Вы тут

Уладзімір Цвірка. Нароўля


Шматлікія даведнікі сцвярджаюць, што горад Нароўля вядомы з 1764 года як каралеўскае мястэчка Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладна ў гэты час мястэчка перайшло ў вечнае ўладанне шляхецкага роду Аскеркаў. Згадваецца таксама, што нейкіх паўтара дзясятка гадоў раней у гэтыя мясціны з рабаўніцкімі набегамі неаднаразова наведваліся з суседніх зямель гайдамакі, атрады якіх складаліся ў асноўным з запарожскіх казакоў. Саракавыя гады XVIII стагоддзя былі пачаткам іх нападаў на шляхецкія маёнткі ў межах ВКЛ. Калі так, то Нароўля была тады дастаткова вялікай і заможнай гаспадаркай, каб прывабіць захопнікаў. Зразумела, не на пустым месцы ўзнікалі падобныя маёнткі. На гэта патрэбна было, можа, і не адно стагоддзе.


Вядома, што на месцы сучаснага горада, акрамя мястэчка, была і вёска, якая, верагодна, узнікла раней. Яшчэ адзін цікавы факт: археолагі падчас раскопак знайшлі неабвержныя доказы таго, што паселішча існавала тут яшчэ ў перыяд бронзавага веку. Праўда, з гэтага часу да сярэдзіны XVIII стагоддзя пра жыццё тутэйшых насельнікаў невядома нічога.

Пакуль жа пакрочым няспешна па вуліцах Нароўлі, зазірнём у архітэктурную скарбонку горада, завітаем у парк ды ўволю нацешымся непараўнальнымі, чароўнымі краявідамі, якія адкрываюцца з высокага берага на раку Прыпяць ды на яе затокі і азёры, якія зацішна ўладкаваліся на процілеглым беразе, сярод пойменных лугоў і забалочаных пералескаў.

Сам пейзажны парк быў закладзены прыкладна ў 1870 годзе на плошчы каля дзесяці гектараў. Дарэчы, у 30-я гады мінулага стагоддзя ён лічыўся адным з найпрыгажэйшых у Беларусі.

Што да архітэктурных помнікаў, дык амаль усе знаходзяцца ў парку, толькі разбегліся ланцужком уздоўж берага. У першую чаргу гэта сядзібны дом ці, як лічаць многія даследчыкі, палац. Пабудаваны ў 50-я гады ХІХ стагоддзя прадстаўнікамі шляхецкага роду Гарватаў, да якіх маёнтак перайшоў ад Аскеркаў у пачатку гэтага ж стагоддзя.

Месца для будоўлі абралі вельмі добрае. Галоўным фасадам палац углядаецца ў шыкоўны парк, удала прарэзаны шматлікімі алеямі. Галоўная алея пачынаецца здалёк, ідзе праз сядзібную браму і становіцца як быццам працягам адной з вуліц. Раней яна была старадаўнім трактам, які злучаў Нароўлю з Ельскам і Лельчыцамі ды бег далей на Тураў. Унутраным жа фасадам палац глядзіць праз невялікую прастору двара на Прыпяць. Двухпавярховы будынак велічна ўздымаецца на магутным цокалі.

Палац пабудаваны з цэглы ў стылі позняга класіцызму. Па баках будынак упрыгожваюць узнёслыя гранёныя эркеры. Да Першай сусветнай вайны палац меў двухпавярховыя порцікі, якія надавалі яму грацыёзнасць і ўзбагачалі агульны выгляд. Але потым па невядомых прычынах порцікі зніклі, і палац стаў звычайным двухпавярховым будынкам. Хочацца верыць, што пры яго аднаўленні гэтыя архітэктурныя асаблівасці вернуцца.

У двары паміж палацам і берагам ракі захаваўся (на жаль, толькі ў руінах) вельмі рэдкі архітэктурны помнік — фантан з невялічкім вадаёмам у цэнтры, які ахінаюць дзве паўкруглыя лавы, у сярэдзіне якіх пафасна ўздымаюцца фатэлі на магутных львіных нагах. Пабудаваны ён з цэглы, якасна атынкаваны, у стылі праглядаюцца рысы мадэрну.

Трошкі далей ад палаца, таксама на беразе ракі, стаяць грандыёзныя гаспадарчыя будынкі ў стылі неаготыкі і класіцызму. Сёння тут размешчана кандытарская фабрыка.

Але крочым да самай вытанчанай і шыкоўнай архітэктурнай каштоўнасці горада. Альтанка-маяк — сапраўдны шэдэўр! Яна стаіць непадалёк ад месца, дзе рэчка Нараўлянка злучаецца з больш магутнай Прыпяццю. Для падарожнікаў, якія плывуць па рацэ да горада, сілуэт маяка, які відаць здалёк, — своеасаблівы арыенцір. Альтанка таксама пабудаваная з цэглы ў стылі класіцызму, па-майстэрску атынкаваная. З’явілася яна тут хутчэй за ўсё адначасова з пачаткам будоўлі палаца ці нават раней, калі закладваўся парк. За гады свайго існавання маяк быў неаднаразова пашкоджаны, але жыхары горада аднаўлялі яго зноў і зноў, як нейкі сімвал, як арыенцір з далёкага мінулага.

Спадзяюся, у цудоўную будучыню. А можа, не паднялася нічыя рука, каб знявечыць гэтую прыгажосць.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.