Вы тут

Кінапрэмія: праз колькасць да якасці


«Калі нешта адбываецца ўпершыню, усе ставяцца да падзеі вельмі патрабавальна. Я падзяляю трывогі і разумею пытанні, якія ўзніклі ў шмат каго з нас. Але тое, што мы не засталіся абыякавыя да лёсу першых нацыянальных прэмій у галіне кіно, таксама сведчыць пра нашу надзею: мы верым у тое, што яны павінны быць, — адзначыла старшыня журы конкурсу, загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кінакрытык Людміла Саянкова-Мяльніцкая. — Добра, што Нацыянальная кінапрэмія існуе: яна стане стымулам для розных аўтараў і будзе аб’ядноўваць. Але яна здолее набыць аўтарытэт, толькі калі будзе максімальна справядлівай і сумленнай. І тады мы ўбачым, як развіваецца беларускае кіно».


Вось і цуд беларускага кіно: усяго 20 намінацый у конкурсе першай Нацыянальнай кінапрэміі, у 8 з іх перамог адзін фільм — «Сляды на вадзе». Але найлепшым ігравым фільмам журы прызнала «Унутры сябе»…

94-ты дзень нараджэння беларускага кіно прынёс хваляванні, як ніколі раней, і даў падставы разважаць пра той шлях, што быў у ХХ стагоддзі, калі працавалі зорныя рэжысёры, як Ігар Дабралюбаў — стваральнік самага папулярнага айчыннага фільма на прасторах СССР, ці легендарны аператар Юрый Марухін, які працаваў адказна і самаахвярна. Абодвух згадалі на цырымоніі ўручэння ўзнагарод, якіх не існавала ў часы нашых славутых творцаў мінулага стагоддзя, у часы якіх не было такой прэміі. Таму неверагодна адказнай падаецца справа, пачатая арганізатарамі дзеля нашага кіно ўжо ў ХХІ стагоддзі.

Гістарычны факт: першую ў гісторыі Нацыянальную прэмію за «Найлепшы ігравы фільм» атрымала карціна незалежных кінастваральнікаў «Унутры сябе» (рэжысёр Сяргей Талыбаў). «Група падтрымкі» — артысты і асобы, датычныя да праекта, — не стрымлівалі эмоцый. Прадзюсар фільма Андрэй Курэйчык наогул назваў Сяргея Талыбава «скарбам беларускай рэжысуры, які робіць цудоўныя фільмы і мае іншыя выдатныя задумы». Пры тым, што ў намінантах на прэмію за лепшую работу рэжысёра гэтая стужка нават не фігуравала…

Сваю кветку-прэмію ў намінацыі «Найлепшая рэжысёрская работа» атрымаў Аляксандр Анісімаў за фільм «Сляды на вадзе» (вытворчасць студыі «Беларусьфільм»). Лаўрэат не хаваў радасці, што мае прызнанне калег, і адзначыў: «Без такой групы, якая была ў мяне на карціне, без самааддачы, з якой усе працавалі, немагчыма было б за 4 месяцы зрабіць складаную працу. Гэта могуць толькі беларусы».

Сапраўды, неверагодна: яны здолелі атрымаць перамогу ў 8 з 13 намінацый першага рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная кінапрэмія Беларусі». Акрамя рэжысёра, адзначаны Дзмітрый Рудзь — за «Найлепшую аператарскую работу». Адразу два выканаўцы мужчынскіх роляў узнагароджаны за працу ў карціне. Пётр Юрчанкоў за выкананне «Найлепшай галоўнай мужчынскай ролі» адзначаны пасмяротна. Арцёма Курэня журы вылучыла ў намінацыі «Найлепшы дэбют у кіно» (адметна, што ў ёй фігуравалі адначасова выканаўцы мужчынскіх і жаночых роляў, а таксама рэжысёрскія работы). Свае статуэткі атрымалі мастак па касцюмах у фільме «Сляды на вадзе» Наталля Сардарава, кампазітар Віктар Капыцько, што стварыў музыку да гэтага фільма. Вольга Рашэтнікава забяспечыла найлепшы мантаж, Уладзімір Сухадолаў стаў найлепшым гукарэжысёрам.

«Найлепшы тэлесерыял у ігравой форме» зняў рэжысёр шматсерыйнага фільма «Ой, ма-мач-кі!-2» Іван Паўлаў, адзначыўшы, што кіно — гэта ўсё ж камандная гульня. Адным з асноўных гульцоў у гэтай камандзе стала артыстка Вера Палякова-Макей. Журы прысудзіла ёй нацыянальную прэмію за выкананне найлепшай галоўнай жаночай ролі. «Гэта найвышэйшае прызнанне», — не хавала радасці актрыса, патлумачыўшы, што ў працы над роллю кіравалася прыкладам рэальнага чалавека. Выканаўцу «Найлепшай жаночай ролі другога плана» таксама заўважылі ў тэлесерыяле: Валянціна Гарцуева адзначана за працу ў фільме «Снайпер. Афіцэр СМЕРШ». Акцёр Віктар Васільеў, старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі, атрымаў сваю статуэтку Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі за «Найлепшую мужчынскую ролю другога плана», выкананую ў тэлефільме «Вокны дома твайго».

Сярод кароткаметражных фільмаў адзначаны «Апошні шанц» рэжысёра Ігара Васільева. З перамогай у намінацыі «Найлепшы фільм у неігравой форме» трэба віншаваць Настассю Мірашнічэнку, рэжысёра яшчэ адной незалежнай стужкі «Дэбют». Тры ўзнагароды атрымалі творцы-аніматары, прычым 2 з іх — у намінацыях, дзе канкурыраваць давялося з работамі як ігравымі, так і дакументальнымі. У выніку ўзнагарода за «Найлепшы сцэнарый» — у Дзмітрыя Якутовіча за працу над стужкай «Баявая машына». «Найлепшую работу мастака-пастаноўшчыка» ўбачылі ў карціне «Марк Шагал. Пачатак», узнагароду атрымала Ала Мацюшэўская. «Найлепшым фільмам у анімацыйнай форме» прызнаны «Валчышка» рэжысёра Ігара Волчака: аднаго з мэтраў кіно зала вітала вельмі шчыра.

Цёпла сустрэла публіка і тых, хто атрымліваў узнагароды за шматгадовую працу на карысць айчыннага кіно, у тым ліку за ўнёсак у развіццё замежнага. На што здольнае кіно як мастацтва, разважаў народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, атрымліваючы Нацыянальную кінапрэмію «За ўнёсак у замежны кінематограф». Ён нагадаў, што, для таго каб кіно атрымалася як з’ява, трэба, каб рэжысёр быў асобай.

Валерый Рыбараў атрымлівае ўзнагароду з рук старшыні журы.

Такім рыжысёрам стаў Валерый Рыбараў, якога адзначылі «За выдатны ўнёсак у беларускі кінематограф»: «Гэта той рэжысёр, які авалодаў дарам адчуваць час і паказваць у ім чалавека». Тое, чаго ўсе мы чакаем ад кіно на сучасным этапе.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».