Вы тут

Уладзімір Цвірка. Малыя Шчытнікі


Вандруючы непадалёк ад Брэста па ваколіцах Чарнаўчыцаў, Высокага, Воўчына ды Малых Шчытнікаў, я ведаў, што гэта радзіма грамадска-палітычнага дзеяча, выкладчыка і мысліцеля Казіміра Лышчынскага, які ў 1634 годзе з’явіўся на свет у невялікім маёнтку Лышчыцы Берасцейскага павета Вялікага Княства Літоўскага.

Набыўшы веды ў Бярэсці, Кракаве, Львове і ўступіўшы ў дваццацічатырохгадовым узросце ў ордэн езуітаў, ён пачаў працаваць выкладчыкам і памочнікам рэктара Берасцейскага езуіцкага калегіума. З цягам часу будучы бязбожнік пачаў выказваць уласныя думкі наконт рэлігійнага светаразумення, самога хрысціянства, сцвярджаючы, што аснова ўсяго — прырода. Менавіта па яе законах развіваецца свет, які існуе вечна, без усялякага ўмяшання найвышэйшай сілы. Чалавечае ж уяўленне пра Бога — гэта вынік яго фантазій, страху і няведання законаў прыроды.

 Казімір Лышчынскі марыў, што некалі прыйдзе час сацыяльнай роўнасці і свабоды грамадства. На аснове гэтага ён стварыў знакаміты рукапісны трактат «Аб неіснаванні Бога». У 1687 годзе па загадзе езуітаў рукапіс выкралі, а аўтара «бязбожнага» твора выключылі з членаў ордэна, распачалі судовую справу, на падставе якой Лышчынскага ў 1689 годзе спалілі на кастры на адной з плошчаў Варшавы.

Праз трыста гадоў пасля пакарання Казіміра Лышчынскага ў Малых Шчытніках за апсідай царквы ўсталявалі вялізны камень з выбітымі на ім словамі мысліцеля: «О, падарожнік! Не міні гэтых камянёў. Ты на іх не спатыкнешся, калі не спатыкнешся на ісціне. Усвядоміш ісціну каля камянёў, бо нават тыя людзі, якія ведаюць, што гэта праўда, вучаць, што гэта мана. Вучэнне мудрацоў — свядомы падман».

Малыя Шчытнікі згадваюцца з XVI стагоддзя як шляхецкая сядзіба Бераставіцкага ваяводства ВКЛ. Спачатку гэта была маёмасць роду Гарнастаяў, потым — Гансеўскіх. З 1708 года тут уладарылі Сапегі і Чартарыйскія. Пры апошніх у 1742 годзе і была пабудаваная з цэглы невялікая каталіцкая святыня ў стылі барока ў гонар Сэрца Ісуса.

Існуе яшчэ адна версія ўзнікнення касцёла. Прыкладна ў гэтыя гады, але на кароткі час, сядзіба ў Малых Шчытніках належала падскарбію вялікаму літоўскаму Станіславу Панятоўскаму — бацьку будучага караля Рэчы Паспалітай. Дык вось, магчыма, пры ім ці нават на яго сродкі быў узведзены храм, ці, па меншай меры, распачатая яго будоўля, якую потым скончылі ўжо Чартарыйскія.

Што датычыць былога касцёла ў Малых Шчытніках, то яго далейшы лёс пакінуў дастаткова звестак у пісьмовых крыніцах ды проста ў чалавечай памяці.

Падчас паўстання 1863—1864 гадоў храм быў часткова пашкоджаны, але тагачасная гаспадыня сядзібы Францішка Паніквіцкая аднавіла святыню ўжо як праваслаўную. Асвяцілі яе ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У 1918 годзе храм атрымаў назад сваю першапачатковую назву і быў вернуты каталікам. На гэтым прыгоды не скончыліся. Касцёл быў пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, пасля яго зачынілі і выкарыстоўвалі як зернясховішча.

У 1988 годзе нават была агучана задумка прыстасаваць культавы будынак пад музей у гонар Казіміра Лышчынскага. Што перашкодзіла здзейсніць гэты намер, невядома. Але ў 1990 годзе храм усё ж аднавілі і адкрылі для вернікаў як праваслаўную царкву.

...Няспешна рушу праз пейзажны парк сядзібы да гаспадарчых пабудоў, якія захаваліся да нашага часу. Сам парк, на жаль, месцамі зарос кустоўем і адзічэў. Былыя арашальныя каналы абмялелі ці наогул перасохлі. Сядзібны дом, узведзены ў канцы ХІХ стагоддзя, перабудоўваўся настолькі часта, што вельмі цяжка пазнаць ці ўбачыць яго першапачатковыя эклектычныя рысы. Непадалёк ад дома размясціўся гаспадарчы двор. Добра захавалася былая карэтная, якая сёння прыстасавана пад прыватную канюшню. Ёсць надзея, што новыя гаспадары будуць захоўваць першапачатковы выгляд архітэктурных помнікаў.

Вельмі шкада сядзібнага парку, які лічыцца адным з самых лепшых на Брэстчыне па разнастайнасці экзатычных і рэдкіх парод дрэў і кустоў, большасць з якіх былі пасаджаныя ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.