Вы тут

Ён у любові толькі свету кляўся


Здаецца, нібыта ўчора толькі пісаў: «Анатолю — 60?! Жарт, нябось! Ён жа заўсёды малады!» А сёння ўжо няма яго з намі: пакінуў гэты свет 8 лістапада на 65-м годзе, а душою, паэзіяй жыве сярод нас і будзе жыць доўга-доўга з тымі, хто прыйдзе пасля нас.


Пачынаючы з часоў студэнцтва, неаднойчы яго творы змяшчаліся ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», літаратурных часопісах, абласной газеце «Заря» і многіх іншых перыядычных выданнях, альманахах, калектыўных зборніках…

Як сведчаць крыніцы, Анатоль Іванавіч Шушко нарадзіўся 19 чэрвеня 1954 года ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна. У аўтабіяграфіі пісьменнік удакладняе: «Аднак то значыцца толькі ў метрыках і ў пашпарце. На самай справе: тым жа днём і годам, але ў мястэчку Чырвоная Слабада на Случчыне, дзе больш за месяц у вёсцы Белае Балота “гайдаўся я ў рэшаце — калысцы”».

Маленства будучага паэта прайшло ў вёсцы Сташаны, дзе ён скончыў мясцовую дзесяцігодку. Сваімі першымі настаўнікамі Анатоль Іванавіч лічыў маці Ганну Рыгораўну, настаўніцу гісторыі і геаграфіі, і бацьку Івана Канстанцінавіча, франтавіка, працаўніка мясцовага рыбгаса. Цікавасць да літаратуры, да творчага самавыяўлення сфарміраваліся ў свядомасці сташанскага падлетка, калі ў школе ўрокі літаратуры выкладаў таленавіты пісьменнік Мікола Купрэеў. Дарэчы, у Сташанах выгадаваўся таксама паэт Мікола Антаноўскі, нязменны на працягу дзесяцігоддзяў рэдактар Пружанскай райгазеты «Раённыя будні». У 1971 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ВНУ настаўнічаў на малой радзіме, у Ласіцкай сярэдняй школе на Піншчыне. Далей лёс закінуў паэта на Гарадзеншчыну, дзе ён выкладаў рускую мову і літаратуру і выконваў абавязкі выхавальніка ў Поразаўскай спецшколе-інтэрнаце для дзяцей, якія слаба чуюць. Былі і Міншчына, і Гомельшчына...

Добра помню ўсе сустрэчы з гэтым сонечным чалавекам, з якім нават звычайная гутарка — паэзія, сапраўдная падзея ў жыцці, свята для сэрца, непаўторнае, нібы мастацкі твор. Гэтых сустрэч было нямала і ў Пінску, і ў Іванаве, дзе разам з жонкай і дочкамі з вялікім задавальненнем прымалі жаданага госця, і на свяце «Лунінская восень» на Лунінеччыне, калі яго кніга «Шаны» была ўганаравана літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка, і на днях беларускага пісьменства ў розных кутках Беларусі.

Дарэчы, да кнігі «Шаны» Віктар Гардзей напісаў прадмову і назваў сугучна — «Шаны вам, Сташаны». А ў самога Анатоля ёсць верш, які так і называецца: «Сто шан для Сташан».

Сто шан табе, мой родны кут

З папiнамi ля хаты!

Дзе ж адпачну, калi не тут,

Як птушанё, крылаты.

Як доўга ён ішоў да гэтага! Не злічыць, колькі разоў на сходах ці пасяджэннях Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, на мерапрыемствах рэспубліканскага альбо мясцовага ўзроўняў, проста пры сустрэчах нагадваў, ушчуваў, маліў, што такому паэту папросту злачынна не выдаць новую кнігу... Напэўна, не адзін я назаляў Анатолю. Не сумняваюся, што тое ж рабіў, напрыклад, зямляк-пінчанін Валерый Грышкавец, які ў сваім водгуку на «Шаны» згадваў пра асаблівую сціпласць паэта.

Вось урывак з прадмовы да чарговай паэтычнай падборкі А. Шушко Варлена Бечыка, якога называюць сур’ёзным крытыкам беларускай паэзіі, датаваны ажно 1981 годам: «У жнiўнi 1971 года газета “Лiтаратура i мастацтва” надрукавала вершы Анатоля Шушко, сямнаццацiгадовага выпускнiка-школьнiка з палескай вёскi Сташаны. Якой важкай i цiкавай творчай заяўкай здалiся вершы гэтага юнака! Былi ў iх i маладая ўсхваляванасць жыццём, i раздумлiвая дапытлiвасць, i назiральнасць, i псiхалагiчная чуйнасць. Праглядвалi даволi выразныя рысы асабiстасцi, уласнага светаадчування…»

Пасля той публікацыі Анатоль выдаў першую кнігу «Выток і прычасце» аж праз 13 гадоў — у 1994-м, у серыі «Бібліятэка часопіса “Маладосць”». Яна, як і трэба было чакаць, атрымала шырокі станоўчы розгалас. А мог жа выдаць і ў першай палове васьмідзясятых, як тое рабілі ўсе яго аднагодкі паэты-філолагі. Не, не выдаў. Напэўна, лічыў, што ранавата, што трэба яшчэ падцягнуцца, бо ўжо тады, у юным узросце, меў выключны паэтычны густ.

Паэт з надзвычайным боскім дарам не растраціў, не закапаў свой талент. Працаваў. Нарэшце, новая кніга — славутыя «Шаны».

Адметна, што і крытыкі, і рэцэнзенты па-рознаму інтэрпрэтуюць паходжанне слова. Адны схільныя лічыць, што вынікае яно ад слова шанаваць, іншыя — што ад слова СтаШАНы, назвы вёскі Анатоля, а сам ён на вокладцы кнігі змясціў плецены з саломы посуд, які ў Сташанах называецца шан — у гэтых мясцінах ён у былыя часы быў мераю жыта. У народзе ўсё гарманічна і нават паэтычна складваецца: шанаваць, шан, Сташаны… Сапраўдны паэт гэта адчувае глыбінна, на генным узроўні. Нездарма Валерый Грышкавец, рускамоўны паэт, улюбёны ў беларускую паэзію, водгук на згаданую вышэй кнігу назваў вельмі характэрна, з акцэнтам: «СТО ШАН, ПАЭТ!, или МЕРА ЖИТА — МЕРА СЛОВА: ЖИЗНЬ!» Тут усё — і сто мераў, і сто шанаванняў, і сто шанцаванняў...

...Нібыта ўчора пісаў пра Анатоля-юбіляра. Не дажыў да чарговага юбілею. Але ён жыве ў нашых сэрцах і будзе жыць да скону. Бо яго паэзія часу непадуладная.

Ляцi, мой верш, заўжды да небакраю!

Як ты мяне сабой узгадаваў!

Балесны, крэўнасны,

Табе я раю,

Каб жыў i быў,

Каб верыў, граў і дбаў!

І пачуццём крынiчным наталяўся.

А слова — кветкавала i цвiло!

Каб у любовi толькi свету кляўся.

А зло цiшком у Лету адышло.

Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.