Вы тут

Чацвёртае пакаленне


За дырыжорскім пультам — вучні-прапраўнукі слыннага настаўніка

«Калі я станаўлюся за пульт, то забываю пра ўсё на свеце і імкнуся да таго, каб мастацтва знайшло шлях да сэрца слухача. Бо толькі тады я па-сапраўднаму шчаслівы». Гэта словы выдатнага дырыжора, выкладчыка, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Іосіфа Абраміса (1918—1984). 100-гадовы юбілей маэстра адзначылі ў Канцэртнай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі.

На сцэне каледжа ўпершыню быў прадстаўлены аб’яднаны аркестр: сімфанічны аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (мастацкі кіраўнік Мікалай Макарэвіч) і канцэртны аркестр «Няміга» (мастацкі кіраўнік Аляксандр Сасноўскі), абодва створаныя вучнямі Іосіфа Абраміса. За чвэрць стагоддзя выкладчыцкай працы ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1959—1984) Іосіф Самуілавіч падрыхтаваў больш за трыццаць дырыжораў, сярод якіх народныя артысты Беларусі Міхаіл Казінец, Леанід Іваноў, Міхаіл Фінберг, Віктар Валатковіч, Аляксандр Сасноўскі. На думку дырыжора і арганізатара канцэрта Аляксандра Сасноўскага, менавіта Абраміс стварыў цяперашнюю беларускую дырыжорскую школу. Цяпер вучні маэстра і вучні вучняў працягваюць яго справу. «Мой бацька пражыў складанае жыццё, — успамінала яго дачка піяністка Таццяна Іосіфаўна. — Гэта быў і фронт, і галоднае юнацтва, і складаная праца дырыжора. Але разам з тым ён быў вельмі шчаслівы, таму што галоўным у яго жыцці быў дырыжорскі пульт. Ён ведаў не толькі свае 63 спектаклі, але і ўвесь рэпертуар опернага тэатра».

Выпускнік Мінскага музычнага тэхнікума (цяпер — Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі) па класе валторны ў Я. Сцягеннага, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Абраміс скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю як валтарніст. З успамінаў дачкі Таццяны: «Мама з татам здавалі дзяржаўныя экзамены, калі Мінск пачалі бамбіць. Іх літаральна выправадзілі з горада. Але вярнуцца не далі. Адказ быў адзін: “Заўтра ў Мінску могуць быць немцы. Вы што, у акупацыю хочаце?” Так што цэлая група студэнтаў, уключаючы маіх бацькоў (маці Ірына Мікалаеўна Сак, у далейшым вядомы выкладчык сальфеджыа ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі), перабежкамі, пад бамбёжкай дабіралася да Магілёва. Там іх пасадзілі ў эшалон, вывезлі ў Ташкент і ўжо ў Ташкенце ўсіх мужчын мабілізавалі». Цяжкія гады вайны Іосіф Самуілавіч прайшоў байцом-сувязістам. Яго ваенны шлях адзначаны баявымі ўзнагародамі — ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Каўказа», «За перамогу над фашысцкай Германіяй».

На працягу 40 гадоў творчы лёс дырыжора быў звязаны з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі, куды Іосіф Абраміс прыйшоў у 1936 годзе як артыст аркестра, пазней працаваў хормайстрам, адначасова працягваючы навучанне ў кансерваторыі ў класе аркестравага дырыжыравання Р. Рубінштэйна. Абраміс неаднаразова казаў: «Калі музыкант не згодзен працаваць у нядзелю, лепш адразу змяніць прафесію». У 1951 годзе ён атрымаў кваліфікацыю дырыжора, з 1979 года ўзначаліў аркестр Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі.

