Айчынная будаўнічая кампанія «Белзамежбуд» налета скончыць узвядзенне найбуйнейшай для нашай краіны фотаэлектрычнай станцыі (ФЭС) магутнасцю 109 МВт. Кантракт на будаўніцтва гэтага аб'екта быў заключаны днямі з заказчыкам праекта — кампаніяй «Солар Лэнд».
Дырэктар кампаніі Мікіта Міхневіч паведаміў, што парк сонечнай энергіі будзе ўяўляць сабой размешчаныя на спецыяльнай падсістэме модулі, якія збіраюць сонечную энергію. Пад фотаэлектрастанцыю выдзелены ўчастак у 220 гектараў. Сам зямельны ўчастак размешчаны прыкладна за 300 кіламетраў на ўсход ад Мінска, паміж райцэнтрамі Чэрыкаў і Крычаў, у раёне вёскі Бліжняя Рэчыца. Згодна з праектам, станцыя размесціцца на землях, якія падвергліся радыяцыйнаму ўздзеянню падчас чарнобыльскай аварыі.
ФЭС запрацуе ў маі наступнага года
«Работы па ўзвядзенні электрастанцыі распачалі сёлета ў верасні. Атрыманая энергія будзе пастаўляцца ў энергасістэму Беларусі, — растлумачыў Мікіта Міхневіч. — Гэты праект не прынясе вялікага даходу, але ён цікавы сваёй стабільнасцю і перспектыўнасцю».
Пры будаўніцтве аб'екта будзе задзейнічана вялікая колькасць мясцовага насельніцтва. Пры мантажы модуляў на пляцоўцы будзе максімальна працаваць да тысячы спецыялістаў і рознарабочых.
У красавіку — маі наступнага года электрастанцыю плануюць увесці ў строй. Эксплуатацыяй будуць займацца каля 30 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Калі інвестар плануе атрымаць прыбытак ад укладання сваіх сродкаў? Заказчык ухіліўся ад адказу на гэтае пытанне, спасылаючыся на камерцыйную таямніцу. І тут жа дадаў, што час акупнасці праекта складае больш за 10 гадоў.
Эканомія валютных сродкаў
Будаўніцтва станцыі накіравана на развіццё экалагічна чыстай сонечнай энергетыкі ў нашай краіне і дыверсіфікацыю крыніц электраэнергіі. Чакаецца, што праект паспрыяе эканоміі валютных рэсурсаў за кошт некаторага скарачэння імпарту нафты і газу.
Агульная сума інвестыцый у праект перавысіць 170 мільёнаў долараў. Фінансуецца ён за кошт крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў «Солар Лэнд» — даччынага прадпрыемства ірландскай кампаніі «Камеліасайд Лімітэд», якая ўваходзіць у групу кампаній Unіtеd Grееn. Гэтая група кампаній займаецца інвеставаннем у праекты аднаўляльнай энергетыкі па ўсім свеце.
Сяргей КУРКАЧ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!