Вы тут

Паштоўка. Люстэрка часу


За некалькі дзён да самага любімага з дзяцінства свята трэба гаварыць пра святочнае. Пра такое, ад чаго толькі прыемныя думкі, без ніякіх там «але» і «калі б». Вось, напрыклад, чым, па-вашаму, пахне Новы год? Хвояй, мандарынамі і нарэзанымі несезоннымі для гэтага часу свежымі агуркамі? Дапушчальна. Але мне асабіста ён пахне зусім іншым сваім атрыбутам — паштоўкамі. Так-так, паштоўкамі. Свежымі друкарскімі фарбамі, якія на шчыльным кардоне набывалі нейкае асаблівае, менавіта навагодняе адценне водару. І яшчэ — гэтым самым кардонам, засівералым, набрынялым ад вільгаці — так пахлі паштоўкі, якія ў завіруху даставалі з жалезнай скрыні, што вісела на плоце каля вуліцы.


Паштовак спачатку было шмат, нават занадта. Каштавалі яны ў апошнія гады застою літаральна капейкі — пяць або шэсць за штуку, на іх ужо адразу была намаляваная марка, што дазваляла пасылаць іх без канверта ў любы куточак вялізнай краіны, там жа было месца для адраса атрымальніка і адпраўніка, для зручнага напісання індэкса быў выбіты «трафарэт» чорнымі кропачкамі. Па іх не трэба было нават ісці на пошту: дачка паштальёнкі цёткі Надзі Марынка вучылася ў суседнім класе, і ўжо з дваццатых чыслаў снежня яна дапамагала маці рэалізоўваць святочную прадукцыю, прычым вельмі ўдала — на перапынках ля яе парты збіралася ці не ўся школа. Мы таксама куплялі цэлы стос яркіх картак з намаляванымі Дзядамі Марозамі, Снягуркамі, тройкамі, гадзіннікамі, яловымі галінкамі, і некалькі вечароў мама карпатліва іх падпісвала, хвалюючыся, каб нікога не забыцца. Стос партыямі па штук дзесяць запіхвалі ў паштовую скрыню, што вісела каля хаты паштальёнкі.

А потым, перад самым Новым годам і некалькі дзён пасля пачынаўся адваротны працэс — на наш адрас паштоўкі ішлі пачкамі. Вялікая радня, далёкая і блізкая, знаёмыя і сябры з суседніх вёсак (а то і са сваёй), маміны былыя вучні — усе віншавалі нас са святам. Паштоўкі лічыліся дзясяткамі. У адзін год, помню, іх колькасць пераваліла за сотню. Цётка Надзя прыносіла іх у цяжкай сумцы разам са шматлікімі газетамі і часопісамі. Цікава было іх разбіраць і разглядаць — асабліва тыя, што прыходзілі з Украіны, з Прыбалтыкі, з Урала. Нямала было і аднолькавых — яны ўрэшце клаліся адна на адну, каб не займалі шмат месца. Для паштовак у зале была выдзелена цэлая канапа, на якую ў гэтыя дні нават ніхто не садзіўся — яна была ўся пакрытая стракатай навагодняй «капай»: паштоўкі стаялі на спінцы, ляжалі на більчынах і на ўласна «спальным месцы». Прыгажосць была неймаверная (прынамсі, так здавалася той, хто іх па-мастацку там раскладаў і расстаўляў), і нават шкада было пасля яе прымаць. Але на наступнае свята ўсё паўтаралася зноў.

Прыйшла перабудова — і праз пару гадоў дэфіцытам сталі нават паштоўкі. Калі ж удавалася дастаць — каштавалі яны нашмат даражэй, чым раней, усё часцей іх трэба было класці ў канверт, на які яшчэ патрэбна была дадатковая марка. Паштоўкі зрабіліся знакам асаблівых адносін — цяпер іх не пасылалі ўсім запар, а толькі самым родным людзям і самым блізкім сябрам. Іх значна паменшала, але яны сталі больш багатымі — і ў памерах, і ў афармленні. Праўда, месца, каб пісаць, на іх стала значна больш, і некаторым было вельмі складана запоўніць пустую прастору з непрывычкі, пасля невялікіх картак, на якіх палову месца займаў адрас атрымальніка і адпраўніка. Таму ў паштоўках таго часу часта сустракаюцца сняжынкі і іншыя навагоднія візарункі, намаляваныя ад рукі.