У канцэрце, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Іосіфа Абраміса, прагучала 14 твораў сімфанічнай і опернай музыкі: Джакома Пучыні, Пабла Этуральда, Войцеха Кіляра, Фрыца Крэйслера, Яна Сібеліуса, Генры Манчыні, Пятра Чайкоўскага, Аляксандра Барадзіна, Арама Хачатурана, Вячаслава Іванова, Ісаака Шварца. Права адкрыць канцэрт было прадстаўлена самаму юнаму вучню-прапраўнуку Абраміса, навучэнцу 4 курса Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Аляксандру Кісялёву (выкладчык Мікалай Макарэвіч). А гэта ўжо чацвёртае пакаленне дырыжораў. Пад кіраўніцтвам маладога дырыжора сімфанічны аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі выканаў «Элегію» Пятра Чайкоўскага.

Сярод найбольш вядомых дырыжораў, якія ўзялі ўдзел у канцэрце, публіка вітала народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, прафесара Міхаіла Казінца, пад кіраўніцтвам якога прагучаў Вальс з музыкі да драмы М. Лермантава «Маскарад» Арама Хачатурана. Міхаіл Казінец адзначыў: «Я першы студэнт-выпускнік Іосіфа Абраміса. Ішоў 60-ы год. Мяне як студэнта кансерваторыі, баяніста, размеркавалі ў клас Абраміса. Першая сустрэча проста ўразіла. У класе Абраміса ўсё было дэмакратычна, проста, даступна. Адзін са студэнтаў стаяў за дырыжорскім пультам, а іншыя былі ў класе, каб паслухаць яшчэ раз тыя парады, прыклады, якія расказваў Іосіф Абраміс... Сустрэча з маэстра вызначыла мой далейшы творчы лёс як дырыжора».

Канцэртны аркестр «Няміга». Дырыжор Пётр Вандзілоўскі. Саліст — Нікан Мазэль, вучань Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Музыка Аляксандра Барадзіна напоўніла канцэртную залу героіка-эпічнай атмасферай. На сцэне — саліст дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў. У выкананні артыста прагучала Арыя Ігара з оперы «Князь Ігар» (дырыжор — лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў Віктар Валатковіч).

Пяшчотным і пявучым каларытам вылучаўся «Вальс» Яна Сібеліуса (за пультам — дырыжор неапалітанскага аркестра «Экспрэсія», дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Уладзімір Чэрнікаў). Двойчы да аркестра станавіўся мастацкі кіраўнік сімфанічнага аркестра каледжа і адначасова дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Мікалай Макарэвіч (Войцех Кіляр «Арава», Пётр Чайкоўскі Адажыа з балета «Шчаўкунок»). Сваё майстэрства паказалі таксама маладыя дырыжоры, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Мікалай Тэран, Віталь Грышчанка, Валерыя Рыбінская.

Незабыўным нумарам праграмы стала выступленне юнага скрыпача Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Нікана Мазэля з «Прэлюдыяй» Фрыца Крайслера пад кіраўніцтвам дырыжора, загадчыка кафедры аркестравага дырыжыравання БДАМ Пятра Вандзілоўскага. Найвышэйшы ўзровень тэхнічнасці і эмацыянальнасці выканання юнага скрыпача заваражыў усіх музыкантаў у зале. Некалькі разоў яго выклікалі на «біс».

Сімфанічная музыка ў сучасных рытмах прагучала пад кіраўніцтвам выкладчыка каледжа, лаўрэата Усесаюзнага конкурсу імя Веранікі Дударавай Віталя Дубовіка (Генры Манчыні «Ружовая пантэра») і галоўнага дырыжора сімфанічнага аркестра Белтэлерадыё, галоўнага дырыжора канцэртнага аркестра «Няміга», арганізатара канцэрта Аляксандра Сасноўскага (Пабла Эцюральда «Канцэртны чардаш», Ісаак Шварц «Сюіта з музыкі да кінафільма “Мелодыі белай начы”»).

Фіналам канцэрта стала папуры на тэму песень Фрэнка Сінатры «Мой шлях»: «Гэта шлях нашага настаўніка, наш шлях, гэта ваш далейшы творчы шлях, — звярнуўся да ўсіх прысутных Аляксандр Сасноўскі. — І асвятляе гэты шлях талент вялікага дырыжора, адданага музычнаму мастацтву».

Наталля КАРДАШОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.