Вы тут

Маніторынг і ацэнка мясцовых стратэгій устойлівага развіцця*


Хто ў Беларусі ведае, як развіваюцца гэтыя тэрыторыі? І якія высновы з такой інфармацыі робяцца? Наш аналіз высветліў, што сур'ёзных даследаванняў, якія комплексна аналізуюць стан, напрыклад, вёсак і сельсаветаў у Беларусі, практычна няма. Рэгіянальная аналітыка часцей за ўсё адлюстроўвае стан спраў у галінах эканомікі, або, значна радзей, у раёнах. Аднак і там, і там гэтыя звесткі ўсё ж бліжэй да «сярэдняй тэмпературы па шпіталі». Бо сітуацыя ў райцэнтры (не кажучы ўжо аб цэнтры абласным) — зусім іншая, чым у вёсках, асабліва аддаленых ад вялікіх гарадоў. Што казаць, калі нават паміж вёскамі — часта дыстанцыя ў сацыяльна-эканамічным вымярэнні.


Пра­ект «Эфек­тыў­ны ма­ні­то­рынг і ацэн­ка —  за­лог па­спя­хо­вай рэа­лі­за­цыі стра­тэ­гій  устой­лі­ва­га раз­віц­ця на мяс­цо­вым уз­роў­ні» фі­нан­су­ец­ца Пра­гра­май пад­трым­кі Бе­ла­ру­сі фе­дэ­раль­на­га ўра­да Гер­ма­ніі.

А калі мы не можам «палічыць», як развіваюцца сельсаветы і вёскі, паспрабаваць спрагназаваць іх перспектывы, то існуе рызыка прыняцця рашэнняў аб іх развіцці зверху на аснове меркаванняў вузкага кола людзей, меркаванняў часцяком хутчэй эмацыянальных, чым рацыянальных, або залішне акадэмічна-навуковых. Гэта стварае вялікую пагрозу памылак. Прычым варта ўлічваць таксама агульнае імкненне кожнай дзяржавы да спрашчэння і стандартызацыі «аб'екта» для мэт кіравання. Так, вядомы прафесар Ельскага ўніверсітэта Джэймс Скот пісаў, што «сучасная дзяржава з дапамогай сваіх чыноўнікаў спрабуе з пераменным поспехам стварыць карціну прыроды і насельніцтва (а ў нашым кантэксце — у тым ліку сельсаветаў і іншых лакальных тэрыторый. — А. С.) з такімі стандартызаванымі характарыстыкамі, якія будуць найбольш простымі пры кантролі, падліку, ацэнцы і кіраванні».

Што ж рабіць? Так, прасоўвацца ў напрамку шырэйшага мясцовага самакіравання, самаразвіцця, стварэння магчымасцяў для ўзбагачэння мясцовых супольнасцяў, у тым ліку праз фарміраванне іх рэальнай маёмасці.

І адным з шляхоў набліжэння да такой мадэлі ў сённяшняй Беларусі з'яўляецца распрацоўка і рэалізацыя мясцовых стратэгій устойлівага развіцця (УР). У перыяд з 1999-га да 2018 года ў рэгіёнах Беларусі можна налічыць каля 180 ініцыятыў, якія пазіцыянавалі сябе як удзельнікі дзейнасці па УР на мясцовым узроўні (у тым ліку пад назвай «Мясцовыя парадкі дня — 21»). У 2018 годзе з іх, па нашых ацэнках, працягваюць актыўнасць каля 140 ініцыятыў па УР, у тым ліку ў шасці абласцях, у 20 раёнах, у 50 супольнасцях пярвічнага ўзроўню (у гарадах раённага падпарадкавання, сельскіх і пасялковых Саветах, гарадах і вёсках), у пяці арганізацыях і прыкладна 60 школах і іншых навучальных установах. На гэты час у краіне апублікавана каля 40 рознай ступені дэталёвасці (ад поўных тэкстаў да тэзісаў) дакументаў рэгіянальных і мясцовых стратэгій, канцэпцый, падрыхтоўчых матэрыялаў для іх. У ліку апошніх з іх у 2017 годзе пры падтрымцы праекта «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі», рэалізаванага Мясцовым інфармацыйна-асветніцкім фондам «Новая Еўразія» (г. Мінск) пры фінансаванні Еўрапейскага саюза і суфінансаванні Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAІD), апублікаваны стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі 19 сельсаветаў, у тым ліку 15 з іх — упершыню.

