Вы тут

Найлепшыя спектаклі Нацыянальнай тэатральнай прэміі


Сярод тэатраў, якія атрымалі ўзнагароды Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў розных намінацыях, пастаноўкі не толькі з Мінска, але і з Гомеля, Магілёва, Бабруйска, Маладзечна, Брэста... І сапраўды, якасных спектакляў вартыя гледачы розных рэгіёнаў. Аднак вызначаць найлепшае ў тэатры — задача ўсё ж не для гледача, пра што ахвотна жартавалі вядучыя цырымоніі акцёры-купалаўцы Валянціна Гарцуева, Марта Голубева і Павел Харланчук. Яны здолелі надаць імпрэзе святочны характар і адначасова падкрэсліць умоўнасць канкурэнцыі. Аднак тэатральная прэмія — гэта магчымасць стымуляваць тэатральны працэс. Вядома, калі яе атрымліваюць найлепшыя. Паводле журы (у кожнай з секцый быў свой склад прафесіяналаў) у якасці найлепшых вызначаны наступныя пастаноўкі:

1. «Багема» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі — найлепшы оперны спектакль V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія». За выкананне партыі Марсэля ў гэтай оперы ўзнагароджаны спявак Уладзімір Громаў (найлепшая мужчынская роля ў музычным тэатры).

Аднак за сцэнаграфію адзначана іншая пастаноўка Вялікага і мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка (за работу над операй «Тоска»). Сярод лаўрэатаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі таксама балерына Ірына Яромкіна як «выканаўца найлепшай жаночай ролі ў музычным спектаклі» (у балеце «Каханне і смерць» Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі). Але...

2. Найлепшай балетнай пастаноўкай стаў «Вішнёвы сад» Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, адзначана і праца ў ім маладога балетмайстара Сяргея Мікеля — як найлепшага пастаноўшчыка музычнага спектакля.

3. Яшчэ адзін музычны спектакль чакана звярнуў на сябе ўвагу журы: незвычайны для нас мюзікл «Недалёка ад нормы» Б. Ёркі (тэатра «Тэрыторыя мюзікла»). Пастаноўку Настассі Грыненкі адзначылі як «Найлепшы спектакль у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла». Такое рашэнні журы ў секцыі музычнага тэатра выклікае павагу.

4. Журы ў секцыі тэатра лялек уразіла неверагоднай прынцыповасцю і прызнаннем: у гэтым кірунку шмат што мяняецца, і традыцыйныя падыходы да вызначэння найлепшых наогул некарэктныя. Як вызначыць найлепшага выканаўцу ролі, калі аднаго персанажа часам «ажыўляе» цэлая каманда і наадварот, усе лялечныя ролі ў спектаклі можа весці адзін артыст. Але што адмяніць немагчыма — уражанне, якое пакідае пастаноўка ці сцэнаграфія ў ёй. Напрыклад, створаная Таццянай Нерсісян для спектакля «Новая зямля» Брэсцкага тэатра лялек (прэмія за найлепшую работу мастака-сцэнографа). Ці ўражанне ад спектакля, калі ў ім ёсць рэжысёр, здольны ствараць мастацтва, напрыклад такі, як Юра Дзівакоў, які атрымаў прэмію як пастаноўшчык спектакля «Пліх і Плюх» Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек. Пры гэтым найлепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва паводле журы ў гэтай намінацыі стаў таксама лялечны спектакль — «Калядная гісторыя» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек у пастаноўцы Ігара Казакова.

5. Але рэальны трыумф чакаў сёлета рэжысёра Яўгена Карняга: найлепшым спектаклем тэатра лялек стала пастаноўка «Сёстры Грай» Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» (г. Маладзечна).

6. Найлепшым эксперыментальным спектаклем прызналі яшчэ адну пастаноўку Яўгена Карняга — пластычна-паэтычны «Бетон» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

7. Аднак гэты тэатр нават не фігураваў сярод намінантаў у кірунку беларускай драматургіі. Нацыянальнай тэатральнай прэміяй за найлепшую пастаноўку паводле твора беларускага аўтара адзначылі спектакль «Кропкі на часовай восі» паводле Дзмітрыя Багаслаўскага Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Рэжысёрам выступіла Таццяна Траяновіч, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І менавіта гэты спектакль, як ні дзіўна, звярнуў на сябе ўвагу журы, якое вызначала перамогу ў намінацыі «найлепшая работа сцэнографа ў тэатры драмы»: ўзнагароду атрымала Валянціна Праўдзіна.

8. У катэгорыі драматычнага тэатра здзіўленняў было найбольш. Самым лепшым спектаклем тэатра драмы малой формы назвалі «Метад» (рэжысёр-пастаноўшчык Віталь Краўчанка) Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, які абышоў шэраг гучных пастановак. У адной з іх усё ж разглядзелі выканаўцу «найлепшай жаночай ролі ў спектаклі тэатра драмы» — Юліяну Міхневіч («Опіум» Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн»). Актрыса, дарэчы, апярэдзіла Святлану Анікей, якая была намінаваная адразу за выкананне васьмі жаночых роляў у спектаклі купалаўцаў «Радзіва Прудок».

9. Але купалаўцы сёлета сярод фаварытаў. Найлепшы драматычны спектакль — «Рэвізор» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а пастаноўшчык спектакля Мікалай Пінігін адзначаны ў намінацыі «Найлепшая работа рэжысёра ў тэатры драмы». Адзначана і работа народнага артыста Беларусі Віктара Манаева — як найлепшага выканаўцы мужчынскай ролі
(Гараднічага).

10. Магілёўскі абласны драматычны тэатр сёлета таксама быў у намінацыях з некалькімі пастаноўкамі. У выніку Нацыянальную тэатральную прэмію за ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі атрымаў дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў.

Пяты па ліку рэспубліканскі конкурс «Нацыянальная тэатральная прэмія» набыў намінацыі, якія адкрываюць магчымасці вылучыць новыя павевы ў тэатральным руху, у тым ліку і жаданне тэатра быць пляцоўкай для дыялогу па тэмах, што хвалююць сёння. Аднак ці падштурхнуць вынікі конкурсу да развіцця гэтай тэндэнцыі? Пакажуць афішы...

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: За заслонай прэміі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.