Вы тут

Ельская мэблевая фабрыка — буйны вытворца крэслаў з драўнянага масіву*


Складана ўявіць сабе жыллё ці офіснае памяшканне, у якім бы не было крэслаў. Яны нясуць не толькі рабочую функцыю. Іх вонкавы выгляд і форма з'яўляюцца важнай часткай дызайну памяшкання, уплываюць на інтэр'ер і яго атмасферу.


Вы­кон­ва­ю­чая  аба­вяз­кі  ды­рэк­та­ра  Ель­скай мэб­ле­вай  фаб­ры­кі  вя­ду­чы тэх­но­лаг Але­на Пту­ха.

Гістарычная даведка

Стварэнне прадпрыемства адносіцца да 1914 года. Тады купцы Маргоўскі і Ліўшыц пабудавалі ў Ельску невялікі лесапільны завод, які размяшчаўся ў адным драўляным будынку. Прадпрымальнікі пачалі перапрацоўку драўніны хвой і дубоў, якія раслі ў гэтых мясцінах.

У 1935 годзе на прадпрыемстве пачалі вырабляць мэблю, а з 1960-га — асвойваць вытворчасць крэслаў. У 2016 годзе адбылося пераўтварэнне прадпрыемства ў адкрытае акцыянернае таварыства. Зараз Ельская мэблевая фабрыка з'яўляецца адным з філіялаў ААТ «Мазырскі ДАК». Прадпрыемства спецыялізуецца на вырабе крэслаў, банкетак, сталоў, мяккіх крэслаў з масіву драўніны і канап на драўляным каркасе.

На Ельскай мэблевай фабрыцы ажыццяўляецца поўны вытворчы цыкл вырабу крэслаў з масіву дрэва: ад раскрою піламатэрыялаў, сушкі загатовак, механічнай апрацоўкі да зборачна-аддзелачных работ. Для вытворчасці крэслаў і іншай мэблі існуе спецыяльная тэхналогія са сваімі тонкасцямі.

Старанны выбар дрэва лічыцца адным з самых адказных этапаў. Для вырабу мэблі прадпрыемства выкарыстоўвае масіў дуба, алешыны, бярозы, хвоі высокіх гатункаў. Кожны від лесаматэрыялаў характарызуецца сваімі ўнікальнымі і непаўторнымі якасцямі. З якой драўніны лепш купіць мэблю — вырашаць толькі пакупніку.

Працэс вырабу крэслаў пачынаецца з раскрою лесаматэрыялаў на піламатэрыялы, затым — на чарнавыя загатоўкі, якія сушаць да вільготнасці 8 плюс-мінус 2 %. Ад таго, наколькі правільна была высушана сыравіна, залежыць эксплуатацыя крэслаў. Пры далейшай (канчатковай) апрацоўцы чарнавых загатовак атрымліваюць чыставыя загатоўкі, якія ідуць на вытворчасць дэталяў.

Выраб крэслаў — складаны і вузкаспецыялізаваны працэс, у якім ужываюцца практычна ўсе віды дрэваапрацоўчага абсталявання. Акрамя таго, для вырабу крэслаў выкарыстоўваецца і спецыяльнае абсталяванне, якое не ўжываецца ў вытворчасці іншых відаў мэблі. Напрыклад, на Ельскай мэблевай фабрыцы ёсць італьянская фрэзерна-прафілюючая лінія і пяцівосевыя апрацоўчыя цэнтры з лічбавым праграмным кіраваннем. Сучаснае абсталяванне для вытворчасці крэслаў дазваляе прадпрыемству атрымліваць якасную прадукцыю з мінімальнай стратай сыравіны.

Увага навінкам

У кастрычніку на Ельскай мэблевай фабрыцы пачалі масавую вытворчасць новай лінейкі крэслаў з мяккай абіўкай.

Крэслы «Дэрбі» і «Арланда» выглядаюць прыцягальна і элегантна. Яны маюць строгі лаканічны дызайн. Мяккая спінка крыху выгнута, што забяспечвае дадатковую зручнасць і камфорт пры эксплуатацыі. Трывалы каркас выраблены з масіву дуба і бярозы. Для абіўкі выкарыстоўваюцца як жакардавыя тканіны, так і мікравелюр. Магчымы пашыў чахлоў на гэтыя мадэлі крэслаў пад заказ ці з тканіны заказчыка.

Мяккія крэслы выглядаюць арганічна ў інтэр'ерах розных стыляў. Дзякуючы такой універсальнасці дызайну яны падыходзяць для выкарыстоўвання як у жылых, так і ў грамадскіх памяшканнях.

Выконваючая абавязкі дырэктара, вядучы тэхнолаг Ельскай мэблевай фабрыкі Алена Птуха гаворыць, што нават просты на выгляд табурэт зрабіць не так лёгка, як здаецца на першы погляд. Тым больш — зручнае крэсла:

— На сёння ў Беларусі не так шмат прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю крэслаў з масіву, што збіраюцца на шыпавых злучэннях, а гэта значна павялічвае трываласць крэсла і, такім чынам, тэрмін яго эксплуатацыі. Вытворчасць крэслаў — вельмі працаёмкі тэхналагічны працэс. Пры іх канструяванні ўлічваецца кожная дробязь. Калі дэталі не супадуць нават на адзін градус ці міліметр, крэсла не збярэцца. Таму заўсёды ідзе вельмі дакладная падгонка нават пасля зборкі. Важна, каб крэсла было абсалютна ўстойлівым. Нашы супрацоўнікі — сапраўдныя прафесіяналы. Яны гадамі набывалі ўнікальны вопыт вытворчасці крэслаў.

