, парадуюся, калі 10», — адказвае Вольга.

«Уявіце сваё жыццё праз дзесяць гадоў. Дзе вы і што вас акаляе?» — пытаю.

«Так, дачцэ маёй ужо за 20 (паўза). Яна вучыцца ва ўніверсітэце. Самастойная, уся ў мяне, — смяецца Вольга і працягвае: — Па-любому за гэты час я ўжо паспею сустрэць каханне. Я з маім мужчынам. І гэта першы твар, які побач. Мы падарожнічаем. Разам старэем ва ўтульным доме з вокнамі на шчасце. З водарам смачнай ежы. Не піражкоў, канешне, бо гэта планы на 10, а не 30 гадоў (смяецца). Мая справа квітнее. Студыя танцаў, а можа і аздараўленчы цэнтр. Канешне, там у мяне ўжо ёсць другое дзіця, а можа і трэцяе (усміхаецца)».

А пакуль сэрца Вольгі Лета застаецца вольным.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.