Вы тут

Праз Трасцянец у Благаўшчыну


Выдадзена кніга пра месцы масавага знішчэння людзей пад Мінскам у гады Другой сусветнай вайны


Экскурсію па Мемарыяльным комплексе праводзіць Наталля Яцкевіч. Фота БЕЛТА

Кніга “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы” выйшла на беларускай, рускай і англійскай мовах у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Выданне — пра даўнія падзеі ля вёскі Малы Трасцянец Мінскага раёна: там працавала ў гады вайны нацысцкая “фабрыка смерці” Трасцянец. Адно з 8 найбуйнейшых у Еўропе месцаў масавага знішчэння людзей. Падлічана колькасць ахвяр: каля 206,5 тысячы мірных жыхароў Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі ды іншых краін, а таксама ваеннапалонных. Навукова-папулярная кніга добра ілюстраваная — па сутнасці, фотаальбом. У ёй выкладзена вядомая інфармацыя аб трасцянецкай трагедыі ў сціслай форме. Асноўную частку тэксту кнігі напісала загадчыца аддзела навукова-даследчай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч, якая ўжо каля 30 гадоў займаецца тэмай трасцянецкай трагедыі.

Мы сустрэліся з рэдактарам і суаўтарам кнігі Міхаілам Нікіціным. Ён працуе ў рэдакцыі гістарычных навук згаданага вышэй выдавецтва. Міхаіл Генадзьевіч рыхтаваў да друку тэкст Наталлі Яцкевіч, вывучаў дакументы, электронныя копіі якіх па просьбе выдавецтва прыслалі для праекта Нацыянальны архіў і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Дзяржархіў Мінскай вобласці. Гісторыя вёскі Малы Трасцянец складзена Міхаілам Нікіціным па тых дакументах. З яго дапамогай сёння мы робім невялічкі экскурс у Трасцянец, каб зразумець: што там здарылася ў мінулым і чаму пра тое варта памятаць.

Апошняя дарога ў Трасцянец 

Трасцянецкі лагер арганізоўваўся як дапаможная гаспадарка нямецкай “службы бяспекі”. Утрымліваліся ў Трасцянецкім лагеры ў асноўным вязні з Мінскага гета, якія валодалі нейкімі спецыяльнасцямі, а таксама тыя спецыялісты-яўрэі, якіх прывозілі з краін Заходняй Еўропы. Былі два асноўныя масавыя патокі ахвяр. Адзін — з Аўстрыі, Чэхіі, Германіі. Другі — з Мінскага гета. Яшчэ ў лагер трапляла невядомая колькасць мінскіх падпольшчыкаў, вязняў мінскай турмы й лагера па вуліцы Шырокай (там быў так званы мінскі “рабочы лагер” СС — цяпер гэта вугал праспекта Машэрава й вуліцы Куйбышава. — Рэд.), а таксама тысячы людзей, схопленых у час аблаў проста на вуліцах горада.
Людзей з Еўропы везлі па чыгунцы спачатку ў пасажырскіх вагонах да Ваўкавыску, потым перасаджвалі ў таварныя. На фотаздымку ў кнізе бачны асабістыя рэчы ахвяр Трасцянца: каструля, талеркі, лыжкі, відэлец, шыльдачка ад хатніх дзвярэй, расчоска, бутэлечка ад лекаў. Людзі ехалі сюды з надзеяй, што будуць жыць. Ім казалі: прывязуць іх у добраабсталяваныя лагеры ці адправяць на працу ў навакольныя маёнткі. Выгляд, нібыта іх вязуць на працу, захоўваўся да самага канца. Каля Малога Трасцянца была нават абсталявана чыгуначная станцыя з невялічкім вакзалам. Тых, хто прыбыў, віншавалі па радыё і абвяшчалі, што хутка ўсе пойдуць на працу. Аднак далей большасць людзей грузілі ў аўтамашыны чорнага колеру са шчыльна зачыненым кузавам — і вывозілі ў Благаўшчыну: на расстрэл.

Расстрэлы ў Благаўшчыне 

Зала памяці “Вагоны”

У той ваенны час Благаўшчынай называлі мясцовы сасновы бор. Цяпер устаноўлена, што там расстралялі 150 тысяч чалавек. На месцы расстрэлаў, як можна бачыць на пасляваенных фотаздымках, зробленых адразу пасля вызвалення Мінска, — пясчаная пустэча. Калі стваралі мемарыял, то зноў тое месца расчысцілі ад лесу й парабілі там “брацкія магілы” па чарцяжах, якія былі знойдзены ў нямецкіх архівах. Справа ў тым, што калі людзей расстрэльвалі й закопвалі ў ямах, то педантычныя немцы рабілі план, дзе тыя могілкі знаходзяцца. Гэта й дапамагло ў нашым часе дакладна вызначыць месцазнаходжанне “брацкіх магіл”.

