Вы тут

Партрэт стагоддзя


«Аўтапартрэт у футры» пачатку ХХ стагоддзя пэндзля Юдэля Пэна сышоўся ў адной выстаўцы з творам канца стагоддзя мастака Альгерда Малішэўскага, які намаляваў свайго калегу Арлена Кашкурэвіча ва ўласным бачанні. Тут у адной экспазіцыі — творы Янкеля Кругера і сучаснага авангардыста Уладзіміра Аколава, партрэт Рыгора Шырмы і мастачкі Зоі Літвінавай, партрэты алейныя, графічныя і скульптурныя. Партрэты людзей, якія ўсе разам складаюць агульны партрэт часу — ХХ стагоддзя.


Праект «Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта» ў Нацыянальным мастацкім музеі стаў фактычна гідам па часе праз яго вядомых асоб, адлюстраваных мастакамі, праз звычайных людзей з іх працоўнымі і грамадзянскімі клопатамі ды тых, хто стварае краіну сёння. Каля 150 партрэтаў розных школ і мастацкіх кірункаў. Экспазіцыя складаецца з пяці раздзелаў, якія замацоўваюць храналогію і адлюстроўваюць тэматычныя і стылёвыя асаблівасці твораў: «Губернскі партрэт», «У пошуках нацыянальнага. Партрэт 1920—1930-х», «Партрэт краіны-фронту», «Новыя героі. Партрэт конца 1950—1970-х», «Эпоха перамен. Партрэт 1980—1990-х». Калі аглядаць выстаўку паступова ад творцаў пачатку ХХ стагоддзя, то можна адчуць час у руху нават праз развіццё партрэтнага жанру.

Гэта выстаўка можа быць падручнікам па гісторыі беларускага мастацтва, адзначыў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца ўдакладніў: яна паказвае, чаго мы вартыя як нацыя.

І было б наіўна думаць, што ў адной экспазіцыі можна аб’яднаць увесь партрэтны жывапіс Беларусі: гэта ўсё ж не анталогія, таму што прадстаўлена малая частка карцін. Толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца каля 400 партрэтаў. Але аўтары праекта не абмежаваліся адной калекцыяй: у экспазіцыі творы яшчэ і з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага саюза мастакоў, збораў прыватных калекцыянераў Іны і Аляксандра Радаевых, Андрэя Плясанава ды калекцый саміх аўтараў.

«Было імкненне як мага шырэй паказаць палітру тыпалогіі беларускага партрэта, — патлумачыла куратар выстаўкі, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Кацярына Ізафатава. — На пачатку ХХ стагоддзя панавалі традыцыі позняга перасоўніцтва, акадэмізму. У 20—30-я гады мастакі імкнуліся расшыфраваць нацыянальныя традыцыі. У ваенныя гады ўзнікае франтавая партрэтная замалёўка. І сапраўднае адкрыццё — аўтапартрэт беларуса Мікалая Казака, прадстаўніка амерыканскай геаметрычнай абстракцыі, аб’ектнага мастацтва. Ёсць творы беларускіх авангардыстаў канца мінулага стагоддзя».

Але падчас аўтарскай экскурсіі ад куратара (якая ўваходзіць у дадатковую праграму) можна даведацца больш як пра асаблівасць жанру наогул, так і яго значэнне ў творчасці асобных аўтараў. Акрамя таго, «Апавяданні аб адным з партрэтаў выстаўкі» абяцаюць быць не менш цікавыя: імёны шмат якіх асоб, адлюстраваных мастакамі, — гонар Беларусі.

Марыя АСІПЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».