Гэтыя стратэгіі распрацаваны, апублікаваны і ажыццяўляюцца. Але як праходзяць гэтыя працэсы? Ці можна лічыць іх паспяховымі? Ці ўсё ідзе так, як планавалася або неабходны карэктывы? Такія пытанні гучаць усё часцей.

І патрэбны адказы на іх, каб ісці далей.

Аднак, як высветлілася, тут не ўсё так проста. Няма (дакладней — да гэтага часу не было) методыкі для вызначэння эфектыўнасці стратэгій устойлівага развіцця на мясцовым узроўні. А менавіта ж на ўзроўні гарадоў, раёнаў і сельскіх тэрыторый распрацаваны і рэалізуюцца большасць такіх стратэгій.

Вырашыць гэтае пытанне ўзяўся праект «Эфектыўны маніторынг і ацэнка — залог паспяховай рэалізацыі стратэгій устойлівага развіцця на мясцовым узроўні». Ажыццяўляўся ён фондам «Новая Еўразія» пры фінансавай падтрымцы Праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўрада Германіі з красавіка 2017 года да лістапада 2018-га. Партнёрам па праекце выступала нямецкая арганізацыя LAG-21 Зямельнае аб'яднанне «Парадак дня — XXІ» зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія, вядомая сваімі распрацоўкамі па ўстойлівым развіцці на мясцовым узроўні і супрацоўніцтвам з беларускімі арганізацыямі, а таксама шэраг беларускіх экспертаў. Пры падрыхтоўцы дапаможніка выкарыстоўваліся таксама матэрыялы, распрацаваныя і прадстаўленыя Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У межах праекта па маніторынгу і ацэнцы СУРаў (так скарочана называюць стратэгіі ўстойлівага развіцця) зроблена многае. Сабрана і прааналізавана інфармацыя аб існуючых стратэгіях і наяўныя метадычныя падыходы да іх распрацоўкі і ацэнкі. У прыватнасці, у аснову прапанаванага інструмента пакладзены сем базавых прынцыпаў ESDN — Еўрапейскай сеткі ўстойлівага развіцця, якія пастаянна павінны знаходзіцца ў полі зроку распрацоўшчыкаў і рэалізатараў СУР. Прынцыпы, на якіх будуецца канцэпцыя маніторынгу і ацэнкі, такія:

За­ключ­ны круг­лы стол па­цвер­дзіў, што ўдзель­ні­кі пра­ек­та — мэ­та­на­кі­ра­ва­ныя ак­ты­віс­ты ўстой­лі­ва­га раз­віц­ця, пра­фе­сі­я­на­лы сва­ёй спра­вы, сяб­ры і па­плеч­ні­кі.

  1. Агульнае бачанне будучыні і стратэгічныя мэты, якія падзяляюцца ўсімі (пры распрацоўцы СУР меркаванні і пажаданні ўсіх зацікаўленых бакоў павінны быць пачутыя і ўлічаныя);
  2. Высокая ступень палітычнай падтрымкі (распрацоўку СУР і іх рэалізацыю варта ажыццяўляць пры актыўным удзеле і падтрымцы мясцовых органаў улады і кіравання, што таксама дазваляе аб'яднаць існуючыя рэсурсы);
  3. Гарызантальная інтэграцыя (неабходна ўлічваць узаемны ўплыў розных кірункаў дзейнасці і ўцягваць у работу шырокае кола зацікаўленых бакоў, спецыялістаў рознага профілю, напрыклад, эканомікі, сацыяльнай сферы, экалогіі і інш.);
  4. Вертыкальная інтэграцыя (мэты і задачы лакальных СУР не павінны супярэчыць стратэгіям больш высокага ўзроўню і міжнародным дакументам);
  5. Удзел, партнёрства («нікога не пакінуць збоку» — такое абавязацельства ўзялі на сябе падпісанты Дэкларацыі ААН, якія прынялі Мэты ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года);
  6. Механізмы ўкаранення і пошук рэсурсаў (важна мець яснае ўяўленне пра тое, якімі рэсурсамі валодаюць зацікаўленыя бакі і якім чынам рэсурсы можна прыцягваць);
  7. Маніторынг, ацэнка і карэкціроўка (для забеспячэння працэсу кіравання ўстойлівага развіцця тэрыторыі неабходна прадугледзець механізмы маніторынгу, ацэнкі і карэкціроўкі мэт, задач, тэрмінаў, бюджэтаў і іншых параметраў СУР).

