Вы тут

Як герцагства Люксембург «дало форы» ўсім?


Днямі Еўрапейскае статыстычнае агенцтва (Еurоstаt) апублікавала звесткі аб фактычным індывідуальным спажыванні на душу насельніцтва (Асtuаl Іndіvіduаl Соnsumрtіоn реr саріtа) і пра долю ВУП у разліку на душу насельніцтва (GDР реr саріtа) у краінах ЕС. Сярэдні ўзровень па 28 краінах ЕС бярэцца за 100 працэнтаў. Германія заняла другое месца (плюс 22 працэнтныя пункты да разліковага паказчыка). У Аўстрыі, Даніі і Вялікабрытаніі, Бельгіі, Фінляндыі, Нідэрландах, Швецыі і Францыі вынік перасягае сярэдні па ЕС на 10—20 працэнтаў. Самы нізкі ўзровень спажывання на душу насельніцтва сярод краін ЕС адзначаны ў Балгарыі (54 працэнты), Венгрыі (62 працэнты), Харватыі (62 працэнты), Румыніі (68 працэнтаў) і Латвіі (68 працэнтаў). А бясспрэчнае першае месца па індывідуальным спажыванні на душу насельніцтва ў Еўрасаюзе заняў Люксембург, дзе ўзровень амаль на трэць вышэйшы. Прычым герцагства лідзіруе па гэтым паказчыку на працягу апошніх чатырох гадоў. За кошт чаго невялічкі Люксембург «даў форы» ўсім?


Маленькая крэпасць

У далёкім мінулым галы, франкі і рымляне напераменку захоплівалі гэтую тэрыторыю, пакуль у 963 годзе маленькі ўмацаваны замак Лісілінбург (Luсіlіnburg — «маленькая крэпасць») не атрымаў статус незалежнага. Першым графам у 1060-м стаў Конрад, а герцагствам Люксембург абвясцілі толькі праз тры стагоддзі — у 1354-м. Пасля краіна то адыходзіла Аўстрыі, то яе захоплівала Францыя, а потым перадавала Іспаніі. «Вялікім» герцагствам Люксембург стаў у 1815 годзе, а ў верасні 1867-га атрымаў статус «вечна нейтральнага».

З уступленнем у 1949 годзе ў НАТА гэты нейтралітэт быў парушаны. Дарэчы, Люксембург — адна з нямногіх малых краін, у якой ёсць уласныя ўзброеныя сілы. Дарэчы, яны нават прымалі ўдзел у афганскай аперацыі НАТА «Рашучая падтрымка» ў колькасці аднаго (!) салдата. Пазней кантынгент быў павялічаны да... двух байцоў.

Вядома ж, па памерах і дапамога (цяпер плошча Люксембурга, які мяжуе з Бельгіяй, Германіяй і Францыяй, — каля 2,5 тысячы кв. км). Насельніцтва краіны складае ўсяго каля 600 тысяч чалавек. Пры гэтым 40 працэнтаў — гэта эмігранты, у асноўным з Партугаліі, Францыі і Італіі. У самой сталіцы, горадзе Люксембургу, пражывае ўсяго 180 тысяч чалавек, але ў будныя дні колькасць павялічваецца амаль удвая — з-за жыхароў суседніх краін, якія штодня прыязджаюць сюды на працу.

Стаўленне да мігрантаў у герцагстве асаблівае, што, дарэчы, падкрэслівае выпадак, які адбыўся на мінулым тыдні. Міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асельборн сарваўся на лаянку, слухаючы выступленне кіраўніка МУС Італіі Матэа Сальвіні на канферэнцыі ў Аўстрыі, прысвечанай пытанням міграцыі. На адной з закрытых для прэсы нарад адбыўся інцыдэнт з удзелам італьянскага міністра і Асельборна, які таксама курыруе пытанні міграцыі і прыстанішча. Відэазапіс сваркі трапіў у інтэрнэт, яе, у прыватнасці, выклаў у сваім акаўнце ў «Твітэры» сам Сальвіні. Па паведамленні люксембургскага выдання Рареrjаm, італьянскі чыноўнік, выступаючы перад сваімі еўрапейскімі калегамі, заявіў, што яго краіне мігранты не патрэбныя. «Магчыма, такая патрэба ёсць у Люксембургу», — сказаў Матэа Сальвіні. Слухаючы выступленне італьянскага калегі, кіраўнік люксембургскага МЗС не вытрымаў, сарваў з сябе навушнікі і паспрабаваў перабіць Сальвіні. «У Люксембургу былі дзясяткі тысяч італьянцаў, якія прыехалі як мігранты, працавалі ў Люксембургу, каб у вас у Італіі былі сродкі для дзяцей. Ды чорт вазьмі!» — ускіпеў Асельборн на французскай, выкарыстаўшы пры гэтым моцнае слоўца. У распаўсюджанай па выніках перагавораў заяве кіраўніка МЗС Люксембурга адзначаецца, у прыватнасці, што «Еўропа мае патрэбу ў легальнай міграцыі перад фактам старэння свайго насельніцтва».

