Вы тут

Беларускаму бюро Інтэрпола споўнілася 25 гадоў


Як расказаў намеснік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро (НЦБ) Інтэрпола падпалкоўнік міліцыі Аляксей Вершаль, прыняцце нашай краіны ў члены міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі — Інтэрпол — адбылося на сесіі Генеральнай Асамблеі 4 кастрычніка 1993 года. А ўжо 10 снежня загадам МУС было створана НЦБ Інтэрпола ў Рэспубліцы Беларусь.


— Аляксей Ігаравіч, якія задачы стаяць перад вашым падраздзяленнем?

— Такіх задач некалькі. Перш за ўсё гэта назапашванне, аналіз, апрацоўка і абмен інфармацыяй аб міжнароднай злачыннасці. Намі ажыццяўляецца перадача адпаведным ведамствам краіны запытаў, якія накіроўваюць органы паліцыі іншых дзяржаў. Таксама каардынуем вядзенне міжнароднага вышуку злачынцаў, іх затрыманне і перадачу боку, які запытвае.

— З кім супрацоўнічае бюро Інтэрпола?

— Унутры краіны мы падтрымліваем сувязі з рознымі ведамствамі, такімі як суд, пракуратура, следчыя органы, банкі, мытня, памежная служба і органы фінансавых расследаванняў. І натуральна, мы цесна працуем з НЦБ іншых краін і Генеральным сакратарыятам Інтэрпола.

— Скажыце, адкуль да вас прыходзяць новыя супрацоўнікі? З міліцыі ці гэта могуць быць асобы грамадзянскіх спецыяльнасцяў?

— Ёсць і з міліцыі, але неабавязкова. Як правіла, у бюро патрабуюцца людзі з веданнем моў, з добрай юрыдычнай і тэхнічнай падрыхтоўкай. Таму ў нас працуюць выпускнікі ВНУ з лінгвістычнай адукацыяй або, напрыклад, з факультэта міжнародных адносін БДУ. Але ў апошнія гады спецыяльна для нашага бюро падрыхтоўкай кадраў занялася Акадэмія МУС. Некаторыя яе выпускнікі прыйшлі да нас, і мы вельмі задаволены ўзроўнем іх падрыхтоўкі.

— Веданне моў мае вырашальнае значэнне?

— Вызначальнае, — папраўляе Аляксей Ігаравіч. — Усе перамовы, дзелавая перапіска вядуцца, як правіла, на адной з афіцыйных моў Інтэрпола. І вядома, супрацоўнік нашага бюро павінен валодаць замежнай мовай у дастатковай ступені. Перакладчыка на кожны выпадак у нас няма, а работа чакаць не будзе. Акрамя таго, існуюць камандзіроўкі за мяжу, дзе веданне мовы проста неабходна.

— Вы яшчэ згадвалі тэхнічную падрыхтоўку. Што мелі на ўвазе?

— Работа бюро заснавана перш за ўсё на арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння. Тут выкарыстоўваецца вельмі шырокі масіў розных банкаў даных Інтэрпола і нашага міністэрства. Для іх стабільнага функцыянавання і развіцця неабходны спецыялісты з тэхнічнымі ведамі. Ідзе ХХІ стагоддзе, ІT-тэхналогіі развіваюцца сямімільнымі крокамі, і мы, вядома, не можам адставаць ад тых тэндэнцый, якія назіраюцца ў свеце.

— Як вашы магчымасці прымяняюцца на практыцы?

— Нашы інфармацыйныя магчымасці набываюць асаблівую актуальнасць пры правядзенні буйных масавых мерапрыемстваў. Чатыры гады таму быў чэмпіянат свету па хакеі, а зараз мы будзем прымаць ІІ Еўрапейскія гульні. Акрамя нашага ведамства, мы аказваем садзейнічанне калегам з іншых праваахоўных органаў з тым, каб у нашу краіну не прыбылі людзі з сумнеўным мінулым, альбо канкрэтна злачынцы. Калі такія звесткі ў нас праходзяць, мы неадкладна інфармуем калег для таго, каб яны прынялі адпаведныя контрмеры па недапушчэнні злачыннага элемента. Ці, напрыклад, мы даведаліся, што да нас едзе група фанатаў з мэтай парушыць грамадскі парадак. Яны яшчэ не даедуць да мяжы, а нашы кампетэнтныя органы будуць праінфармаваны. Гасцей возьмуць пад назіранне і будуць іх належным чынам суправаджаць, каб не дапусціць магчымых эксцэсаў.

