Вы тут

Як працуе аператыўна-дзяжурная служба РУУС?


Насельніцтва Фрунзенскага раёна сталіцы складае каля 467 тысяч чалавек. Больш, чым у некаторых абласных цэнтрах. Сітуацыя з рознымі правапарушэннямі мяняецца літаральна кожную хвіліну. Быць у курсе гэтай сітуацыі — прамая задача аператыўна-дзяжурнай службы (АДС), якую яшчэ называюць сэрцам РУУС.


Старшы  аператыўны дзяжурны  Андрэй Цвірко.

Як расказаў мне начальнік АДС УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Пекаў, асноўныя функцыі, якія выконвае яго служба, заключаюцца ў наступным: прыём паступаючых паведамленняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Рашэнне прымаць трэба хутка, каб не дапусціць цяжкіх наступстваў. Старшы аператыўны дзяжурны можа выслаць на месца здарэння альбо групу затрымання, альбо следча-аператыўную групу, у склад якой уваходзіць старшы следчы, супрацоўнік крымінальнага вышуку, эксперт і міліцыянер-кіроўца. Калі правапарушэнне не настолькі цяжкае, можна паслаць на разгляд участковага інспектара. Акрамя таго, АДС трымае сувязь з супрацоўнікамі ДАІ, з медыкамі і пажарнымі. А для экстранных выпадкаў існуюць АМАП і вайсковыя часці 5448 і 3214.

Работа аператыўна-дзяжурнай службы ідзе ў кругласутачным рэжыме. На змену ў РУУС заступаюць тры чалавекі: старшы аператыўны дзяжурны, старшы інспектар-дзяжурны і памочнік дзяжурнага. Змена доўжыцца 24 гадзіны. Дазваляецца па чарзе 4-гадзінны сон. Графік — суткі праз трое.

Вывучаю сітуацыю знутры: слухаю размовы, паведамленні па рацыі. Спачатку здаецца, што разабрацца тут немагчыма. Але паступова, з дапамогай дзяжурных, я пачынаю ўнікаць у сітуацыю, адрозніваць службовыя функцыі кожнага і нават весці размову са старшым аператыўным дзяжурным, падпалкоўнікам міліцыі Андрэем Цвірко. І адначасова, як і належыць журналісту, рабіць запісы ў блакноце, якія хоць бы часткова адлюстроўваюць тое, што адбываецца ў аператыўна-дзяжурнай службе.

17.15. Паступіў званок з офіснага цэнтра. Ахоўнікі заўважылі падазронага чалавека. Ходзіць па паверхах, зазірае ў кожны кабінет. Паводзіць сябе неадэкватна. Ці то наркаман, ці задумвае нядобрае, напрыклад крадзеж.

Андрэй Цвірко прымае званок, запісваючы паведамленне ў журнал, і тут жа звязваецца з участковым інспектарам, каб той праверыў падазронага суб'екта.

17.23. Паведамілі аб сутыкненні двух легкавых аўтамабіляў.

Старшы аператыўны дзяжурны перадае інфармацыю ў ДАІ — гэта здарэнне па іх лініі.

— Да вас паступаюць усе паведамленні?

— Абсалютна ўсе, — адказвае, запаўняючы журнал, Андрэй Анатольевіч. — Усё, што здараецца ў раёне, у першую чаргу сцякаецца сюды. Сёння, дарэчы, абстаноўка на дарогах складаная, званкоў па дарожна-транспартных здарэннях будзе шмат.

17.28. Дастаўляюць жанчыну сярэдніх гадоў і нязграбнага выгляду. Ёю займаецца старшы інспектар-дзяжурны маёр міліцыі Сяргей Лысянкоў. Ён правёў дагляд затрыманай і змясціў яе ў камеру.

— За што яе ў камеру? — спытаў я Сяргея Лысянкова.

— Не камера, а пакой для затрыманых, — папраўляе мяне старшы інспектар-дзяжурны. — Яна падазраецца ў здзяйсненні крадзяжу ў кватэры сваёй знаёмай. Дарэчы, у мінулым яна ўжо была судзімая.

