Вы тут

У Мінску адбыўся калядны турнір па скачках у вышыню


Ужо традыцыйныя міжнародныя спаборніцтвы прайшлі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» ў чацвёрты раз. Гэты турнір можна назваць яшчэ і шоу, бо яго гледачамі становяцца, як аматары спорту, так і звычайныя пакупнікі гандлёвага цэнтра.


Упершыню такая спартыўная падзея адбылася ў снежні 2015 года, у ёй прымалі ўдзел толькі мужчыны. У 2016-м турнір пераехаў у ГЦ «Сталіца», і з таго часу прапіску не мяняў, а таксама ў ім пачалі прымаць удзел жанчыны. Летась турнір набыў міжнародны статус, у Мінск прыехалі госці з блізкага і далёкага замежжа. Асабліва запамінальным стала выступленне двухразовай чэмпіёнкі свету Марыі Ласіцкене, якая чакана атрымала перамогу з бліскучым вынікам 2 метры роўна.

Сёлета склад удзельнікаў атрымаўся не менш зорным, акрамя Марыі Ласіцкене ў Мінску выступіла сярэбраны прызёр чэмпіянату свету з Украіны Юлія Леўчанка, яе суайчынніца, чэмпіёнка Юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2018 года Яраслава Магучых, бронзавы прызёр Азіяцкіх гульняў 2018 Надзея Дубавіцкая (Казахстан) і беларускі Ганна Гарадская , Марыя Жодзік і Яна Максімава.

- Хачу сказаць вялікі дзякуй за запрашэнне. Прызнаюся шчыра, раз у месяц мы дакладна ўспаміналі пра "Калядныя старты" ў Мінску, - дзеліцца ўражаннямі Ласіцкене. - Успаміналі з цяплом, радасцю і шчасцем, што мы былі часткай гэтай падзеі. У нас вельмі шмат пыталіся пра гэтыя спаборніцтвы, і я без сумненняў казала, што яны прайшлі цудоўна! Гэта, напэўна, адзін з найлепшых стартаў сезона. Таму сёлета мы ляцелі з адкрытым сэрцам і вялікім жаданнем прачуць яшчэ раз гэтую атмасферу, якую вы ствараеце. Натуральна, мы вельмі натхнёныя працай федэрацыі. Летась мы доўга абмяркоўвалі, якая ў вас дружная сям'я, і ​​кожны гарыць і жыве сваёй справай.

У мужчын галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу былі беларусы Максім Недасекаў, Андрэй Скабейка, Павел Селіверстаў і ўкраінец Дзмітро Дзем'янюк.

Максім і Дзмітро да апошняга аспрэчвалі лідарства, мацнейшым аказаўся беларус, які зладзіў сапраўднае шоу. Недасекаў стаў пераможцам з новым рэкордам турніру 2.30 м.

-Вынікам не вельмі задаволены. Не атрымалася добра размяцца - з-за пробкі прыехаў хвілін за 20 да пачатку, - пракаментаваў спартсмен. - Уся надзея была на балельшчыкаў. Яны не падвялі. Скакаць у такой атмасферы заўсёды вельмі крута. У рэшце рэшт, гэта ж шоу. Думаю, атрымалася добра. Планы на сезон - скакаць па нацыянальнаму рэкорду. А калі і на якім старце гэта атрымаецца, пакажа час.

Другое месца падзялілі Андрэй Скабейка і Дзмітро Дзем'янюк, іх вынік 2.20 м.

Барацьба сярод дзяўчат атрымалася такой жа яркай. Марыя Ласіцкене ў рангу леташняй пераможцы паспрабавала ўсталяваць новы рэкорд Расіі, падняўшы планку на вышыню 2.07 м. Але адолець яе дзяўчыне не ўдалося. Ласіцкене зноў стала пераможцай турніру ў Мінску з тым жа вынікам 2.00 м. Астатнія месцы на п'едэстале занялі ўкраінкі Кацярына Табашнік (1.98 м) і Юлія Леўчанка (1.98 м).

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».