— Якім чынам вы атрымліваеце гэтыя звесткі?

— Інфармацыя можа паступаць як з дзеючых інфармацыйных сістэм, так і ў выглядзе паведамлення ад нашых замежных партнёраў.

— Што датычыцца ўзаемадзеяння. У Інтэрпол уваходзяць 194 дзяржавы. Наколькі лёгка супрацоўнічаць з кожнай з іх?

— Усё залежыць ад нацыянальнага заканадаўства той ці іншай дзяржавы, ад асаблівасцяў менталітэту, нават ад мясцовых звычаяў. Напрыклад, з еўрапейскімі краінамі ў нас вельмі дакладнае ўзаемадзеянне. А калі браць некаторыя дзяржавы Блізкага Усходу, Афрыкі ці, скажам, Індыю з яе амаль паўтарамільярдным насельніцтвам, то часам рашэнне некаторых пытанняў ажыццяўляецца не так хутка, як хацелася б. Але ўсё роўна работа ідзе даволі паспяхова.

— Адным з галоўных кірункаў дзейнасці вашага бюро з'яўляецца міжнародны вышук злачынцаў і асоб, зніклых без вестак...

— За час існавання бюро ў вышук па лініі Інтэрпола з мэтай выдачы абвешчана больш за 1500 злачынцаў. Устаноўлена на тэрыторыі замежных дзяржаў каля 850 асоб, якія адшукваюцца. Геаграфія краін, дзе хаваліся злачынцы, досыць шырокая: Аўстралія, Тайланд, Ізраіль, Аргенціна, Парагвай, Ангола, Егіпет і многія іншыя, уключаючы краіны Еўропы.

— Таксама вы займаецеся экстрадыцыяй злачынцаў?

— Пры непасрэдным удзеле нашых супрацоўнікаў на тэрыторыю Беларусі для прыцягнення да крымінальнай адказнасці адканваіравана больш за 100 асоб, якія адшукваліся па лініі Інтэрпола. У сваю чаргу, па хадайніцтве замежных дзяржаў нашай краінай для ажыццяўлення крымінальнага пераследавання выдадзена каля
110 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

— А што можаце сказаць пра тых, хто прапаў без вестак?

— Кіраўніцтва МУС удзяляе асаблівую ўвагу пошуку такіх асоб. Беларускім бюро Інтэрпола абвешчана каля 700 зніклых без вестак. Устаноўлена месцазнаходжанне каля 170 асоб на тэрыторыі іншых дзяржаў. Ёсць і іншы аспект гэтай работы. Улічваючы тое, што тысячы чалавечых астанкаў па ўсім свеце да гэтага часу не ідэнтыфікаваныя, у значнай колькасці краін — членаў Інтэрпола створаны базы даных, якія ўключаюць ДНК-профілі неўстаноўленых трупаў і ДНК-профілі блізкіх сваякоў зніклых без вестак людзей. Дзякуючы гэтаму атрымліваецца ідэнтыфікаваць сотні загінулых людзей, якія лічацца на працягу многіх гадоў зніклымі без вестак, а іх сваякі атрымліваюць магчымасць пахаваць блізкіх у адпаведнасці са сваімі традыцыямі.

— У якіх кірунках вы працуеце яшчэ?

— З 2004 года наша краіна з'яўляецца ўдзельнікам праекта Інтэрпола пад назвай «Міленіум». Мэтай яго з'яўляецца збор, аналіз і абмен інфармацыяй аб лідарах злачыннага асяроддзя — так званых «злодзеях у законе». У рамках гэтага праекта ажыццяўляецца непасрэднае ўзаемадзеянне паміж органамі паліцыі, што дапамагае паспяхова спыняць пранікненне замежнай арганізаванай злачыннасці на нашу тэрыторыю.

У цэлым трэба сказаць, што НЦБ Інтэрпола ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца правераным і дзейсным механізмам міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы са злачыннасцю.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?