Вы тут

Столінскія фальклорныя вандроўкі


У архівах Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі захоўваецца значная колькасць запісаў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, зробленых у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Першыя напрацоўкі датуюцца 1969 годам. На Століншчыне ў розныя гады працавалі як у індывідуальным, так і ў планавым парадку вядомыя фалькларысты Майсей Грынблат, Канстанцін Кабашнікаў, Лія Салавей, Галіна Барташэвіч, Інеса Салівон, Арсень Ліс і іншыя. У пасляваенны час традыцыйная народная культура яшчэ знаходзілася на стадыі актыўнага бытавання. Тады быў навідавоку амаль поўны спектр фальклорных жанраў, якім валодалі і карысталіся інфарматары розных узроставых груп.


Месяцам падперазала, зоркаю зацягнула

Галіна Барташэвіч запісвае дзіцячы фальклор, 1969 г.

Калі разглядаць песеннасць у храналагічнай паслядоўнасці, то веснавая традыцыя на Століншчыне пачынаецца перыядам уступлення ў Вялікі пост, з якім адначасова пачыналася гуканне вясны. Што цікава, на Століншчыне таксама бытавалі вяснянкі, якія выконваліся ў час веснавой паводкі. Збіральнікі занатавалі даволі рэдкую традыцыю бытавання такой веснавой песні, якую выконвалі жанчыны, калі неслі ежу працаўнікам у поле. Сустракаюцца і адзінкавыя запісы траецкіх песень, у тым ліку куставых. Так, занатавана куставая песня, як можна меркаваць па змесце, выконвалася для гаспадыні. Паколькі ў «куста» ручкі і ножкі маленькія, то яму (ёй, дзяўчыне) трэба даць панскія рукавічкі і чаравічкі. Што датычыцца веснавых песень, то збіральнікам пашанцавала запісаць надзвычай ёмісты і багаты ў сэнсава-змястоўным плане твор «Весна-красна, што ти вынесла?» Разам з гаршком мёду Вясна вынесла старым дзідам «по рососи» (росоха — кій), а пастушкам — па кіёчку, маладзіцам — «по колибелі», старым бабам — па кудзелі, «…А дивочкам да по веночку».

Цікавасць уяўляюць запісы, у якіх апяваецца летні і асенні земляробчыя цыклы. Запісаў на гэтую тэматыку не вельмі шмат, але яны красамоўна сведчаць пра паўнату і багацце народнага жыцця. Гэта, напрыклад, песні, звязаныя з касавіцай, зборам ягад, з малацьбой ячменю. Таксама даволі шмат занатавана лірычных песень, балад, якія нярэдка пазначаюцца збіральнікамі як лірычныя.

Што датычыцца запісаў зімовай паэзіі, то збіральнікі занатавалі тэкст шчадроўкі, прысвечанай гаспадару. У ёй спяваецца, што гаспадар сядзіць у шубе і шуба гэта новая. У ёй ёсць калітачка, а ў гэтай калітачцы «чатыры грошы». Шчадравальнікі просяць гаспадара іх адарыць: «…Сёмутому по сылетечку, / А нам, дядько, по пирожечку». На заканчэнне шчадроўкі гурт просіць даць ім і «канец каўбасы». Тэкст адрозніваецца ад іншых шчадровак у апісаннях гаспадара і яго шубы, а таксама назвамі пачастункаў, якія хацелі б атрымаць шчадравальнікі. Для гэтай, як і многіх іншых шчадровак, агульнай з’яўляецца просьба атрымаць «канец каўбасы».

«Дзякуй табе, моя бабонька…»

Сярод запісаў сямейна-абрадавай традыцыі нямала тэкстаў вясельных і хрэсьбінных песень. Запісы вясельнай абраднасці прысвечаны розным этапам вяселля. Неабходна адзначыць, што сярод іх прысутнічаюць тэксты, прысвечаныя сіраце-маладой. Варта засяродзіцца на вясельнай песні, якая выконвалася, калі малады выпраўляўся ў дарогу па маладую. Бласлаўляючы сына ў дарожку, маці яго месяцам падперазала, зоркаю зацягнула, доляю абярнула. Характарызуючы хрэсьбінную паэзію, нельга не спыніцца на адной з песень. У ёй згадваецца старадаўняя традыцыя: абавязковая падзяка парадзіхі пасля бяседнага пачастунку бабцы-павітусе, «кумонькам» і дзецям заловак і ятровак, свекрыві і свёкру і ўсёй іх радзіне:

— Ой, дзякуй табе, моя бабонька,

За твої руки.

Шчо ти приняло мойе дитятко

На свої руки.

Такім жа чынам парадзіха дзякавала ўсім пералічаным дзеючым асобам. Даволі шырока прадстаўлены корпус лірычнай паэзіі. У іх лік можна аднесці тэксты рознай жанравай прыналежнасці. Тут і песні баладнага тыпу, і ўласна балады, і творы, прымеркаваныя да розных гаспадарчых турбот… Усе іх аб’ядноўвае адпаведны эмацыянальна-псіхалагічны настрой, філасофскае асэнсаванне жыццёвых праблем і стасункаў. Пра няспраўджаныя спадзяванні спяваецца ў рэкруцкай песні «У неділю рано»:

У неділю рано,

Вельмі пораненьку,

Кувала зовзуля

Вельмі жалосненько.

Гэто не зовзуля,

Гэто рідна мати,

Не хотіла сина

До войска оддати.