«Выкананне вышэйпералічаных прынцыпаў або, па меншай меры, імкненне да іх рэалізацыі робіць працэс стратэгічнага развіцця тэрыторыі актуальным, рэалістычным і сапраўды ўстойлівым», — падкрэсліваецца ў каментарыі да інструмента маніторынгу і ацэнкі.

У працэсе распрацоўкі інструмента маніторынгу праведзены кансультацыі з айчыннымі і замежнымі экспертамі. Распрацаваны праект інструмента маніторынгу прайшоў апрабацыю «ў палявых умовах»: адбыліся сустрэчы-гутаркі з распрацоўшчыкамі і выканаўцамі мясцовых стратэгій устойлівага развіцця ў некалькіх раёнах Беларусі. У прыватнасці, асобныя элементы інструмента былі прадстаўлены, абмеркаваны на прадмет рэалістычнасці, даступнасці даных у вёсцы Чамярысы Брагінскага раёна і вёсцы Крывое Сяло Вілейскага раёна. На падставе аналізу рэкамендацый ад будучых непасрэдных карыстальнікаў у інструмент унесены ўдакладненні і карэкціроўкі. Праведзена апрабацыя непасрэдна ў мэтавых тэрыторыях — Відамлянскім сельскім Савеце Камянецкага раёна і Жалудоцкім сельскім Савеце Шчучынскага раёна.

Аднак любыя методыкі і інструменты мёртвыя, калі яны не выкарыстоўваюцца прафесійна, спецыяльна падрыхтаванымі людзьмі. Таму адно з ключавых мерапрыемстваў праекта — правядзенне спецыялізаванага семінара-трэнінгу па маніторынгу і ацэнцы стратэгій развіцця на мясцовым узроўні з выкарыстаннем падрыхтаванага інструмента. У семінары 6—7 верасня прынялі ўдзел 18 прадстаўнікоў ініцыятыўных груп па ўстойлівым развіцці сельскіх тэрыторый, якія выказалі жаданне і гатоўнасць прайсці профільнае навучанне і пасля праводзіць маніторынг і ацэнку на рэгулярнай аснове. У анкетах зваротнай сувязі, у прыватнасці, мы чытаем: «Важна, што прапанаваная методыка — гэта не догма, яна не выключае творчасці»; «Я зразумеў, як стварыць алгарытм групавой дыскусіі для найбольшай эфектыўнасці»; «Атрыманы досвед я змагу прымяніць на сваёй тэрыторыі», «Пасля трэнінгу прыйдзецца дапрацаваць стратэгію».

Удзель­ні­кі се­мі­на­ра-трэ­нін­гу па вы­ву­чэн­ні ін­стру­мен­та ма­ні­то­рын­гу і ацэн­кі. Ге­надзь ЦЫ­ВІН­СКІ — край­ні спра­ва.

Як паказаў заключны круглы стол па выніках праекта, праведзены 12 лістапада, практычна ўсе тэрыторыі, якія ўдзельнічалі ў праекце, пачалі актыўнае прымяненне інструмента або яго элементаў. Так, гэта часам няпроста і патрабуе шмат часу і інтэлектуальных выдаткаў, але інакш і быць не можа, бо гаворка ідзе пра стратэгію развіцця цэлай тэрыторыі, стратэгію, якая закранае інтарэсы сотняў і тысяч людзей.

