Вы тут

Таццяна Калядка: “У нашых жанчын многа ідэй”


Шмат гадоў працуе Таццяна КАЛЯДКА першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска. Яна не проста вопытны адміністратар, яна яшчэ і чалавек, які шчыра захоплены грамадскай дзейнасцю. Узначальвае раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын і з’яўляецца членам ГА “Белая Русь”. Пра тое, як у яе жыцці пераплятаюцца грамадская праца і прафесійныя абавязкі, Таццяна Калядка расказала “Алесі”.


– Маскоўскі раён беларускай сталіцы малады, і ён вельмі дынамічна развіваецца. За тыя 10 гадоў, што я працую тут, змянілася многае – падоўжылі ветку метро, з’явіліся новыя камфортныя жылыя мікрараёны, уздоўж праспекта Дзяржынскага вырасла “Студэнцкая вёска”, аналагаў якой няма ў Беларусі. Гэта сем студэнцкіх інтэрнатаў кватэрнага тыпу, у якіх пражываюць каля 7 тысяч студэнтаў вядучых ВНУ краіны. “Студэнцкая вёска” мае сваю інфраструктуру – бібліятэкі, кавярні, цырульню, пральню, памяшканні для заняткаў фізічнай культурай і творчасцю, кабінеты медыцынскага абслугоўвання. На яе тэрыторыі таксама размешчаны Лядовы палац.

У многім рытм перспектыўных пераўтварэнняў у нашым раёне задае Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У моладзі высокія патрабаванні да ўзроўню і якасці арганізацыі вольнага часу, магчымасці падтрымліваць здаровы лад жыцця, да экалагічнасці і г.д. На гэта і мы ў многім арыентуемся ў сваёй працы.

Маскоўскі раён славіцца традыцыямі, якія тут склаліся. Заўсёды масава і з асаблівым настроем праходзяць сямейныя святы, спартыўныя спаборніцтвы для сем’яў, калі і бацькі, і дзеці разам удзельнічаюць у эстафетах, рухавых гульнях, падбадзёрваюць адзін аднаго на старце і фінішы.

– Думаю, ваша энергія заражае і падначаленых на працы, і калег па грамадскіх ініцыятывах. А хто “зараджае” вас?

– У сваіх калегах я знаходжу не толькі водгук на свае ініцыятывы і прапановы – ад іх я таксама многае магу пачарпнуць. Наш калектыў – гэта маладыя, энергічныя, мэтанакіраваныя людзі на чале з нашым кіраўніком Андрэем Леанідавічам Жайловічам. Раней я працавала ва ўпраўленні эканомікі раённай адміністрацыі, пяцёра з тых маіх калег цяпер працуюць у Міністэрстве эканомікі РБ. Шкада было адпускаць такіх дасведчаных спецыялістаў, але радуе, што як прафесіяналы яны выраслі менавіта ў нас. Іх пераход на новую прыступку кар’ернай лесвіцы – гэта і наш гонар.

– Кіраўнік у калектыве валодае нейкімі адміністратыўнымі рычагамі, а БСЖ – арганізацыя грамадская. Што яднае жанчын у Саюзе?

– БСЖ нашага раёна аб’ядноўвае надзвычай неабыякавых жанчын, якія з’яўляюцца не толькі добрымі спецыялістамі ў розных сферах дзейнасці, узорнымі маці, гаспадынямі, але і маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, таму арганізоўваць разам з імі любое цікавае мерапрыемства заўсёды прыемна. Гэта мая намеснік Людміла Філімонава, а таксама Кацярына Пятруша, Людміла Вярэніч, Святлана Рожына, Марына Барысёнак і іншыя. Нашыя актывісткі вельмі чулыя, неабыякавыя да людзей, якім патрэбна дапамога. Мы заўсёды ўдзельнічаем у рэспубліканскай акцыі “Збярэм разам партфель першакласніку”, дапамагаем падрыхтавацца да новага навучальнага года шматдзетным і маламаёмным сем’ям, у якіх не хапае ўласных сродкаў. Перад Новым годам актывісткі “пярвічак” БСЖ ідуць з падарункамі туды, дзе, напэўна, больш за іншых чакаюць навагодняга цуду, – у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Такія сустрэчы праходзяць у асабліва цёплай атмасферы: дзеці расказваюць, як яны жывуць, чытаюць вершы, спяваюць песні, а потым усе разам п’ём гарбату.

