Вы тут

Новыя кватэры, новыя магазіны, камп'ютары для ўрачоў


Напярэдадні новага года са старшынёй Кобрынскага райвыканкама Міхаілам ГРЫШКЕВІЧАМ размаўляем пра папярэднія вынікі бягучага года, ды зачын, які застаецца на наступны год.


Галоўным на сённяшні дзень кіраўнік раёна назваў стабільны стан эканомікі. Запланаваныя паказчыкі экспарту тавараў і паслуг дасягнутыя.

— Кабрынчане справіліся з заданнем па будаўніча-мантажных работах, уводзе жылля, стварэнні новых арганізацый у сферы малога прадпрымальніцтва. Стабільна функцыянуюць прамысловыя прадпрыемствы. І за гэтым пералікам стаіць калектыўная праца тысяч людзей, як і за кожным асобным паказчыкам росту. Скажам, за 11 месяцаў павялічылася ўдзельная вага адгружанай інвестыцыйнай прадукцыі ў 1,6 раза. Гэта значыць, што нашы вытворцы асвоілі новую прадукцыю, якая запатрабаваная на рынку.

Паляпшаецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва. Сёння мы з задавальненнем канстатуем, што за год адкрылася 11 новых крамаў у сельскай мясцовасці, у горадзе іх, дарэчы, адкрылі нашмат больш. І з 16 новых аб'ектаў бытавога абслугоўвання тры паявіліся на вёсцы. А раней, як вядома, найчасцей даводзілася чуць пра закрыццё аб'ектаў сацыяльнага прызначэння ў вёсцы.

На жаль, не ўдалося выканаць планы па прыцягненні прамых замежных інвестыцый і працаўладкаванні грамадзян на новыя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў. Гэтыя задачы пераходзяць на наступны год.

— Скончыўся сельскагаспадарчы сезон, — працягвае суразмоўнік. — Зачынам на наступны стане тое, што сёлета нашы аграрыі купілі каля 80 адзінак тэхнікі. Працягваецца вялікая работа па будаўніцтве новых, а таксама рамонце і рэканструкцыі жывёлагадоўчых фермаў у шэрагу гаспадарак.

Калі гаварыць пра поспехі ў сацыяльнай галіне, то я звярнуў бы ўвагу найперш на школу, з якой пачынаецца станаўленне любога рабочага, спецыяліста, кіраўніка — грамадзяніна нашай краіны. Нам прыемна, што кобрынскія дзеці прывозяць нямала дыпломаў алімпіяд абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, а палова выпускнікоў школ паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Для гэтага прыкладаюцца вялікія намаганні. Ужо пяць гадоў вядзецца работа з высокаматываванымі вучнямі па дзесяці вучэбных прадметах. І яна дае свой плён. Установы адукацыі сёлета працягвалі эксперыментальную, інавацыйную дзейнасць на карысць паляпшэння адукацыйнага працэсу.

Чаго вартыя былі б намаганні па выкананні эканамічных паказчыкаў без клопату пра ахову здароўя? Таму сёння мы можам упэўнена гаварыць, што матэрыяльная база ўстаноў аховы здароўя паляпшаецца. Толькі сёлета за кошт раённага бюджэту куплены рэанімабіль, санітарны аўтамабіль, два рэнтгенаўскія апараты, аперацыйны стол. За кошт сродкаў вобласці дзіцячая паліклініка і ЦРБ атрымалі сучасныя дыягнастычныя сістэмы. Спонсарам дзіцячага афтальмалагічнага кабінета стала прадпрыемства «Палессе», набыта лячэбнае абсталяванне. Праведзены рамонтныя работы ў радзільным доме і дзіцячай бальніцы. А яшчэ куплена 14 персанальных камп'ютараў для таго, каб работа доктара стала больш сучаснай і ён мог не толькі выпісаць электронны рэцэпт, але і своечасова пракансультавацца з калегамі з вобласці і рэспублікі.

Як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Таму варта сказаць колькі слоў аб справах у галіне культуры. Па выніках папярэдняга года наш аддзел культуры сёлета быў названы найлепшым у вобласці. І зададзеную планку мусім трымаць. Прыемна, што навучэнцы школы мастацтваў сталі ўладальнікамі 60 дыпломаў і грамат рознага ўзроўню. А двое з названых навучэнцаў — Давід Кулік і Дзмітрый Нікановіч — атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Нашы работнікі культуры надзвычай трапятліва ставяцца да захавання спадчыны свайго краю. Як вынік, у гэтым годзе ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны ўключаны элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыі выбару і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна». Лелікава знаходзіцца ў дзівінскай зоне, работа па захаванні багатай народнай спадчыны названага рэгіёна працягваецца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

У заключэнне старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч павіншаваў усіх жыхароў Кобрыншчыны, а таксама чытачоў газеты з навагоднімі і каляднымі святамі. Пажадаў плёну ў працы на карысць нашай агульнай Радзімы і малой радзімы кожнага, а таксама дабрабыту ў сем'ях і шчасця ў новым годзе.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.