Вы тут

Чым запомніўся Год малой радзімы?


На пытанні «Звязды» адказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў.


— Генадзь Міхайлавіч, якія, на ваш погляд, самыя знакавыя падзеі і мерапрыемствы былі рэалізаваныя на Віцебшчыне сёлета?

— Аб'яўленне Года малой радзімы падштурхнула больш пільна прыгледзецца да праблем маленькіх вёсак, невялікіх пасёлкаў. У прыватнасці, да добраўпарадкавання вуліц і сядзіб. Упэўнены, сапраўдная любоў да радзімы пачынаецца з клопату аб ёй.

Цяжка пералічыць усе мерапрыемствы. Нават калі захочаце коратка напісаць пра кожнае, думаю, не хопіць для гэтага і цэлага нумара «Звязды»...

Сярод іншага Віцебшчына актыўна прымала ўдзел у экалагічнай кампаніі «Уладкуем малую радзіму». Перамены да лепшага адбыліся ў пасёлку Езярышча Гарадоцкага раёна, у сельскіх населеных пунктах: Опса — Браслаўскага раёна, Вымна і Копці — Віцебскага, Мярэцкія — Глыбоцкага, Крынкі — Лёзненскага, Камаі — Пастаўскага, Чарэя — Чашніцкага раёна і гэтак далей.

Праведзены работы па ўладкаванні 475 спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак, рамонце 183,5 тысячы метраў квадратных дарог, зносе 400 пустуючых і старых дамоў. Пасаджана 32,5 тысячы дрэў і кустоў, уладкавана 22 гектары газонаў.

Вялікія аб'ёмы работ па добраўпарадкаванні праведзены ў населеных пунктах Аршанскага раёна. Так, у пасёлку Балбасава адрамантаваны фасады шматкватэрных дамоў, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі, уладкаваны паркоўкі і тратуары. У гэтым населеным пункце ўстаноўлены гульнявыя пляцоўкі з дзіцячымі атракцыёнамі, пракладзены веласіпедныя і пешаходныя дарожкі, пасаджана 300 дрэў. Пабудаваная і станцыя абезжалезвання, што дазволіла палепшыць якасць пітной вады.

— Год малой радзімы падоўжаны яшчэ на два гады. Што плануецца зрабіць у пытаннях добраўпарадкавання, аднаўлення храмаў, помнікаў архітэктуры?

— Важна працягваць тое, што пачалі. Тыя ж работы па добраўпарадкаванні тэрыторый і навядзенні парадку на зямлі. Цяпер фарміруюцца спісы мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага будзе аддадзена развіццю і ўладкаванню глыбінкі. Шмат чакаюць ад мясцовай улады жыхары былых райцэнтраў: Езярышча Гарадоцкага раёна, Багушэўска — Сенненскага, Дзісны — Мёрскага...

Трэба выконваць і даручэнне Прэзідэнта па добраўпарадкаванні двух раёнаў штогод. Спачатку запланавана «даць другое дыханне» Браслаўскаму і Сенненскаму раёнам. Потым — астатнім.

Распрацоўваюцца планы па пераўтварэнні аграгарадкоў у «вёскі будучыні» з улікам мясцовых асаблівасцяў. Адметна падышлі да перамен у аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна. Спачатку на мясцовым сельгаспрадпрыемстве ўкаранілі сучасныя тэхналогіі, а потым узяліся за сацыяльную сферу. Плануецца, што ў 2019 годзе гэта будзе вёска Бароўка Лепельскага раёна, у 2020-м — аграгарадок Навасёлкі Пастаўскага раёна.

Па адраджэнні гістарычнай спадчыны ёсць цікавыя прыклады. У Дуброўне адкрылі рэканструяваны дарэвалюцыйны будынак Дняпроўскай мануфактуры — ён належыць ААТ «Дубровенскі льнозавод», які дзясяткі гадоў узначальвае дырэктар Анатоль Басянкоў. Цяпер там музей, дзе сабралі матэрыялы аб Дняпроўскай мануфактуры. Цікава, што ёсць і зала сямейных урачыстасцяў. Усе работы па рэканструкцыі будынка праведзены за ўласныя сродкі прадпрыемства...

А ў Паставах сёлета адкрылі музей, прысвечаны гісторыі аптэчнай службы. Ініцыятарам стварэння экспазіцыі стаў калектыў на чале з Жаннай Лагвіненкай, загадчыкам цэнтральнай аптэкі Пастаўскага раёна, найстарэйшай у вобласці. Будынак, узведзены больш за 200 (!) гадоў таму, неаднойчы рэканструявалі. Але захавалася непаўторнае архітэктурнае аблічча і, галоўнае, першапачатковае прызначэнне...

— А хто з вядомых палітыкаў і бізнесменаў, дзеячаў мастацтваў дбае сёння пра сваю малую радзіму?

