Вы тут

«Задача прафсаюзаў — па максімуме закласці гарантыі для работнікаў»


Асноўная роля прафсаюзаў заключаецца ў тым, каб дамагацца для работнікаў годнага заробку, стварэння бяспечных умоў іх працы і забеспячэння сацыяльных гарантый. Таму Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі зараз прапануе заканадаўча замацаваць норму, якая прадугледжвае ўдзел прадстаўніка прафкама не толькі пры прыняцці такіх знакавых для работніка рашэнняў, як, напрыклад, звальненне яго па ініцыятыве наймальніка, але таксама і пры заключэнні або прадаўжэнні кантракта. Аб гэтай і іншых ініцыятывах, а таксама аб асноўных выніках мінулага года мы пагаварылі са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццянай ФІЛІМОНАВАЙ.


Пры прызначэнні надбаўкі прыслухаюцца да прафкама

— Гэты год быў адзначаны работай над новай рэдакцыяй Працоўнага кодэкса, — паведаміла Таццяна Філімонава. — Як уся Федэрацыя, так і наш галіновы прафсаюз сур'ёзна займаліся гэтым пытаннем. У цэлым па ініцыятыве прафсаюзаў у новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса было ўнесена 40 артыкулаў.

Каб не быць галаслоўнай: у прыватнасці, прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы ў 30 дзён, хоць у першапачатковай рэдакцыі законапраекта стаяла скарачэнне гэтага тэрміну да сямі дзён. Гаворка ідзе пра тое, што пасля папярэджання аб змене істотных умоў працы (зарплаты, працягласці працоўнага дня і іншага) работнік павінен прыняць рашэнне: працягнуць працаваць на новых умовах альбо звольніцца. Больш працяглы перыяд папярэджання дае больш магчымасцяў для пошуку новай работы.

Немалаважным стала і ўключэнне ў дакумент палажэнняў, згодна з якімі заканадаўча будзе забяспечана магчымасць для прафкама прымаць удзел у абмеркаванні кантракта наймальніка з работнікам — сябрам прафсаюза. Справа ў тым, што ёсць тыпавая форма кантракта, але ў залежнасці ад стажу, вопыту, стаўлення наймальніка да работніка нормы, якія змяшчаюцца ў дагаворы, могуць адрознівацца. Часта бывае, што спецыялісты адной арганізацыі, прафесіі і кваліфікацыі з адным і тым жа стажам маюць розныя нормы, прапісаныя ў кантракце. Асабліва гэта датычыцца мер стымулюючага характару. Таму, каб у гэтым пытанні было больш справядлівасці, мы і настаялі на ўключэнні дадзенага пункта.

Сярод іншых прапаноў нацыянальнага прафцэнтра, якія ўвайшлі ў законапраект, таксама ёсць абмежаванне матэрыяльнай адказнасці работніка за шкоду, прычыненую наймальніку па яго віне (за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 404 Працоўнага кодэкса).

Кантракт на доўгі тэрмін — упэўненасць у заўтрашнім дні

Пытанне, якое хвалюе людзей і на якое звярталася сур'ёзная ўвага прафсаюзаў у гэтым годзе, — кароткатэрміновыя кантракты, гэта значыць тыя, якія заключаюцца на год. Прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму правёў маніторынг, і аказалася, што ёсць арганізацыі, дзе такія кантракты заключаюцца больш чым з 80 % работнікаў. Але калі ў чалавека няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, у яго няма стымулу павышаць узровень свайго прафесіяналізму і больш якасна працаваць менавіта ў гэтай арганізацыі, лічыць Таццяна Філімонава.

Яна звяртае ўвагу на неабходнасць заканадаўчага замацавання такой нормы, як падаўжэнне або перазаключэнне кантракта з добрасумленнымі работнікамі на максімальна доўгі тэрмін (5 гадоў) альбо перавод іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый. Дадзеная норма існуе на сёння ў новым генеральным пагадненні на 2019—2021 гады, якое было падпісана 19 снежня 2018 года ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яна ўжо ўключана і ў тарыфныя пагадненні з Мінкультуры, Мінінфармацыі і Мінспорту, якія былі таксама падпісаны ў снежні гэтага года.

— Мы вельмі актыўна працавалі з дадзенымі ведамствамі па падрыхтоўцы пакетаў новых тарыфных пагадненняў. Скажу шчыра, праца была няпростай. Але нам удалося ўнесці 26 новых пунктаў, — заявіла старшыня галіновага прафсаюза.