Справа для Вялікага герцага

У краіне выкарыстоўваецца тры афіцыйныя мовы: нямецкая, французская, а таксама, з 1984 года, люксембургская. Таксама многія гавораць на англійскай, таму кожны жыхар — дакладна стапрацэнтны паліглот. Менавіта недалёка ад люксембургскай вёсачкі Шэнген у чэрвені 1985 года на левым прытоку Рэйна (рака Мозель), на мяжы трох дзяржаў, прадстаўнікамі асноўных еўрапейскіх краін (Германія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург) было падпісана гістарычнае Шэнгенскае пагадненне, якое адмяняла пагранічны кантроль. Праўда, у сілу яно ўступіла толькі праз 10 гадоў, у 1995-м, а да вышэйназваных краін далучыліся Іспанія і Партугалія.

Кіраўнік Люксембурга — Вялікі герцаг. Паводле канстытуцыі, ён вызначае парадак арганізацыі ўрада і яго склад, зацвярджае і апублікоўвае законы, прызначае чыноўнікаў на грамадзянскія і ваенныя пасады, камандуе ўзброенымі сіламі, заключае міжнародныя дагаворы. У 1964 годзе на трон Люксембурга ўзышоў прынц Жан. У кастрычніку 2000 года Жан адрокся ад трона, спаслаўшыся на ўзрост, і Вялікім герцагам стаў яго сын Анры. Фактычна ж уся выканаўчая ўлада належыць ураду. Кіраванне ў акругах ажыццяўляецца камісарамі, у кантонах — бургамістрамі. Органамі самакіравання ў камунах з'яўляюцца выбарныя саветы.

«Мозельскае» і бясплатны трамвай

Зараз маленькая краіна выплачвае самую вялікую мінімальную заработную плату ў свеце. Праўда, пры гэтым Люксембург мае вялікі знешні доўг, вельмі моцна залежыць ад міжнародных партнёраў, таму сусветныя крызісы вельмі цяжка адбіваюцца на эканоміцы. Тут ёсць буйное радовішча жалезнай руды (адносіцца да шырокага Латарынгскага басейна — каля паўднёвай мяжы краіны). Як адзначыў дырэктар па міжнародных сувязях Гандлёвай палаты Люксембурга Жано Эрпелдынг, у краіне моцная прамысловасць. Аддаецца значная ўвага стварэнню тэлекамунікацыйных сетак і вытворчасці аўдыя- і відэатэхнікі. Выпускаюцца хімічныя прадукты, машыны, пластмасы, тканіны, шкло, фарфор. Шмат новых прадпрыемстваў было створана буйнымі фірмамі ЗША. Для замежных кампаній вельмі прывабным фактарам з'яўляецца тое, што мясцовыя рабочыя ведаюць некалькі моў. Пры высокім індустрыяльным развіцці ў краіне працягваюць займацца традыцыйнымі галінамі сельскай гаспадаркі — мяса-малочнай жывёлагадоўляй, садоўніцтвам, вінаградарствам. Асабліва славяцца вінаграднікі ўздоўж ракі Мозель. У гэтай даліне вырошчваюць адборныя сарты вінаграду, з якіх вырабляюць сусветна вядомыя віны «Рыслінг», «Мозельскае», «Рыванер».

З наступнага лета, згодна з рашэннем урада Люксембурга на чале з Ксаўе Бетэлем, па ўсёй краіне будзе адменена плата за паездкі на ўсіх відах транспарту, уключаючы трамваі, аўтобусы і прыгарадныя цягнікі. Пасля ўступлення ў сілу новага закона герцагства стане першай у свеце дзяржавай з бясплатным грамадскім транспартам.

