Вы тут

“Ёлачка” на роднай мове


Радасць і цеплыню падаравалі дзецям напярэдадні Новага года валанцёры й актывісты з Беларускага дзіцячага фонду — сумесна з супрацоўнікамі Купалаўскага музея


Намесніца дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова з дзецьмі на свяце

Дабрачынная акцыя “Нашы сэрцы — дзецям”, якую Беларускі дзіцячы фонд праводзіць ужо 28-ы раз, распачалася “Калядкамі ў Купалавым доме”. Дарэчы, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ўпершыню аказаўся “месцам старту” акцыі. І, вядома ж, тое паўплывала на ход свята: яно праходзіла з цёплым беларускім каларытам. Скажам, усім знаёмую песеньку “Ёлачка” дзеці спявалі, дзякуючы перакладу Янкі Купалы (ён зроблены ў 1921-м годзе), на беларускай мове: “Узышла ў лесе ёлачка,/ У лесе і расла,/ Узімку, улетку стройная,/ Зялёная была./ Цяпер яна прыбраная/ На свята к нам прыйшла/ І шмат пацехі, радасці/ Для дзетак прынясла”.

Дзеці, што прыйшлі на свята ў Купалаўскі дом, змаглі даведацца, як шмат гадоў назад беларусы ўлагоджвалі зялёную лясную прыгажуню. Замест бліскучых цацак, якія цяпер можна набыць у краме, вешалі на ёлачку самаробныя лялькі й гірлянды з паперы. На галінках лясной госці з лёгкай рукі гаспадара маглі апынуцца звычайныя цукеркі ды яблыкі. А на вершаліне ёлачкі здаўна пачэснае месца займала не проста зорка, а — Бэтлеемская зорка: правобраз той, што абвясціла людзям добрую вестку пра нараджэнне маленькага Ісуса Хрыста. Аказалася, што зіхоткі дожджык на ёлачцы — і не звычайны дожджык зусім, а... валасы анёлаў. Гэта прымусіла дзяцей задумацца пра глыбінны сэнс і сімволіку свята Божага Нараджэння.
Загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Купалаўскага музея Вольга Пархімовіч лічыць, што вельмі важна ў пераднавагоднія дні расказваць дзецям пра народныя традыцыі: каб яны іх ведалі, шанавалі. Калегі Вольгі падрыхтавалі й лялечны спектакль “У пошуках Снягуркі”. І Снягурка тая таксама падалася маленькім гасцям незвычайнай: вучыла дзяцей вымаўляць новыя беларускія святочныя словы, а пажаданні прымала — толькі на беларускай мове. Дзед Мароз, як звычайна, прыйшоў з падарункамі. Арыгінальную аўтарскую праграму ў той дзень у музеі Янкі Купалы паглядзелі 50 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама юныя мінчукі з прыёмных і шматдзетных сем’яў. Прыехаць у Мінск, наведацца ў музей Янкі Купалы ім дапамог Беларускі дзіцячы фонд. 

Музей, нагадаем, — у самым цэнтры сталіцы, на беразе рэчкі Свіслачы: на тым самым месцы, дзе раней стаяў дом беларускага Песняра. Там ён жыў з сям’ёй з 1927 па 1941 год: вайна прымусіла Янку Купалу пакінуць Мінск, і дадому ён ужо не вярнуўся. Дзеці змаглі на свае вочы пабачыць асабістыя рэчы пісьменніка, кнігі, дакументы, а таксама шматлікія карціны мастакоў, выявы скульптараў, прысвечаныя Янку Купалу. Гасцям расказалі, што музей размешчаны ў парку імя Янкі Купалы, дзе ўстаноўлены помнік паэту. І што Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы ў наш час прысуджаецца штогод беларускім творцам — за лепшыя паэтычныя й драматычныя творы.

Каля 40 дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскай і Віцебскай абласцей напярэдадні навагодніх святаў змаглі пабываць у Брэсце ды ў памесці Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Акцыя Беларускага дзіцячага фонду “Нашы сэрцы — дзецям” працягнулася ў дзіцячых аддзяленнях бальніц Мінска: у Рэспубліканскім дзіцячым кардыялагічным цэнтры РНПЦ “Кардыялогія”, дзіцячым аддзяленні апёкаў гарадской клінічнай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячым аддзяленні РНПЦ псіхічнага здароўя, дзіцячым траўматалагічным аддзяленні 6-й гарадской клінічнай бальніцы ды іншых. Намесніца дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова лічыць: самае галоўнае для дзяцей у перадсвяточныя дні — гэта радасць, цеплыня блізкіх людзей і падарункі. Адчуванне чароўнасці Калядна-Навагодніх дзён хворым дзецям дарылі вакальна-тэатральная студыя “Ле-Мары”, валанцёрскі клуб “Слон” Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў, валанцёрскі клуб “Міласэрнасць” Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка.

Са Снягуркай у Янкі Купалы

Ці ведаеце вы, што аўтарам самога верша “Ёлачка” была наша супляменніца: Раіса Кудашава. Гэта яе верш быў надрукаваны ў расійскім часопісе для дзяцей “Малютка” напярэдадні Новага 1903 года і пазней стаў папулярнаю песенькай. Нарадзілася ж Раіса Адамаўна ў 1878 годзе (сёлета — 130-я ўгодкі!) у Маскве. Паэтка была з нараджэння... княжною Гедройц (а гэта — княжацкі род з зямель Вялікага Княства Літоўскага). Нарадзілася ў сям’і Адама Гедройца, які працаваў чыноўнікам на Маскоўскім паштамце, і ягонай жонкі Соф’і (у дзявоцтве Халмагорава). Музыку да верша “Ёлачка” ў 1905-м напісаў аграном і аматар музыкі, прыбалтыйскі немец Леанід Карлавіч Бекман.

Праз гады, ужо ў 30-я, песня стала папулярнай у СССР. Інтэрнэт падказвае: сам старшыня Саюза пісьменнікаў Аляксандр Фадзееў, калі даведаўся, што за прасільніца прыйшла да яго на прыём (у 50-я гады), распарадзіўся адразу ж прыняць аўтарку “Ёлачкі” ў творчы саюз, аказаць ёй дапамогу — бо Раіса Адамаўна, працуючы ў бібліятэцы, жыла ў беднасці. Дарэчы, княжна Гедройц і замуж выйшла за князя — Кудашава, у якога ў маладосці прыслугоўвала гувернанткай. Раіса Адамаўна памерла ў 1964 годзе, пахаваная на Пятніцкіх могілках у Маскве, і на помніку надмагільным ёсць першы радок знакамітай песні. 

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?