Вы тут

Мясніковіч наведаў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі


Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч наведаў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі. Навучэнцы ўстановы расказалі аб сваіх дасягненнях і паказалі ўласна распрацаваныя праграмы для смартфонаў.


— Добра, што ў нашай краіне склалася такая традыцыя — сустракацца з дзецьмі напярэдадні Новага года, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.— Асабліва каштоўнае тое, што мы сустракаемся з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў псіхафізічным развіцці. Ім увага патрэбна ўдвая. Нельга забываць прыходзіць да іх і на першае верасня, і да Новага года, ды ўвогуле, неабавязкова на святы.

Падчас візіту, парламентарый азнаёміўся з новымі праектамі навучэнцаў і іх побытам. Дарэчы, спікер верхняй палаты парламента ўжо бываў у гэтым каледжы. Упершыню ён наведаў установу яшчэ ў верасні мінулага года. Старшыня Савета Рэспублікі быў вельмі ўзрушаны талентамі дзяцей і шчыра радаваўся дасягненням навучэнцаў з Цэнтра прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі, які існуе на базе каледжа з 2006 года. Там навучаюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, дзе яны атрымліваюць якасную адукацыю, у тым ліку і прафесійную. Па словах Міхаіла Мясніковіча, наймальнікі адзначаюць высокую падрыхтоўку навучэнцаў па запатрабаваных прафесіях.

Першая сустрэча з навучэнцамі, запланаваная для парламентарыя на гадзіну, расцягнулася амаль на тры. Будучыя спецыялісты атрымалі тады ў падарунак новыя камп'ютары. На працягу года дзеці добра займаліся, задаволеныя магчымасцю працаваць на сучасным абсталяванні камп'ютарнага класа. Вынікам сталі перамогі навучэнцаў на розных конкурсах і форумах. Так, напрыклад, дзеці ўзялі пяць медалёў толькі ў міжнародным конкурсе WоrldSkіlls Веlаrus 2018.

Пасля гэтага трыумфу дзеці напісалі парламентарыю ліст удзячнасці за магчымасць працаваць за сучаснымі камп'ютарамі. Навагоднім сюрпрызам, як для іх, так і для педагогаў установы, стала навіна, што ў рамках акцыі «Нашы дзеці» ў каледж зноў завітае высокі госць з навагоднімі падарункамі.

— Незвычайныя дзеці вучацца ў гэтай установе, — упэўнены Міхаіл Мясніковіч.— Нейкія свае фізічныя недахопы яны кампенсуюць стараннасцю ў вучобе. Як вынік — многія навучэнцы каледжа сталі пераможцамі гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд, яны стаяць у адным радзе з навучэнцамі вядучых ліцэяў і каледжаў краіны.

Яўген Шапавал, адзін з навучэнцаў каледжа, упэўнены, што ва ўстанове ёсць магчымасць рэалізаваць сябе і быць заўважаным.

— Працуеш год побач з іншымі і бачыш, што ўсё гэта цікава не толькі табе,— расхвалявана расказвае хлопец. — Гэта нейкая падзарадка, якая матывуе і надае моц рухацца да новых вышынь. Сёлета я стаў пераможцам у праграме «100 ідэй для Беларусі» ў Мінску. Удзельнічаў у розных форумах, выстаўках тэхнічнай творчасці, алімпіядах па працоўным навучанні, якія палюбіў яшчэ са школы.

Сам Яўген цікавіўся электронікай з дзяцінства. У дванаццаць гадоў сабраў сваю першую падводную лодку з маторам. Праверыў яе работу ў звычайным возеры... Яна паспяхова паплыла, як тарпеда!

— Я быў страшэнна задаволены сабой, — успамінае Яўген.— Пакуль не зразумеў, што не паклапаціўся аб тым, каб яна магла вяртацца назад! Цяпер вось ляжыць на дне возера —ніяк не дастаць.

На працягу 11 гадоў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі з'яўляецца адным з найлепшых сярод устаноў сістэмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. 48 навучэнцаў сталі лаўрэатамі спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. У каледжы наладжана сістэма бесперапыннай адукацыі. Заключаны дагаворы на навучанне з вядучымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны. Выпускнікі каледжа, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, маюць магчымасць працягнуць сваё навучанне і атрымаць у скарочаны тэрмін вышэйшую адукацыю па 42 спецыяльнасцях у ВНУ краіны. У Цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для людзей з асаблівасцямі ў псіхафізічным развіцці займаюцца 69 дзяцей, з іх 7 — з парушэннем апорна-рухальнага апарату, а астатнія з парушэннем слыху. Навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыі аператара ЭВМ, аператара камп'ютарнай графікі, слесара-зборшчыка бытавой тэхнікі, слесара механазборачных работ, тэхніка-праграміста. З верасня будучага года плануецца навучанне інвалідаў па зроку па спецыяльнасці «эксплуатацыя электронна-вылічальных машын». За 12 гадоў цэнтр падрыхтаваў больш за 400 спецыялістаў.

«Рыхтаваць моладзь з вышэйшай адукацыяй важна і трэба, але не менш патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты з сярэдняй адукацыяй. Каледж электронікі якраз і адпавядае тым патрабаванням, якія дыктуе нам жыццё», — дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Падзарадка для моладзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».