Як паведамляе брытанскае выданне Thе Guаrdіаn, адпаведнае рашэнне было прынята з-за аўтамабільных затораў, якія штодня збіраюцца па ўсёй краіне. Каб разгрузіць дарогі ад машын, улады і вырашылі адмяніць плату за праезд на грамадскім транспарце, зрабіўшы яго больш папулярным сярод насельніцтва. У далейшым таксама плануецца зрабіць бясплатным праезд у першым і другім класах цягнікоў. Дарэчы, зараз у герцагстве бясплатны праезд на грамадскім транспарце дазволены дзецям, а таксама маладым людзям да 20 гадоў. Астатнія грамадзяне могуць купіць білет усяго за два еўра на дзве гадзіны — гэтага часу хопіць, каб перасекчы ўсю краіну.

Металы на астэроідах

Тым не менш каля 90 працэнтаў экспарту — гэта паслугі: фінансавыя, юрыдычныя. Краіна — важны міжнародны фінансавы і лагістычны цэнтр. Дзякуючы выгадным умовам у сталіцы герцагства размешчаны каля тысячы інвестыцыйных фондаў і больш за 200 банкаў — больш, чым у любым іншым горадзе свету. Добра развіты такі напрамак, як навуковыя даследаванні і інавацыі. Як паведаміў кіраўнік дэпартамента знешніх сувязяў Агенцтва па інавацыях Люксембурга «Люксінавэйшн» Ян Крэсвел, у краіне працуюць 23 цэнтры апрацоўкі даных. Ва ўніверсітэце, адкрытым у 2003 годзе, працуюць навукоўцы з 20 краін і навучаюцца студэнты са 115 краін. Герцагства займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу па глабальным індэксе інавацыйнасці.

Люксембург стварае касмічнае агенцтва і фонд у памеры 100 мільёнаў еўра для інвеставання ў стартапы, якія распрацоўваюць касмічныя тэхналогіі. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра краіны Эцьен Шнайдэр газеце Fіnаnсіаl Tіmеs. У адрозненне ад НАСА, Люксембургскае касмічнае агенцтва, як заўважыў Шнайдэр, не збіраецца запускаць ракеты, а сканцэнтруецца на «развіцці бізнес-прадпрыемстваў у космасе». «Мы хочам стаць краінай, якая асвойвае космас», і зацікаўлены ў супрацоўніцтве з іншымі дзяржавамі, адзначыў віцэ-прэм'ер. На яго думку, ЕС не павінен «пакідаць гэты рынак амерыканцам».

У жніўні мінулага года Люксембург, як нагадвае Fіnаnсіаl Tіmеs, стаў першай краінай Еўропы, якая афіцыйна дазволіла кампаніям і камерцыйным групам, якія базіруюцца ў Вялікім герцагстве, удзельнічаць «у асваенні касмічных рэсурсаў». Перагаворы з зацікаўленымі партнёрамі стварылі прававую аснову для арганізацый, якія маюць намер здабываць такія карысныя выкапні, і валодаць імі, удакладніў Шнайдэр. У сувязі з падобнай ініцыятывай больш за 150 кампаній, інстытутаў, якія займаюцца касмічнымі даследаваннямі, звярнуліся апошнім часам да люксембургскіх улад па дазвол уладкавацца ў краіне.

Раней Люксембург распрацаваў планы здабычы рэдкіх мінералаў і металаў на астэроідах (Sрасе Rеsоurсеs іnіtіаtіvе) сумесна з партнёрамі з ЗША і Еўрасаюза. Партнёрамі Вялікага герцагства сталі ў тым ліку амерыканскія кампаніі «Dеер Sрасе Іndustrіеs» і «Рlаnеtаrу Rеsоurсеs оf thе US». Гаворка ідзе пра стварэнне касмічнай галіны з мэтай пошуку і здабычы матэрыялаў, якія рэдкія на Зямлі, але ёсць у дастатковай колькасці на астэроідах. Па словах спецыялістаў, яны знаходзяцца значна далей за Месяц, але бліжэй, чым Марс, таму цалкам у межах дасяжнасці касмічных беспілотных лятальных апаратаў. Паводле ацэнкі экспертаў, першапачатковы кошт стварэння падобнай касмічнай галіны складзе дзясяткі мільярдаў, а патэнцыйны аб'ём рынку — трыльёны долараў. Так што перспектывы ў Люксембурга, нават мяркуючы па гэтым глабальным «стартапе», неабсяжныя.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: На радзіме Шэнгена

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.