Мэбля з масіву драўніны ва ўсе часы застаецца актуальнай і эксклюзіўнай. Гэта звязана ў першую чаргу з экалагічнай чысцінёй матэрыялу і яго даўгавечнасцю. Мэбля з разнастайных каштоўных парод драўніны здольная ўпрыгожваць не толькі дом, але і элітныя кабінеты кіраўнікоў, клубы і камерцыйныя банкі, рэстараны і іншыя прэстыжныя памяшканні.

Крэслы з'яўляюцца нязменным атрыбутам любога памяшкання. Эксклюзіўныя, з масіву дрэва і з надзейнай канструкцыяй ды арыгінальным дызайнам дазволіць сабе купіць можа не кожны, але калі яны з'явіліся ў доме, то будуць служыць дзясяткі гадоў.

Мадэльны рад сталоў і крэслаў Ельскай мэблевай фабрыкі галоўным чынам мае традыцыйную скіраванасць. Класічны стыль трывала ўмацаваўся ў дызайне інтэр'ера. Заўсёды актуальны, ён увасабляе ўтульнасць, рэспектабельнасць і вытрыманую раскошу.

Крэслы Ельскай мэблевай фабрыкі ў класічным стылі маюць шэраг характэрных асаблівасцяў. Іх канструкцыя мае сіметрычныя, прапарцыянальныя формы. Усе акругласці і выгібы вывераны з дакладнасцю да міліметра, каб забяспечыць максімальны камфорт для спажыўца.

Матэрыялы для абіўкі адпавядаюць абранаму стылю. Часцей за ўсё ўжываецца жакард з прыгожым узорам і рэльефнай фактурай. Малюнак тканіны можа быць у выглядзе кантрасных палос, мудрагелістых узораў, геаметрычных арнаментаў і кветак.

Тэндэнцыі сучаснага дызайну вельмі рухомыя. Яны дыктуюць новыя формы ўзаемадзеяння стыляў і матэрыялаў. Таму на Ельскай мэблевай фабрыцы цяпер вядзецца актыўная работа па абнаўленні асартыменту прадукцыі, укараняюцца новыя і ўдасканальваюцца існуючыя тэхналагічныя працэсы.

  • Крэслы і мяккія крэслы Ельскай мэблевай фабрыкі ўпрыгожваюць кабінеты Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, рэзідэнцыю Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
  • Народны мастак Расіі акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Аляксандр Шылаў для сваёй майстэрні зрабіў спецыяльны заказ на Ельскай мэблевай фабрыцы. Ён падрыхтаваў эскізы мэблі, па якіх цяпер па ўзгадненні з аўтарам наладжаны масавы выпуск такіх крэслаў.
  • Самую вялікую долю ў вытворчай дзейнасці Ельскай мэблевай фабрыкі займае вытворчасць крэслаў. Так, выпуск прадукцыі за 2018 год у натуральным выражэнні складаюць:

крэслы — 29 850 шт.;

дэталі каркасаў — 26 800 шт.;

іншая прадукцыя: сталы, банкеткі, табурэты, мяккія крэслы, канапы — 3857 шт.

  • На сваю прадукцыю прадпрыемства мае ўсе неабходныя сертыфікаты адпаведнасці Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Таксама прадукцыя сертыфікавана па еўрапейскім стандарце FSС, што гарантуе ажыццяўленне строгага экалагічнага кантролю.

Вытворчасць прадукцыі, якая адпавядае стандартам якасці і патрабаванням спажыўцоў, адкрыла магчымасці для супрацоўніцтва з Расіяй, Казахстанам, Літвой, Эстоніяй і іншымі краінамі. Пры гэтым для кожнай з краін-партнёраў на Ельскай мэблевай фабрыцы вырабляюць прадукцыю не толькі масавай вытворчасці, але і мэблю па індывідуальных заказах. Прадпрыемства заўсёды адкрытае для супрацоўніцтва і гатовае ўвасобіць у жыццё мадэлі мэблі любой складанасці і дызайну.

Стратэгічнай мэтай з'яўляецца перспектыўнае развіццё прадпрыемства, якое заключаецца ў стварэнні ўмоў для прыцягнення інвестыцый, накіраваных на тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці, пашырэнне асартыменту прадукцыі, зніжэнне сабекошту, забеспячэнне прыбытку, замацаванне пазіцый на беларускім рынку, выхад на новыя рынкі збыту.

Асаблівасці крэслаў з масіву дрэва

Асноўным адрозненнем вырабу мэблі з масіву дрэва ад вырабу з іншых матэрыялаў з'яўляецца адсутнасць дадатковых прымешак, якія ўплываюць на якасць сыравіны. Выкананыя з масіву крэслы арганічна дапаўняюць інтэр'ер, надаюць яму элементы раскошы. Уласцівасці масіву дрэва, які валодае шырокім выбарам тэкстур, дазваляюць ствараць трывалую і элегантную мэблю, у тым ліку крэслы з максімальна працяглым тэрмінам эксплуатацыі. Характарыстыкі трываласці крэслаў з масіву значна вышэйшыя, чым з таннейшых ДВП і іншых матэрыялаў. Да таго ж драўляныя крэслы лёгка рэстаўраваць і змяняць іх вонкавы выгляд шляхам афарбоўвання. Мэбля з масіву розных парод дрэва надзейная, экалагічная і прыгожая.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

УНП 401155408

* - на правах рэкламы

Загаловак у газеце: Зручныя і элегантныя крэслы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».