Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра трэцюю запар перамогу мінскага «Дынама» ў КХЛ і іншыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Беларускія спартсмены заваявалі сем узнагарод на ХІІ Міжнародным турніры па плаванні «Кубак Уладзіміра Сальнікава».

Лідар зборнай Ілья Шымановіч стаў чэмпіёнам турніру на каронных дыстанцыях 100 м і 50 м брасам. Аліна Змушко прынесла беларускай зборнай сярэбраны медаль у заплыве на 50 м брасам і бронзавую ўзнагароду на дыстанцыі 100 м аналагічным стылем. Яўген Цуркін падняўся на другую прыступку п'едэстала на дыстанцыі 100 м батэрфляем і стаў бронзавым прызёрам у заплыве гэтым жа стылем на 50 м.

Беларуская каманда ў складзе Віктара Стасяловіча, Алены Сяміжон, Ільі Шымановіча і Аліны Змушко ў змешанай эстафеце 4х50 м комплексным плаваннем заваявала сярэбраную ўзнагароду.

Турнір прайшоў у 25-метровым басейне. У спаборніцтвах прыняло ўдзел больш за 300 расійскіх спартсменаў.

2. Сяргей Новікаў перамог бразільца Гілберта Дамінгеса ў прэстыжным паядынку па версіі Сусветнага баксёрскага савета (WBС) у Парамарыба (Сурынам).

Паядынак праходзіў у вагавой катэгорыі 90,7 кг.

У першым раўндзе Сяргей Новікаў атрымаў перамогу тэхнічным накаўтам. Для беларуса гэта другая перамога на прафесійным рынгу. Раней ён трэніраваўся ў мінскім клубе «Залатыя пальчаткі», таксама быў членам нацыянальнай каманды па боксе. На чэмпіянаце Еўропы ў 2013 годзе ў Мінску Сяргей Новікаў заваяваў бронзавую ўзнагароду ў вагавой катэгорыі 81 кг. Цяпер беларускі спартсмен перайшоў у прафесійны бокс, жыве і трэніруецца ў ЗША ў вядомага коўча Пэдра Дыяса.

3. Хакеісты мінскага «Дынама» абыгралі трохразовага ўладальніка Кубка Гагарына казанскі «Ак Барс» — 3:2.

Закінутыя шайбы на рахунку Аляксея Цярэшчанкі, Сяргея Касціцына і Дзмітрыя Буйніцкага.

«Гэта найлепшая гульня ў нашым выкананні ў бягучым сезоне. На мой погляд, пераломным у матчы стаў момант у другім перыядзе, калі выстаялі ўтрох супраць пяцёркі саперніка», — адзначыў пасля гульні галоўны трэнер мінчан Андрэй Сідарэнка.

Пасля 40 матчаў у бягучым сезоне ў актыве мінскага «Дынама» 28 ачкоў. Чарговыя матчы чэмпіянату КХЛ «зубры» правядуць на выездзе супраць чэлябінскага «Трактара» (26 снежня), «Аўтамабіліста» (28 снежня), а завершыцца серыя 30 снежня сустрэчай з яраслаўскім «Лакаматывам».

4. Валейбалісткі «Мінчанкі» прайгралі краснадарскаму «Дынама» з лікам 0:3 у дамашнім матчы адкрытага чэмпіянату Расіі.

У пяці папярэдніх сустрэчах беларускі атрымалі адну вікторыю і, набраўшы пяць балаў, знаходзяцца на 10-м месцы сярод 12 удзельнікаў турніру. Лідзіруе калінінградскі «Лакаматыў», у якога 18 балаў пасля сямі матчаў, па 14 ачкоў маюць краснадарскае і маскоўскае «Дынама», якія згулялі на матч менш.

Свой наступны паядынак у расійскай суперлізе валейбалісткі «Мінчанкі» правядуць сёння ў Краснаярску супраць мясцовага «Енісея», які мае шэсць ачкоў і займае дзявятае месца.

5. Гандбалісты зборнай Беларусі завершаць 2018 год матчамі ў Катары, а ў пачатку студзеня згуляюць на турніры ў Іспаніі.

На вучэбна-трэніровачны збор для падрыхтоўкі да маючых адбыцца сустрэч галоўны трэнер беларускай каманды Юрый Шаўцоў выклікаў 20 гандбалістаў: варатары — Вячаслаў Салдаценка («Канстанца», Румынія), Іван Мацкевіч (БГК імя Мяшкова, Брэст); палявыя гульцы — Андрэй Юрынок, Максім Баранаў, Сяргей Шыловіч, Арцём Кулак (усе — БГК імя Мяшкова), Іван Броўка, Мікіта Вайлупаў, Вячаслаў Бохан, Мікалай Алёхін, Дзмітрый Хмялькоў, Дзмітрый Нікуленкаў (усе — СКА, Мінск), Арцём Каралёк, Уладзіслаў Кулеш (абодва — «Віве», Кельцы, Польшча), Юрый Лук'янчук («Рыіхімякі», Фінляндыя), Вадзім Гайдучэнка («Сэн-Рафаэль», Францыя), Аляксей Шынкеля («Матор», Запарожжа, Украіна), Артур Карвацкі («Балатонфюрэд», Венгрыя), Аляксандр Падшывалаў («Міндэн», Германія).

Сёння і 28 снежня нашы гандбалісты правядуць два таварыскія матчы ў гасцях у зборнай Катара, а 5—7 студзеня 2019 года ў іспанскай Паленсіі прымуць удзел у міжнародным турніры разам з камандай гаспадароў і гандбалістамі Польшчы і Саудаўскай Аравіі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Найлепшая гульня ў сезоне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».