А потым з'явіліся прыгожыя і незвычайныя паштоўкі «З Раством Хрыстовым!» — веянне новага часу. На іх былі намаляваныя сцэны з вялікай хрысціянскай падзеі — з яслямі, Хрыстом-немаўляткам, валхвамі, або пазалочаныя купалы на фоне ўпрыгожаных ялінак. Гэта было так дзівосна і непрывычна, што некалькі гадоў запар падобныя паштоўкі пасылаліся замест уласна навагодніх усім — незалежна ад таго, калі і якое Раство хто святкуе і ці святкуе ўвогуле.

У канцы 90-х прыйшла новая мода — на паштоўкі з гатовым тэкстам. Купляеш такую — і пісаць ужо нічога не трэба, толькі дадаў да гатовага навагодняга вершыка «Дарагі» ці «Дарагая» з іменем, а ўнізе свой подпіс — і гатова. Праўда, вершыкі ў большасці сваёй былі так сабе, у іх «новы год» у лепшым выпадку рыфмаваўся з «карагод». Былі, праўда, рэдкія выключэнні: у мяне з тых часоў захавалася стракатая паштоўка з калядоўшчыкамі і з радкамі Рыгора Барадуліна: «Забудзем звады і разлады, // Падымем чаркі за Каляды! // Няхай з багатай Калядою // Прыходзіць шчасце маладое!» Але гэта, паўтаруся, было вялікай рэдкасцю, таму, калі хацелася напісаць нешта сваё, адмысловае, даводзілася ўціскаць літары ў пустое месца каля папсовых чужых радкоў або шукаць «чыстыя» паштоўкі, што было задачай даволі складанай. Можа, менавіта таму колькасць падпісаных знаёмай рукой віншаванняў і пажаданняў з таго часу змяншалася і змяншалася.

Пасля з'явіліся пэйджары, за імі — мабільнікі і даступны інтэрнэт, за імі прыйшлі сацыяльныя сеткі і разумнейшыя за людзей смартфоны. Усё, што хочаш пажадаць і сказаць, можна за лічаныя секунды перадаць у любое месца планеты, а віртуальную паштоўку — намаляваць, агучыць, тут жа адправіць — нарыхтовак у сеціве колькі заўгодна... Але — дзіва — паштоўкі папяровыя не адышлі ў нябыт, нават рэдкасцю не сталі. Іх цяпер — якіх заўгодна: і з храмамі, і з ёлкамі, і з Дзядамі Марозамі, з вершамі і без. І людзі з ахвотай купляюць, падпісваюць і адпраўляюць — любы паштовы работнік гэта пацвердзіць. Не лянуюцца ісці на пошту, стаяць у чарзе, пісаць ручкай. Загадка, дый годзе.

Хоць якая тут загадка. Я вось учора сэрвісам скарысталася — зрабіла ў сеціве паштоўку на беларускай мове з загадзя падрыхтаванымі малюнкамі і фразамі. Выбірала, здавалася, самае лепшае, а атрымалася вось што: «Даражэнькая сястра! Цяпла і святла, радасці і кахання, усмешак і выдатнага настрою ў надыходзячым Новым годзе!» Паслала ёй гэты твор у месенджары, а сама пайшла ўвечары адстаяла чаргу і купіла «чыстую» паштоўку. Пад Новы год блізкім людзям трэба казаць і пісаць свае, а не казённыя словы. Толькі тады — здалёк або зблізку — яны абавязкова дойдуць да тых, каму адрасаваныя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».