Вы тут

Першыя рэзідэнты тэхнапарка «Горкі» ствараюць сельскагаспадарчых робатаў


Экспертны савет тэхнапарка «Горкі» разгледзеў бізнес-праекты і прыняў рашэнне аб рэгістрацыі сваіх першых рэзідэнтаў, якія спецыялізуюцца на дакладным земляробстве і жывёлагадоўлі. Гэта ТАА «Навукова-тэхнічны цэнтр «БелАграРобат» (Горкі, Масква) і прыватнае прадпрыемства «Размеркаваныя сэнсарныя сістэмы» (Мінск), паведамляе «Горацкі веснік».


Старшыня райвыканкама Сяргей КУЛАГІН і дырэктар тэхнапарка Андрэй Цімаеў з новымі рэзідэнтамі. Фота: gorkіv.by

— Гэта знамянальны дзень для Горацкага рэгіёна, які заўсёды адкрыты для рэалізацыі інавацыйных інвестыцыйных праектаў, усяго новага і перадавога, — адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Кулагін. — Сёння тэхнапарк «Горкі» выйшаў на новы ўзровень сваёй работы. Для эканомікі раёна з'яўленне першых рэзідэнтаў мае вялікае значэнне.

Варта адзначыць, што, акрамя стварэння цэнтраў распрацовак, рэзідэнты плануюць асвоіць вытворчасць у Горацкім раёне.
А гэта новыя рабочыя месцы. Праз іх прыйдуць іншыя інвестары. Прыемна, што на паўночны ўсход Беларусі, мэтанакіравана прыехалі сталічныя прадпрымальнікі для навуковага ўдасканалення сваіх распрацовак у дакладным земляробстве і жывёлагадоўлі. Тут будуць іх укараняць у сельгаспрадпрыемствах раёна, каб знізіць выдаткі і распаўсюджваць вопыт на суседнія рэгіёны.

На думку дырэктара ТАА «Тэхнапарк «Горкі» Андрэя Цімаева, падзея знакавая і для ўсёй аграрнай галіны. Бо тут адзіны ў краіне аграбіятэхналагічны парк у сістэме Мінсельгасхарча Беларусі, які ўяўляе сабой унікальную пляцоўку для камерцыялізацыі аграрных навукаёмістых распрацовак на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.

Крыху аб праектах.

«БелАграРобат» у Горках заснавала маскоўская кампанія ТАА «Навукова-тэхнічны цэнтр «РобаПРОБ», якая з'яўляецца рэзідэнтам кластара інавацыйнага цэнтра «Сколкава». Цэнтр стварае рабатызаваныя комплексы RoboProb, якія ў аўтаномным рэжыме праводзяць аграхімічнае абследаванне сельскагаспадарчых зямель і робяць карту палёў для ўнясення угнаенняў. Іх прадукцыйнасць уражвае: адзін комплекс замяняе пяць спецыялістаў пры ручным адборы проб глебы.

Пры гэтым распрацоўшчыкі зрабілі поўную аўтаматызацыю адбору проб з іх маркіроўкай і пакаваннем. Акрамя таго, аб'ядналі даныя з глебы з вынікамі касмічнага зандзіравання, аграхімічнага аналізу, прагнозамі метэастанцыі. Прычым усе аналізы робяцца аператыўна ў палявой лабараторыі.

Дарэчы, прадстаўнікі расійскай кампаніі хочуць стварыць малога ўніверсальнага сельскагаспадарчага робата, які, акрамя адбору проб, вызначаў бы яшчэ хваробы сельскагаспадарчых культур, знішчаў пустазелле, змагаўся са шкоднікамі. Да таго ж рабіў бы гэта ў кругласутачным рэжыме. Яго выкарыстанне ў арганічнай сельскай гаспадарцы дасць магчымасць забяспечыць поўную дакладнасць інфармацыі аб рэштках хімікатаў у пробах, а праз GPS-навігацыю праверыць дакладнасць месцаў адбору.

Акрамя краін СНД, кампанія плануе экспартаваць прадукцыю ў Аўстрыю, Германію, ЗША, Канаду, Бразілію, адкуль ужо ёсць заяўкі. Развіццё праекта ў тэхнапарку і арганізацыя сучаснай вытворчай пляцоўкі ў Горацкім раёне дазволяць маштабаваць вытворчасць і павялічыць аб'ёмы гатовай навукаёмістай прадукцыі.

Кіраўнік раёна Сяргей Кулагін прапанаваў выкарыстоўваць для гэтага вытворчыя магчымасці ААТ «Прэма» і «Горкілён».

Дзмітрый Шырокі, дырэктар «Размеркаваных сэнсарных сістэм» — другога рэзідэнта — абраў тэхнапарк з-за яго сельскагаспадарчай спецыялізацыі. Ён займаецца распрацоўкай і вытворчасцю Ovі-Bovі — гэта адмысловая сістэма, скіраваная на выяўленне жывёл, гатовых для асемянення. Датчык змяшчаецца на карову і аналізуе яе стан, перадаючы звесткі на ўстаноўлены за сотні метраў прыёмнік. А на мабільны тэлефон тэхнікаў па штучным асемяненні прыходзіць SMS-паведамленне з нумарам жывёлы, з якой трэба працаваць. Разумная сістэма дазваляе замяніць назіральніка.

Дзмітрый прывёў прыклад па адной з фермаў Баранавіцкага раёна, дзе пачалі карыстацца такімі датчыкамі, — там вырасла эфектыўнасць паказчыкаў па ўзнаўленні, што прывяло да павелічэння вытворчасці малака.

Датчыкі выкарыстоўваюцца ў трох сельгаспрадпрыемствах Мінскай і Брэсцкай абласцей. Першыя экспартныя пастаўкі былі ў Швецыю і Інданезію. Зараз асноўны стратэгічны партнёр — Індыя, якая прыцягвае ёмістасцю рынку, дзе 300 мільёнаў кароў.

У тэхнапарку плануюць выйсці з унікальнымі прапановамі на рынкі Аргенціны, Бразіліі, Новай Зеландыі. Цяперашнія датчыкі плануюць удасканаліць: каб яны на ранняй стадыі маглі распазнаваць хваробы жывёл. У кампаніі ёсць праекты і па аўтаматызацыі ўзважвання жывёл.

Загаловак у газеце: Тэхналогіі для развіцця вёскі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.