Перад важнымі рэспубліканскімі святамі прыходзім да нашых ветэранаў з кветкамі і падарункамі. Ім дарагія проста клопат і ўвага, а нам сапраўды цікава паслухаць успаміны сведкаў пра Айчынную вайну і пасляваеннае жыццё.

Нядаўна сумесна з кіраўніцтвам ЗАТ “Вітэкс” павіншавалі шматдзетных маці, што працуюць на прадпрыемстве, уручылі ім грашовыя сертыфікаты, білеты ў цырк і ласункі для дзяцей.

– Ці ёсць стасункі з каляжанкамі іншых гарадскіх арганізацый БСЖ?

– Вядома, мы не толькі падтрымліваем ініцыятывы, з якімі выступаюць нашы “пярвічкі” – іх у нас больш за 50. Працуем у цесным кантакце з арганізацыямі БСЖ Мінска, таму што я ўпэўненая, што самае вялікае багацце – гэта чалавечыя адносіны. У час такіх сустрэч нараджаюцца новыя ідэі.

Напрыклад, мы запрасілі сябровак наведаць прадпрыемства “Галантэя” па вырабе сумак і скургалантарэі, дзе больш 90% работнікаў – жанчыны. Многія з работніц з’яўляюцца акцыянерамі, яны зацікаўленыя ў тым, каб іх ААТ развівалася, прыносіла добры прыбытак. Тут у кожнага працаўніка ёсць медыцынская страхоўка, льготныя абеды, вялікая ўвага ўдзяляецца шматдзетным сем’ям. Вопыт “Галантэі” зацікавіў нашых мінскіх калег.

Мы таксама бяром на ўзбраенне цікавыя ідэі партнёраў. Запрашэнне да ўдзелу ў выстаўцы “Вясновы салон”, які праводзіла гарадская арганізацыя БСЖ, садзейнічала паказу творчасці жанчын Маскоўскага раёна на іх уласнай выстаўцы ў Музычным тэатры.

Наш жаночы актыў любіць бавіць вольны час разам (канцэрты, тэатр, турыстычныя паездкі). Нядаўна пабывалі ў Полацку, зачараваліся Сафійскім саборам, паслухалі арганную музыку, наведалі Спаса-Ефрасіньеўскі жаночы манастыр. Атрымалі мноства станоўчых эмоцый ад знаходжання на святой полацкай зямлі! Таксама гэтым летам праехаліся па Стаўбцоўшчыне, малой радзіме нашага народнага паэта Якуба Коласа.

Безумоўна, мы плануем яшчэ больш пазнавальных паездак, бо ў Беларусі столькі цікавых і прыгожых мясцін, дзе абавязкова трэба пабываць! Хочам больш праводзіць творчых майстар-класаў, сустрэч з урачамі, псіхолагамі, рознымі спецыялістамі. Пад кіраўніцтвам трэнера ФАЦ “Маскоўскі” хутка пачнуцца заняткі па скандынаўскай хадзьбе.

– А асабіста для вас лепшы адпачынак – гэта…

– Разам з сям’ёй! Мы з мужам, дзецьмі і ўнукамі не сядзім на месцы. Па магчымасці збіраемся і адпраўляемся ў падарожжы. Больш за ўсё нам запомніліся паездкі ў Мір, Нясвіж, Жыровічы, музей-сядзібу “Здраўнёва” Іллі Рэпіна пад Віцебскам, таксама ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Адэсу… Вельмі любім адпачываць на возеры Свіцязь. Адным словам, вядзём актыўны лад жыцця.

Анастасия ПЕТЬКО

Фото Татьяны ТКАЧЁВОЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.