Мы з Сяргеем Васільевічам знаходзімся ў калідоры, куды выходзяць дзверы шасці пакояў для затрыманых. Два з іх празрыстыя, са сцяной і дзвярыма з адмысловага шкла. У першым знаходзіцца затрыманая. Яна адварочваецца, хаваючы твар, сыходзіць углыб, нібы ўцякаючы.

Чатыры іншыя пакоі — звычайныя, з цяжкімі металічнымі дзвярыма. Зазіраю ў круглае «вочка». Хмурны немалады мужчына моўчкі ходзіць ад сценкі да сценкі, апусціўшы галаву.

— А гэты затрыманы што здзейсніў? — пытаюся я.

— Зладзіў дэбош дома, — адказвае Сяргей Лысянкоў. — Дочкі патэлефанавалі. Не мог супакоіцца, на ўчастковага кідаўся. Прыйшлося выклікаць нарад, везці сюды.

Я вяртаюся ў пакой, дзе прымае паведамленні Андрэй Цвірко. Якраз тэлефануюць з нагоды чарговай аварыі — старшы аператыўны дзяжурны ведаў, аб чым казаў. Ён перадае інфармацыю ў ДАІ, робіць запіс.

Дастаўляюць яшчэ аднаго затрыманага, маладога мужчыну. Ён вельмі п'яны, крычыць і лаецца. Андрэй Анатольевіч тлумачыць, што нарад выклікалі пажылыя бацькі мужчыны. Сяргей Лысякоў з дапамогай калег змяшчае затрыманага ў камеру. Той стукае кулакамі ў дзверы і нешта патрабуе.

— Які буйны «кліент»!

— Не, гэты яшчэ спакойны, — заўважае Сяргей Васільевіч.

Пад грукат з пакоя для затрыманых работа АДС працягваецца.

  • 18.06. На вуліцы Жудро сутыкненне двух аўтамабіляў.
  • 18.10. Патэлефанаваў не вельмі цвярозы чалавек, заявіў аб страце дакументаў.
  • 18.15. Паведамілі, што на скрыжаванні па вуліцы Кальварыйскай не працуе святлафор.
  • 18.19. На вуліцы Альшэўскага ў кватэры была бойка.
  • 18.23. Дзяўчынка 14 гадоў знайшла партфель. Чакае супрацоўнікаў міліцыі, каб яго аддаць.
  • 18.30. Паведамілі аб сутыкненні аўтамабіляў.
  • 18.35. Патэлефанаваў хлопец, паведаміў, што не можа знайсці сябра з учарашняга вечара.

Апошняя інфармацыя перадаецца ў гарадскі аддзел міліцыі (ГАМ), на тэрыторыі якога знік чалавек. Усяго ў Фрунзенскім раёне тры ГАМы. У кожным маецца свая АДС, і ўсе яны сінхронна супрацоўнічаюць з цэнтральнай аператыўна-дзяжурнай службай, размешчанай у РУУС — там, дзе ў гэты момант знаходжуся я.

Хлопец, дастаўлены нядаўна, крычыць і грукоча ў дзверы. Але нервы ў супрацоўнікаў моцныя, і яны спакойна працягваюць сваю работу.

Пытаюся ў падпалкоўніка Цвірко, ці бываюць кур'ёзныя выпадкі ў яго службе. Ён усміхаецца і ўспамінае, як аднойчы патэлефанавалі жыхары аднаго дома і паведамілі, што іх сусед трымае ў сябе ў кватэры... карову. Супрацоўнікі прыехалі па ўказаным адрасе і ўбачылі.. не, не карову, а парася, якога гадаваў у сябе ў кватэры жыхар. Стала зразумела, адкуль узяўся той пах, на які скардзіліся суседзі.

— Не пазайздросціш вам, — тэлефануюць з любой нагоды. І на кожны сігнал трэба рэагаваць, пасылаць людзей.