Эксперт з Германіі Марцін Шон-Чанішвілі, які ў свой час працаваў у арганізацыі LAG — 21 Зямельнае аб'яднанне «Парадак дня — XXІ» зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія так гаворыць пра новую апублікаваную методыку: «Такая распрацоўка вельмі актуальная не толькі для Беларусі, а і на міжнародным узроўні. Так, у Германіі зараз вялікая колькасць населеных пунктаў і сельскіх тэрыторый распрацавалі і ажыццяўляюць мясцовыя стратэгіі ўстойлівага развіцця. Такія дакументы дазваляюць канцэнтраваць высілкі на прыярытэтных кірунках развіцця і выкарыстоўваць патэнцыял мясцовых супольнасцяў. Маніторынг і ацэнка стратэгій устойлівага развіцця — важныя крокі ў гэтых працэсах. І беларуская распрацоўка тут — сапраўды інавацыйны і эфектыўны інструмент для павышэння эфектыўнасці стратэгій. Мы ў Германіі таксама працуем у гэтым кірунку».

Эксперты звяртаюць таксама ўвагу на тое, што ў Метадычным дапаможніку забяспечаная звязка сістэмы індыкатараў для ацэнкі мясцовых СУРаў з Мэтамі ўстойлівага развіцця, прынятымі Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у 2015 годзе ў якасці арыенціраў стратэгіі на перыяд да 2030 года. Такім чынам, ствараюцца дадатковыя перадумовы для рэалізацыі шырока вядомага ў галіне ўстойлівага развіцця арыенціра-закліку «Думаць глабальна, дзейнічаць лакальна». Не засталіся па-за ўвагай аўтараў дапаможніка і пытанні забеспячэння гендарнай роўнасці ў працэсах распрацоўкі і ажыццяўлення стратэгій устойлівага развіцця на мясцовым узроўні.

Добра аднесліся да новага інструмента для работы па развіцці тэрыторый і беларускія практыкі ўстойлівага развіцця. Старшыня Жалудоцкага сельсавета Шчучынскага раёна Генадзь ЦЫВІНСКІ кажа: «Наш пасёлак — ужо не пачатковец у працэсах устойлівага развіцця. У нас створаны Каардынацыйны савет па гэтай тэматыцы, распрацаваны і надрукаваны ўжо тры стратэгіі ўстойлівага развіцця, рэалізаваны некалькі практычных праектаў. Так, напрыклад, ужо на ўзроўні краіны вядомы наш штогадовы Фестываль кветак. Плошчу нашага пасёлка ўпрыгожваюць каменныя скульптуры — вынік пленэру «Жалудок здзяйсняе мары». Абсталяваны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці і міні-музей. Сабраны матэрыялы пра гісторыю пасёлка і надрукаваны некалькі брашур. Зарэгістравана і працуе грамадская арганізацыя па развіцці вясковых тэрыторый «Наш край». Удзельнічалі мы і ў гэтым праекце фонду «Новая Еўразія». Да нас прыязджалі эксперты, і нашы прадстаўнікі ездзілі ў Мінск для ўдзелу ў семінарах-трэнінгах. Мы лічым, што вельмі важна ўмець ацэньваць выніковасць стратэгій устойлівага развіцця. Інакш камусьці можа здацца, што гэтыя справы не ўплываюць на развіццё пасёлка і сельсавета. А зараз на практычных трэнінгах мы ўжо зрабілі некаторыя разлікі, параўналі сітуацыю «перад» і «пасля», і цяпер з лічбамі ў руках можам даказаць эфектыўнасць нашай працы. Гэта важна і для саміх людзей — актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў і праектаў. Бо добрыя індыкатары адначасова — гэта і адзнака іх працы, і своеасаблівыя арыенціры на будучыню. Яны дапамагаюць працаваць на перспектыву».

Такім чынам, з'явіліся новыя магчымасці прычыніцца да работы па ўстойлівым развіцці розных куточкаў нашай Бацькаўшчыны ці павысіць эфектыўнасць працы, што ўжо ідзе. «Метадычны дапаможнік па маніторынгу і ацэнцы эфектыўнасці рэалізацыі стратэгій устойлівага развіцця на мясцовым узроўні» можна знайсці на сайце фонду «Новая Еўразія». Добрага вам чытання і плёну ў працы! Дзеля ўстойлівага сёння і будучыні.

Алег СІВАГРАКАЎ,

загадчык кафедры эканомікі і кіравання Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

УНП 190601601

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».