— У Лёзне пры садзейнічанні старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, нашага земляка Уладзіміра Андрэйчанкі, уведзена ў эксплуатацыю другая чарга культурна-аздараўленчага цэнтра.

У Мёрах узводзіцца ўнікальны прамысловы аб'ект, металапракатны завод па вырабе белай бляхі — ТАА «ММПЗ-груп» інвесціравала 264,4 млн рублёў. Рэалізацыя гэтага праекта з'яўляецца асноўным перспектыўным і інавацыйным кірункам сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Старшыня савета дырэктараў названай фірмы — Аляксей Кавалёнак, ураджэнец раёна. Дарэчы, дзякуючы яму плануецца пабудаваць у Мёрах кардыялагічны цэнтр па нямецкіх стандартах для аказання экстраннай і планавай спецыялізаванай дапамогі насельніцтву навакольных раёнаў. У дадатак будуць лячыць іншаземцаў.

Шмат робіць для землякоў і Мікалай Мартынаў, член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка». Прадпрыемствам аказана фінансавая дапамога на рамонт новай выставачнай залы гісторыка-краязнаўчага музея. «Марка» — пастаянны спонсар Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» і іншых.

У вёсцы Машкова Аршанскага раёна ў рамках свята «Малая радзіма — вялікая любоў» урачыста адкрылі пасля рэканструкцыі помнік савецкім воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Ініцыятарам і спонсарам гэтага праекта стаў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела, ураджэнец Аршаншчыны.

І аналагічных прыкладаў шмат.

— На ваш погляд кіраўніка ідэалагічнай вертыкалі вобласці, што трэба зрабіць, каб Год малой радзімы не ператварыўся ў кампанейшчыну для справаздачы?

— Кампанейшчыны ў такім пытанні быць не можа. Вось глядзіце, як у адной з нашых рэгіянальных газет падышлі да абвяшчэння тэматычнага конкурсу. Яны яго назвалі «Малая радзіма — дом майго сэрца». Якое цёплае сугучча слоў!

У той жа час тут важна правільна расставіць акцэнты і рацыянальна ўсё арганізаваць.

Прывяду прыклад. У лютым рашэннем Глыбоцкага райвыканкама быў зацверджаны план мерапрыемстваў па правядзенні «Года захавання гістарычнай спадчыны Глыбоччыны».

Сёлета ў Дуброўне стартаваў праект «Захаваем спадчыну разам». Ініцыятарамі сталі жыхары горада і ўдзельнікі грамадскай ініцыятывы «Дубрава». Праект прадугледжваў добраўпарадкаванне гарадскога парку «Ліпкі». Грашовыя сродкі на рэалізацыю былі выдзелены Фондам імя Льва Сапегі. Да рэвалюцыі парк належаў князю Любамірскаму, гэта было прыгожае месца прагулак для арыстакратаў. Побач знаходзіўся багаты фруктовы сад. Дарэчы, у свой час ён стаў адметнай рысай Дубровеншчыны, бо ва ўсіх сваіх маёнтках і вёсках князь Любамірскі патрабаваў, каб у кожнага жыхара дома цвілі сады.

За час рэалізацыі праекта ў парку зрабілі новыя тратуарныя дарожкі, уздоўж якіх высаджана 100 ліп. На беразе рэчкі Задубровенкі пасаджана невялікая дуброва — 100 дубочкаў. Над трэнажорным комплексам з'явіўся дах. І цяпер можна трэніравацца ў любое надвор'е. Таксама абсталявана валейбольная пляцоўка, устанавілі альтанку для адпачынку, сцэнічную пляцоўку... Усё гэта зроблена не для справаздачы.

— Чым асабіста вам запомніўся Год малой радзімы?

— На зямлі многа цудоўных мясцін, але няма даражэйшай сэрцу за малую радзіму. Нядаўна на маёй роднай Лёзненшчыне адкрывалі пасля рэканструкцыі мемарыяльны комплекс «Адаменская горка». Менавіта гэта падзея запомнілася больш за ўсё. Наш раён вельмі пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны — загінула звыш 5 тысяч мірных жыхароў, столькі ж землякоў не далічыліся на франтах і ў партызанскай барацьбе, было спалена 196 вёсак. Таму памяць аб загінулых жыве ў нашых сэрцах. Мы імкнёмся да яе захавання падыходзіць нефармальна. Гэта набывае асаблівае гучанне напярэдадні 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З кожным годам расце ўвага да захавання нацыянальнай спадчыны, да людзей, якія праславілі родную зямлю працоўнымі дасягненнямі і гераічнымі ўчынкамі. І надыходзячы 2019 год будзе на Віцебшчыне працягам агульнай справы на карысць нашай Айчыны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Любоў пачынаецца з клопату

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».