Будзе ўзмоцнена абарона спецыялістаў перадпенсійнага ўзросту

Дададзены і такі пункт, як недапушчэнне звальнення па скарачэнні колькасці або штату работнікаў, якія маюць права застацца на працы ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, а таксама асоб перадпенсійнага ўзросту — за тры гады да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

— У працоўным заканадаўстве напісана — за два гады, але мы гэтую норму пашырылі, — тлумачыць Таццяна Філімонава. — Чаму мы звярнулі на яе асаблівую ўвагу? Як правіла, людзям у гэтым узросце вельмі цяжка працаўладкавацца. Вядома, няпроста ўладкавацца на работу і маладому спецыялісту, які не мае вопыту, але, зыходзячы з практыкі, я сказала б, што ў перадпенсійным узросце гэта яшчэ больш складаная задача. І хачу дадаць, што ў тарыфным пагадненні з Мінкультуры ў нас прапісаны яшчэ большы тэрмін — за пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Сур'ёзным новаўвядзеннем у нашы тарыфныя пагадненні на 2019—2021 гады сталі пытанні, якія датычацца заахвочвання людзей, што вядуць актыўны здаровы лад жыцця (маецца на ўвазе адмова ад курэння, актыўныя заняткі фізкультурай і спортам і ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца арганізацыяй). Мы рэкамендуем уключаць дадзеную норму і ў калектыўныя дагаворы.

Пытанне нумар адзін — зарплата бюджэтнікаў

Галіновы прафсаюз хвалюе і ўзровень заработнай платы работнікаў.

— У генеральным пагадненні ёсць норма, згодна з якой узровень заработнай платы ў бюджэтнай сферы павінен быць не ніжэйшы за 80 % сярэдняй зарплаты па краіне, — сцвярджае старшыня галіновага прафсаюза. — Але сёння мы бачым, што гэтая норма не выконваецца і разрыў з'яўляецца вельмі сур'ёзным, нягледзячы на тое, што ўрадам прымаюцца меры па яго скарачэнні. На жаль, гэтае пытанне стаіць перад намі ўжо не першы год і з'яўляецца нумарам адзін у нашым прафсаюзе. Што мы зрабілі для яго рашэння сёлета? У верасні, пасля таго як мы ўбачылі, што нават павышэнне зарплаты ў жніўні не палепшыла становішча, звярнуліся ў Савет Міністраў і дакладна апісалі ўзровень заробкаў работнікаў галін культуры і мастацтва, а таксама спорту і турызму. Па даручэнні Саўміна Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падрыхтавала адказ, у якім было выкладзена, што плануецца зрабіць для павышэння заробкаў работнікаў гэтай галіны ў наступным годзе. Але наш прафсаюз гэтыя меры не задавальняюць: яны не даюць гарантыі сур'ёзнага павышэння заработнай платы работнікаў культуры і мастацтва. Таму мы плануем звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі і спадзяёмся, што нас там пачуюць.

— Надзённым з'яўляецца і наша імкненне выключыць выпадкі, калі работнікам робіцца даплата да мінімальнай заработнай платы, — кажа наша суразмоўніца. — На жаль, гэтая сітуацыя на сёння таксама існуе, у асноўным у арганізацыях фізічнай культуры і спорту. Так, даплата да «мінімалкі» праводзіцца многім трэнерам-выкладчыкам. І што вельмі сумна, такія даплаты ажыццяўляюцца з пазабюджэтных сродкаў, якія маглі б пайсці на стымуляванне працы работнікаў.

* * *

«У цэлым асноўная задача прафсаюзаў — па максімуме закласці гарантыі для работнікаў у тарыфныя пагадненні, бо яны з'яўляюцца асновай для далейшага заключэння калектыўных дагавораў, — сказала Таццяна Філімонава. — Па заканадаўстве, нормы калектыўных дагавораў не могуць быць ніжэйшымі за нормы, прадугледжаныя тарыфным пагадненнем. Хочацца адзначыць, што ў гэтым годзе мы стварылі галіновы Савет па працоўных і сацыяльных пытаннях, менавіта ён займаўся падрыхтоўкай новых тарыфных пагадненняў. Магчыма, у тым ліку і дзякуючы гэтаму нам удалося дамовіцца з міністэрствамі. Ну і хочацца выказаць шчырую падзяку нашым міністэрствам, якія нас пачулі і пайшлі насустрач пажаданням прафсаюза. Гэта паказчык стаўлення іх кіраўніцтва да людзей, якія працуюць у галіне».

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».