Гітлераўцы ж самі амаль ніколі не афішавалі масавы характар расстрэлаў. Калі й паведамлялі ў сваёй прэсе, што расстраляна столькі чалавек, то звычайна стараліся прыхаваць сапраўдную колькасць загубленых. І, вядома ж, захопнікі вельмі не хацелі, каб савецкая ўлада, якая магла вярнуцца зноў на гэтыя землі, магла выкарыстаць знойдзеныя трупы ў мэтах прапаганды. Таму ўсе магілы ў Благаўшчыне напрыканцы вайны былі раскапаныя, трупы — спаленыя, а попел звалены ў тыя ж ямы. Як мне расказалі гісторыкі, колькасць ахвяр вызначалася спецыялістамі надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў акупантаў у 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі з дапамогай спецыяльных методык, якія ўлічвалі даўжыню ямы і таўшчыню попелу. Разлікі колькасці тых, хто загінуў, зразумела ж, аказаліся прыблізнымі.

У кнізе ёсць фотаздымак рэшткаў крэмацыйнай ямы-печы ва ўрочышчы Шашкоўка. Паводле дакументаў, у 1943–44 гадах, калі яма-печ працавала ў ваколіцах Трасцянецкага лагера, туды везлі людзей, схопленых проста ў вёсках пад час карных экспедыцый. Шмат нашых суайчыннікаў яўрэйскай нацыянальнасці ды розных іншых загінула там.
Міхаіл Нікіцін, рэдактар кнігі, гаворыць: яго асабіста ўразіла, што сярод дакументаў, атрыманых з Дзяржархіва Мінскай вобласці, быў і спіс загубленых нацыстамі жыхароў вёскі Малы Трасцянец, якая была літаральна побач з лагерам. Людзей з тае вёскі акупанты знішчалі сем’ямі, не шкадуючы й дзяцей. У 1965 годзе ў Малым Трасцянцы быў усталяваны новы помнік на магіле 6,5 тысячы чалавек, знішчаных нацыстамі ў адрыне. 

У 1966 годзе паставілі помнік у Шашкоўцы на месцы спалення 50 тысяч чалавек у крэмацыйнай яме-печы.

Маўклівыя сведкі 

Вокладка кнігі

Старая млынавая сажалка, якая захавалася да нашых дзён і бачная на фотаздымку ў кнізе, з’яўляецца маўклівым сведкам таго, што адбывалася і ў самім лагеры, і побач з ім. Непадалёку ад берага сажалкі й стаяла вялікая адрына, дзе расстралялі й спалілі 6,5 тысяч чалавек. На беразе быў і лагер, дзе эксплуатавалі й катавалі людзей. Крэмацыйная яма-печ, ля якой было расстраляна ды ў ёй спалена 50 тысяч чалавек, таксама непадалёк ад сажалкі, ва ўрочышчы Шашкоўка. На сённяшні дзень раскапаныя й адноўленыя фундаменты лагерных пабудоў: на так званым “полі пахаванняў”.

Рыхтуючы кнігу да выдання, рэдактар Міхаіл Нікіцін палічыў важным яшчэ раз наведацца туды, дзе знаходзіўся Трасцянецкі лагер, зноў пабачыць месцы, дзе людзей знішчалі тысячамі. Прайшоў ён і па так званай “дарозе смерці” — алеі, абсаджанай таполямі, якая часткова захавалася. Высадзілі яе ваеннапалонныя лагера ў 1942 годзе: ад Магілёўскай шашы вязні пабудавалі спецыяльную дарогу, якая вяла да лагера й па якой траплялі туды людзі. “Такая дэталь мяне ўразіла: калі ісці ад Магілёўскай шашы да лагера, то злева можна заўважыць могілкі, на якіх стаяла драўляная царква яшчэ з XVІ стагоддзя. На час вайны яна была паўразваленай. І вось людзі, якіх гналі па той дарозе смерці, бачылі й могілкі, і паўразваленую царкву, і, магчыма, прадчувалі свой лёс”, — расказвае Міхаіл Генадзевіч.

