Вы тут

У Мінску падвялі вынікі V міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў


У Мінску падвялі вынікі V міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, які па традыцыі прайшоў у рамках Каляднага опернага форуму і сабраў сёлета амаль 170 удзельнікаў з 18 краін свету, у тым ліку ўпершыню — з Венесуэлы.


З 14 да 19 снежня маладыя вакалісты дэманстравалі ўсе свае галасавыя і артыстычныя здольнасці, каб прайсці праз конкурснае сіта двух адборачных тураў і трапіць у фінал творчага спаборніцтва — гала-канцэрт «Новыя галасы маладой оперы». Аднак аказацца ў ім пашчасціла толькі 11 артыстам, сярод якіх — і два прадстаўнікі Беларусі: Настасся Малашкевіч (Вахомчык), якая ўваходзіць у стажорскую трупу Вялікага тэатра Беларусі, і саліст нашай оперы Андрэй Сялюцін. Упершыню за ўсімі этапамі, уключаючы фінальны, дзе ўдзельнікі выконвалі эпізод з оперы на галоўнай сцэне ў суправаджэнні аркестра, у касцюмах і з артыстамі-партнёрамі, маглі сачыць і гледачы дзякуючы анлайн-трансляцыі на YouTube-канале тэатра. Наколькі гэта нябачная публіка паўплывала на вынікі, меркаваць складана, але выхад у інтэрнэт адназначна зрабіў оперны конкурс больш даступным для шырокай аўдыторыі і больш эмацыянальна насычаным.

Абсалютна ўсе ўдзельнікі міжнароднага журы, у склад якога ўвайшло больш за 15 прафесіяналаў з вядучых тэатраў свету, адзначылі высокі ўзровень мінскага конкурсу. Многія яго лаўрэаты і пераможцы мінулых гадоў ужо маюць кантракты з найлепшымі нацыянальнымі операмі, і цяперашнія ўдзельнікі ніколькі ім не саступаюць.

«Я быў проста ўражаны, — прызнаўся напярэдадні вырашальнага этапу віцэ-прэзідэнт міжнароднага конкурсу выканаўцаў у Мармандзе (Францыя) Жан-Поль Бюрль, — і гарантую, што адзін з лаўрэатаў будзе запрошаны цалкам за кошт фестывалю адразу ў паўфінал нашага конкурсу ў Францыі». «Я на конкурсе ўжо трэці раз, і з кожным прыездам заўважаю рост і развіццё. Вельмі цікава назіраць, як шмат цудоўных галасоў і перспектыўных артыстаў прыязджае ў Беларусь», — дадаў рэдактар брытанскага часопіса «Опера» Джон Элісан. Ну, а генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі, старшыня журы конкурсу Уладзімір Грыдзюшка, нагадаў, што артыстаў прывабліваюць не толькі магчымыя будучыя кантракты, але таксама адчувальны матэрыяльны стымул: прызавы фонд конкурсу складае 28 тысяч долараў ЗША: 10 тысяч — Гран-пры, 8 тысяч — І прэмія,
6 і 4 тысячы — ІІ і ІІІ прэміі адпаведна.

І вось інтрыга вырашылася: Гран-пры журы прысудзіла Ксеніі Несцярэнцы (Расія), першую прэмію і прыз глядацкіх сімпатый заваявала Ларэн Мішэль з ЗША, другую атрымаў яшчэ адзін прадстаўнік Расіі Дзмітрый Іванчэй, а трэцюю падзялілі паміж сабой амерыканец Эмет О'Хэнлан і беларуска Настасся Малашкевіч (Вахомчык). Акрамя таго, былі ўручаны дадатковыя заахвочвальныя прызы Кацярыне Марозавай з Расіі і Сульбарану Ойката Андрэс Эстэбану з Венесуэлы і некалькі спецыяльных прэмій — так, беларус Андрэй Сялюцін атрымаў у якасці ўзнагароды стажыроўку ў маладзёжнай праграме Вялікага тэатра Расіі, расіянка Ксенія Несцярэнка — тое самае запрашэнне на міжнародны конкурс у Францыю і праслухоўванне ў Нямецкую оперу на Рэйне, Эмета О'Хэнлана запрасілі выпрабаваць свае сілы ў Дзюсельдорфе, а Кацярыну Марозаву — у Сочы. І хто ведае — магчыма, праз год-другі мы зноў пачуем кагосьці з іх на сцэне беларускай оперы, але ўжо ў якасці сусветных зорак?..

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.