Вы тут

Жыллё, паркоўкі і святочная ёлка. Анатоль Сівак правёў прамую лінію


Падчас прамой лініі старшыні Мінгарвыканкама Анатоля СІВАКА былі падняты такія пытанні, як завяршэнне будаўніцтва праблемных жылых дамоў ТАА «Тамбаз», абмежаванне паркоўкі старонняга транспарту ў дварах, будаўніцтва новых аб'ектаў, перадае БелТА.


Адразу тры званкі паступілі на прамую лінію з пытаннямі аб дамах, забудоўшчыкам па якім выступала ТАА «Тамбаз». Іх зараз будзе дабудоўваць УКБ Савецкага раёна, механізм вызначаны ўказам Прэзідэнта. Але людзі асцерагаюцца, што не змогуць даплаціць неабходную суму за свае кватэры, і цікавяцца, як быць у такой сітуацыі і як будуць забяспечаны інтарэсы тых, хто не атрымае страхавыя ўзносы. Анатоль Сівак запэўніў, што сітуацыя з «Тамбазам» знаходзіцца на кантролі ў Мінгарвыканкаме. Па гэтай тэме плануецца правесці нараду. Пасля яго арганізуюць сустрэчу з ініцыятыўнай групай трымальнікаў аблігацый.

Пытанне ад жыхаркі Мінска датычылася паркоўкі ў двары. Не сакрэт, што ў сталіцы гэтая праблема асабліва актуальная. Жанчына паведаміла, што ў іх двары на вуліцы Леніна паркуюцца ўсе, каму шкада аддаваць грошы за паркоўку ў цэнтры. У выніку самім жыхарам няма дзе ставіць машыны, а экстранныя і камунальныя службы не заўсёды могуць праехаць. Старшыня Мінгарвыканкама заўважыў, што з паркоўкай у дварах у горадзе сапраўды ёсць праблема. І яна патрабуе комплекснага вырашэння. Проста ўсталяваць шлагбаум не заўсёды дастаткова. — Мы дапаможам вам вырашыць праблему, і на вашым прыкладзе паспрабуем выбудаваць механізм дзеянняў у аналагічных сітуацыях для ўсяго горада, — сказаў Анатоль Сівак.

Некалькі зваротаў датычыліся планаў па будаўніцтве новых аб'ектаў. Гараджанка з вуліцы Рафіева расказала, што на іх вуліцы на месцы яблыневага саду прапануецца пабудаваць гандлёва-забаўляльны цэнтр, а жыхары просяць захаваць зялёную зону. Старшыня Мінгарвыканкама паабяцаў асабіста выехаць на месца і разабрацца ў сітуацыі. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што неабходна ў цэлым прааналізаваць патрэбнасць горада ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах. Як паказвае практыка, з прычыны фінансавых цяжкасцяў інвестараў некаторыя з іх не дабудоўваюцца гадамі. Пустуюць плошчы і ў тых аб'ектах, якія ўжо функцыянуюць.

Жыхарка дома, размешчанага па вуліцы Герасіменкі паблізу кальцавой аўтадарогі, паскардзілася на шум ад машын. Нядаўна побач пабудавалі аўтазапраўку, жыхарам паабяцалі ў перспектыве вырашыць праблему: усталяваць шумаахоўны экран і замяніць вокны ў кватэрах на шуманепранікальныя. Але распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі запланавана толькі на 2020 год.

— Паскорым гэты працэс і дадаткова паглядзім, наколькі эфектыўны прапанаваныя мерапрыемствы, — адзначыў Анатоль Сівак.

Таксама мінчане прасілі ўдзяліць увагу азеляненню тэрыторый. У адказ Анатоль Сівак падзяліўся планамі высаджваць у горадзе больш зялёных насаджэнняў.

— У вясновы і восеньскі перыяды будзем дастаўляць саджанцы і прапаноўваць мясцовым жыхарам прыняць удзел у пасадках. Бо калі чалавек нешта робіць сваімі рукамі, у яго стаўленне іншае, — мяркуе ён.

Гучалі прапановы ўсталёўваць на Кастрычніцкай плошчы жывую елку замест штучнай, зрабіць званкі з мабільнага тэлефона ў службу 115 (кантакт-цэнтр ЖКГ) бясплатнымі, падымаліся пытанні капітальнага рамонту жылля, добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі і іншыя.

Усяго падчас прамой лініі прынята амаль паўсотні званкоў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.