Гартаем старонкі 

Агледзім асноўныя раздзелы кнігі. Пачынаецца яна з кароткай прамовы, далей змешчана гісторыя вёсак Малы і Вялікі Трасцянец: пачынаючы з XVІ стагоддзя і заканчваючы пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. На адной са старонак — фотакопія дакумента 1600 года аб перадачы нейкіх зямельных уладанняў з адных рук у другія, фотаздымак царквы, якая паўтарае форму той, што стаяла там з XVІ па XX стагоддзе. Далей выкладзена гісторыя трагедыі, пачынаючы ад стварэння Мінскага гета ў 1941?м. Мне патлумачылі: з Мінскім гета вельмі цесна звязана трагедыя вёскі Малы Трасцянец. Бо не ўсіх людзей адразу везлі ў лагер — некаторых спачатку прывозілі ў гета, потым адпраўлялі на знішчэнне.
Затым у кнізе выкладзена падрабязная гісторыя вывучэння Трасцянецкай трагедыі навукоўцамі: пачынаючы з 1941 года і заканчваючы нашымі днямі. Невялікі раздзел прысвечаны іншым найбольш знакавым месцам знішчэння людзей на Беларусі. Можна даведацца пра Масюкоўшчынскі лагер, Бронную Гору, Ляснянскі, Беразвецкі, Лупалаўскі лагеры для ваеннапалонных, пра Азарыцкія лагеры смерці, пра Калбасінскі й Калдычэўскі лагеры смерці. Апісаны ў кнізе й сучасныя дзве чаргі Мемарыяльнага комплекса “Трасцянец”, якія адкрыліся ў 2015 і 2018 гадах. 

Сучасны Трасцянецкі мемарыял складаецца з дзвюх асноўных частак. Першая чарга манумента называецца “Брама памяці”, другая — “Благаўшчына”.

Апошні раздзел кнігі — гэта экскурсія па мемарыяле “Благаўшчына. Апошні шлях”, складзеная Наталляй Яцкевіч. Яна праводзіць чытачоў па дарозе, якой вялі людзей ад шашы да месцаў расстрэлаў, тлумачыць сімволіку такіх мемарыяльных аб’ектаў, як “Плошча Жыцця” і “Зала Чакання”, зала памяці “Вагоны”, “Плошча Парадоксу”. Усе іх можна бачыць на фотаздымках. Брукаваная чырвоным каменем “Плошча Парадоксу”, паводле задумы аўтара, вядомага архітэктара Леаніда Левіна, сімвалізуе парадокс ХХ стагоддзя, калі чалавек стаў забіваць чалавека. А на “Плошчы Смерці” станавілася відавочным: жыцця ўжо не будзе, далей — толькі смерць, пагібель. На фотаздымках мемарыяльных могілак “Благаўшчына” бачны брацкія магілы. Там, ля доўгіх ям-равоў нацысцкія каты тысячамі забівалі людзей. Адна з магіл сфатаграфавана буйным планам. У архівах аўстрыйскіх гарадоў захаваліся спісы людзей, якіх вывезлі ў Благаўшчыну. Прозвішчы некаторых з іх увекавечаны на соснах побач з могілкамі.

Ганна Лагун 

Вытрымкі з кнігі

“Трагічныя падзеі вакол Трасцянца пачаліся восенню 1941 года, калі ўрочышча Благаўшчына, што на 11 кіламетры Магілёўскай шашы за 1,5 кіламетра ад вёскі Малы Трасцянец, было абрана акупантамі ў якасці месца знішчэння людзей”.

“Мінская абласная камісія садзеяння ў рабоце надзвычайнай дзяржаўнай камісіі правяла ў ліпені 1944 года расследаванне злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Благаўшчыне, дзе былі выяўлены 34 ямы-магілы, замаскіраваныя яловымі галінкамі. Некаторыя ямы дасягалі ў даўжыню 50 метраў”.

“Да канца лістапада 1941 года, акрамя транспарту з Гамбурга, у Мінск прыбылі яшчэ 6 цягнікоў з Дзюсельдорфа, Франкфурта-на-Майне, Берліна, Брно, Брэмена й Вены з агульнай колькасцю каля 7 тысяч чалавек”.

“Восенню 1943 года за 0,5 кіламетра ад вёскі Малы Трасцянец ва ўрочышчы Шашкоўка гітлераўцы пабудавалі крэмацыйную печ для спальвання трупаў, загубленых людзей. Гэта было звязана са спыненнем расстрэлаў у Благаўшчыне й пачаткам аперацыі па эксгумацыі ды спаленні цел забітых там на працягу двух гадоў людзей”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».