Маці спадзявалася ўвосень сына ажаніць, «нивісточку взяти». Маці знаходзіць маладога рэкрута раненым у полі і з вялікім жалем пытаецца ў яго: «…Ой, синку, мій синку, / Шчо ж ти завоёвав, / Шчо з правой рученьки / Шаблі не выймовав». У гэтых радках чуецца вялікі клопат пра тое, каб у дзяцей усё складвалася добра, каб іх жыццё было накіравана на стваральную працу.

Ад інфарматараў школьнага ўзросту запісана значная колькасць загадак. Яны разнастайныя па тэматыцы, дасціпныя і прымушаюць, калі хто не знаёмы з мясцовымі традыцыямі, доўга думаць, каб знайсці правільную адгадку. Сярод запісаў загадак ёсць такія тэксты, што без ведання мясцовых кантэкстаў культуры загадку не адгадаеш. Так, напрыклад, цікавая загадка пра павуціну: «Белая світа не рукамі сшыта». З гэтага ж шэрагу і наступная: «Бяз рук, без сякеры, а хату зробіць». За адгадку інфарматарам пазначана птушка.

У моўныя ландшафты

У час экспедыцый у Столінскі раён у 1969 г. плённа папрацаваў адзін з самых старэйшых на той момант фалькларыстаў Беларусі Майсей Грынблат. Для яго запісаў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў гэтай мясцовасці характэрны шырокі дыяпазон навуковых інтарэсаў. Сустракаюцца не толькі занатаваныя тэксты народнага меласу, але і вельмі цікавыя экскурсы ў моўныя ландшафты дадзенай мясцовасці, а таксама ў яе гістарычнае мінулае.

Ёсць у архіве знанага даследчыка і цікавыя тэксты траецкіх песень. Самыя шчыльныя і трывалыя сувязі з Тройцай мае нязначная колькасць узораў. З аднаго тэксту вынікае, што на Століншчыне ў час Тройцы рабіліся абрадава-рытуальныя абыходы палеткаў са збожжавымі. У песні спяваецца, што ў час першага абыходу жытнёвага поля жанчына знайшла гняздо перапёлкі з перапялятамі. Калі ж яна прыйшла другі раз, то перапёлчыных дзяцей не знайшла, што яе вельмі засмуціла. На Століншчыне, як спяваецца ў песні, абыход адбываўся на Тройцу, а калі гаварыць пра гэтую традыцыю ў межах ўсёй Беларусі, то такія дзеянні прымяркоўваліся таксама і да Юр’я веснавога (6 мая), і да Міколы (22 мая). Астатнія ж тэксты песень, якія выконваліся на Тройцу, маюць ускосную прымеркаванасць да гэтага свята. І хаця інфарматары самі пазначалі гэтыя тэксты як траецкія, у іх усё ж часцей пераважаюць матывы шлюбу, кахання, сямейнага жыцця і інш. Асобна трэба сказаць пра куставыя песні, якія таксама адносяцца да траецкіх. У адным з гэтых тэкстаў спяваецца аб тым, як гурт жанчын вадзіў «куста». У вялікім лесе жанчыны звілі з клёну вянок, надзелі яго на галаву маладой дзяўчыны і хадзілі па дварах, спяваючы пад вокнамі куставую песню, у якой прасілі выйсці гаспадара з вялікага дому і даць ім залаты грош. Другі тэкст куставой песні адметны тым, што ў ім выразна акрэслены функцыянальны змест і прызначэнне песенна-абрадавага комплексу «куст». Так, напрыклад, паведамляецца, што пасеялі проса, лён, і выказваецца пажаданне, каб пасеянае ўрадзіла. Заканчваецца песня недвухсэнсоўнай просьбай-пажаданнем. Паколькі «куст» у іх маленькі, маладзенькі, а трэба, каб і ўраджай быў добры, то просяць адарыць яго («куста»), паколькі яму патрэбны чаравічкі і шкарпэтачкі.

Цікавыя запісы хрэсьбіннай творчасці. Пераважная большасць іх прысвечана бабе-павітусе. З асаблівасцяў мясцовай традыцыі неабходна адзначыць, што бабапавітуха павінна была прыйсці на свята з баршчом і кашай. Яшчэ цікавым момантам з’яўляецца тое, што ў дадзенай вёсцы кашу не разбівалі (маецца на ўвазе, што не разбівалі гаршчок з кашай), а чэрпалі лыжкамі. Мясцовыя інфарматары сцвярджалі, што гаршчок з кашай разбівалі ў Століне.

Сярод запісаў М. Я. Грынблата сустракаюцца песні, якія выконваліся ў час, калі палолі лён, у касавіцу, жніво, калі пасвілі кароў, калі сена грэблі і інш. Многія з іх не маюць трывалай прымацаванасці да той ці іншай гаспадарчай дзейнасці. Але пры гэтым неабходна ўлічваць тлумачэнні інфарматараў, якія вельмі важныя для разумення асаблівасцяў мясцовай фальклорна-этнаграфічнай традыцыі. Так, напрыклад, веснавыя песні, па сведчанні мясцовых інфарматараў, выконваліся ў перыяд ад Грамніц (Стрэчання) і да Тройцы, а траецкія песні — ад Вялікадня (Пасхі) і да Пятроўкі. Інфарматары заўважалі, што Купалле адзначалася (палілі вогнішча, праз якое скакалі, каб пазбавіцца ад ведзьмаў), але купальскіх песень не было. Але разам з гэтым з пачаткам Пятроўскага посту выконваліся пятроўскія песні, якія спяваліся да Ільі.

Аляксандр ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.