— Такая служба, — адказвае Андрэй Анатольевіч. — Выпадкі бываюць розныя, мы абавязаны разабрацца з усімі без выключэння.

Час ішоў, званкі паступалі ў ранейшым рэжыме, колькасць іх да вечара павялічылася. Пад рукой у старшага аператыўнага дзяжурнага чатыры гарадскія тэлефоны і два мабільныя. Плюс рацыя, па якой бесперапынна ідзе інфармацыя. З непрывычкі ў чалавека галава пойдзе кругам. Але супрацоўнікі АДС адчуваюць сябе ўпэўнена — шматгадовы вопыт.

На сцяне — электронная карта раёна, або сістэма GРS-пазіцыянавання. Кожны супрацоўнік, які знаходзіцца на службе, мае пры сабе пераносную радыёстанцыю, і кожны аўтамабіль забяспечаны радыёстанцыяй стацыянарнай. Дзякуючы гэтаму, іх дыслакацыю можна імгненна вызначыць па карце і выслаць на выклік таго, хто апынецца найбольш блізка да месца здарэння. Гэтая сістэма ўкаранёна паўтара года таму і выдатна сябе зарэкамендавала.

У аператыўна-дзяжурную службу час ад часу заходзяць аператыўныя работнікі, следчыя, перадаюць або забіраюць дакументы, паведамляюць навіны па сваіх справах. Усё ўзгоднена, зладжана, кожны ведае, што робіць.

Памочнік дзяжурнага АДС старшына міліцыі Ілья Шуцкі працуе за камп'ютарам, прымае паведамленні, якія паступаюць па электроннай пошце, складае тэлеграмы для далейшай перадачы тым, каму яны адрасаваны. Задача адказная. У АДС акумулююцца звесткі па ўсіх правапарушэннях у раёне. Яны аналізуюцца, маніторацца і трымаюцца пад пастаянным кантролем супрацоўнікаў службы.

  • 19.42. Знайшоўся зніклы сябар! Але ўсё роўна паслалі нарад, каб праверыць дакладнасць інфармацыі і ўстанавіць асобу. Гэта значыць, высылалі нарад па факце знікнення чалавека, цяпер — па факце яго знаходкі. Клапотная служба ў міліцыі, карпатлівая і бясконца адказная.
  • 19.50. Парушэнне паркоўкі. Інфармацыя перадаецца ў ДАІ.
  • 19.54. Патэлефанавалі суседзі: сядзелка ў бабулькі прывяла на кватэру кампанію. Просяць разабрацца. Ужо разумею: будзе накіраваны ўчастковы інспектар. Так і ёсць.
  • 19.57. Скандаліць п'яны бацька сямейства. Паслалі нарад прыняць меры.

Пачатак дзявятай. Прыехаў канвой, забраў жанчыну, якую затрымалі за падазрэнне ў крадзяжы. Сяргей Лысянкоў перадаў канвою суправаджальныя дакументы, правёў усе неабходныя працэдуры — гэта яго прамыя абавязкі.

Па злачынствах затрыманых вязуць альбо ў СІЗА (следчы ізалятар), альбо ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання). Па адміністрацыйных праступках могуць даставіць у ЦІП (цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў). Знаходзіцца ў АДС затрыманыя могуць не больш за 12 гадзін. Таму надоўга тут не застаюцца.

Палова дзявятай вечара. На пульт старшага аператыўнага дзяжурнага працягваюць паступаць званкі. Ён гэтак жа спакойна, як і раней, прымае іх, адказвае, робіць адпаведныя распараджэнні, запісвае інфармацыю ў журнал.

Мы цёпла развіталіся з супрацоўнікамі, я сышоў. На сёння маё дзяжурства было скончана. А яны засталіся, на ўсю доўгую ноч, рабіць сваю непрыкметную, але складаную і важную справу — ахоўваць спакой нашых грамадзян. І я пераканаўся асабіста: гэта справа ў надзейных і ўпэўненых руках.

Сяргей КУЛАКОЎ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці.