Вы тут

Аляксандр Жых: Руды кот прыносіць у сям’ю шчасце


Здаецца, няма такого духавога інструменту, на якім не граў бы Аляксандр Жых. Ды і  на баяне таксама можа! А з цягам часу ён стаў і салістам  Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. І ў гэтым статусе Аляксандр даволі адметны, бо мае свой непаўторны, так бы мовіць, вакальны почырк. А дома ў яго ёсць яшчэ адзін «саліст» – кот Гольф.


- Аляксандр, а ці былі хатнія выхаванцы ў бацькоўскім доме?

- Так, амаль усё дзяцінства. Ведаеце, як кажуць людзі, калі ім трэба ўладкаваць шчанючка ці кацяня? «Шукаем добрыя рукі». Дык такімі рукамі былі рукі маёй матулі. Нам неяк не шанцавала з сабакамі – то яны прападалі, то адзін трапіў пад машыну… А вось каты добра прыжываліся. Мой самы любімы, руды, пражыў у нас 13 гадоў.

- А ў сваёй сям’і калі вырашылі завесці гадаванца?

- Заўседы ведаў, што ў мяне будзе менавіта руды кот! Але ж я не мінчанін, і пэўны час давялося жыць у інтэрнаце. Нават калі ўжо быў у статусе жанатага мужчыны. Зразумела, сваёй марай я падзяліўся з жонкай, і яна не была супраць. Калі мы пабудавалі сваю кватэру, то кот у ёй з’явіўся на трэці дзень пасля нашага засялення.

- То бок рытуалу, калі ён першым заходзіць у новае жытло, у вас не было?

- Неяк не атрымалася… Хоць мы і «забраніравалі» сабе гадаванца.

- Як гэта?

- Нашы сябры займаюцца развядзеннем катоў. Бачыў у іх шмат розных парод, але мне вельмі спадабаліся мэйн-куны. Па-першае, іх падабенства з рыссю – такія прыгожыя кутасікі на вушах! Па-другое, гэта даволі вялікія каты. Ну і, нарэшце, сярод іх жа ёсць рудыя! Вось такога і замовілі. А наш Гольф – бурштынавы і белагруды, на хвасце і лапках такасама ёсць белыя плямачкі. Мне падабаецца, што ён вялікі, і калі бяру яго на рукі, адчуваю неверагодную моц. Яму тры гады, а вагу  ўжо мае 8 кг і яшчэ будзе расці!

- Для вас было вельмі важна, каб кот быў з радаслоўнай?

- Па шчырасці, такога комплексу, што хатні гадаванец павінен абавязкова мець асабістыя дакументы, у мяне не было. Была мара пра рудога ката, і спачатку я нават не думаў, што гэта будзе менавіта мэйн-кун. Увогуле, незалежна ад паходжання, жывёла патрабуе часу і выдаткаў. Коткі ды сабакі “дваровай” пароды больш прыстасаваныя да жыцця і менш патрабавальныя да той жа ежы. Таму калі чалавек вырашае завесці пародзістую жывёлу, то трэба разумець, што і клопатаў, і выдаткаў будзе болей. Абавязкова неабходна папярэдне пацікавіцца характарам абранай пароды, умовамі ўтрымання. Мы ўсё гэта абмеркавалі з жонкай і вырашылі, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць за выхаванца.

- А чаму вы яго назвалі Гольфам?

- Я марыў, што ў мяне будзе кот Кшыштаф. Чамусьці здавалася, што гэтае імя будзе вельмі яму пасаваць. Але нашага Гольфам назвалі ў гадавальніку, і мы ўжо нічога не мянялі.

- Ці цяжка яго даглядаць?

- Гольф не любіць купацца. Але мы мусім раз у тры месяцы праводзіць гэтую непрыемную для яго працэдуру. Спачатку адмысловымі шчыпцамі робім кату манікюр, а потым купаем. Для гэтага ў нас нават ёсць спецадзенне, бо наш добры і рахманы Гольф у ванне паказвае, што ён з роду драпежнікаў. Пасля ён яшчэ дзень сохне, а потым… ходзіць па кватэры такое бурштынавае воблака!

У іншых жа побытавых пытаннях, мяркую, з ім не цяжэй, чым з любым хатнім гадаванцам. Хіба што ў Гольфа шыкоўная поўсць, якую трэба вычэсваць кожны дзень. Насамрэч, мы думалі, што ад клубкоў поўсці не пазбавімся. Але сябры нам параілі адмысловы корм з вітамінным комплексам для мэйн-кунаў, і  мы задаваленыя вынікам.

- Дарэчы, чым вы яго корміце?

- Ёсць спецыяльны корм для гэтай пароды. Спачатку куплялі адмысловы для кацянят, а зараз ужо для дарослага ката. Што ж тычыцца характару гадаванца, то ў нашых сяброў так бывае, што і 8 катоў знаходзяцца адначасова ў доме, але ўсе яны нейкія ціхія. Наш жа Гольф заўсёды падае голас, калі хоча есці, гуляць ці яшчэ якія патрэбы мае. Сябры жартуюць: “Саліст!”.

- Ваша дачка і Гольф амаль адначасова з’явіліся ў сям’і. Яны сябруюць?

- Так, сябруюць. Гольф любіць сядзець побач са Стэфаніяй, любіць, калі яна яго гладзіць, «жмякае». Але ўсё ж такі яго галоўны гаспадар – я. Напрыклад, насіцца за мячыкам, гуляць Гольф будзе толькі са мной. Свае цацкі ён прыносіць у зубах, як сабачка. Ну і вельмі цікаўны: трохі пагуляў, і трэба яму абавязкова разабрацца, з чаго ды як зроблена тая цацка.

Нават калі я на гастролях, а мае дзяўчаты хочуць заняць Гольфа гульнёй, ён не рэагуе. Але любіць кот нас усіх. Ведаеце, калі прыязджаю за гастроляў, то адчуванне, што я ўжо дома, дакладна прыходзіць раніцой. Спачатку Гольф сядзіць на падваконніку. А калі чуе, что мы прачнуліся, пачынае робіць абход. Заскоквае на ложак, вітаецца з кожным, лашчыцца...

Яшчэ мне падабаецца, што Гольф вельмі разумны, ён неяк адчувае, што я еду на гастролі на некалькі дзён. Сваіх заўсёды сустракае ў вітальні. А калі прыходзяць госці, то ў яго ёсць рытуал: падыходзіць да сваёй прылады для вастрэння кіпцюроў і выцягваецца ў поўны рост. Вялікі такі кот, ды яшчэ з пухнатым паўмятровым хвастом... Хтосьці захапляецца, а мой сябра, які прыехаў з Германіі, дык нават быў у здзіўленні – навошта нам такі вялікі кот?

- Ці бралі з сабой Гольфа ў вандроўкі?

- Не, далёка нікуды не вазілі. Кажуць, каб узяць гадаванца за мяжу, шмат папер трэба аформіць. Але гэта б мяне не спыніла. А не бяром нікуды далёка Гольфа таму, што доўгая вандроўка для ката – сур’ёзны стрэс. Калі мы ехалі ў адпачынак, адвезлі яго да маёй мамы. Набылі дзеля гэтага пераноску. Як толькі выйшлі з пад’езду, усе дзеці прыбеглі падзівіцца на наш руды цуд. Жартую цяпер, што было ў яго 15 хвілін славы. Па дарозе Гольф нерваваўся. Але ў доме ў мамы ён даволі хутка адаптаваўся. Цяпер ужо не баіцца ехаць, бо ведае, што гэта часова, і будзе ён у клапатлівых і пяшчтотных руках. Дарэчы, і ў майго брата ёсць кот, брытанец, які таксама час ад часу гасцюе ў мамы. Але нашы гадаванцы ніводнага разу не апынуліся там адначасова.

- Аляксандр, вы верыце ў прыкметы, звязаныя з катамі?

- У чорных катоў, якія перебягаюць дарогу, не веру. Прынамсі, мне яны нічога дрэннага не зрабілі. А вось павер'е, што руды кот прыносіць у сям’ю шчасце, працуе!  Калі я віншую з днём народзінаў сваіх нежанатых сяброў, заўсёды жадаю, каб яны стварылі сям’ю, каб было ў іх шмат дзяцей і абавязкова – руды кот!

Мы – шчаслівая сям’я. І я ўпэўнены, што на гэта ўплывае і Гольф. Ён нейкім чынам цэментуе нашу сям’ю. Мы ведаем, што ён чакае нас дома, і для кожнага ў яго назапашана добрая порцыя пяшчоты.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Асі ЖЫХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».