Вы тут

Песні, што жывуць у душы


Тэлефільм пра фалькларыста  Васіля Ліцвінку запрашае ўсіх на вячоркі


М. Котаў на здымках тэлефільма

Нядаўна ў Мінску знялі тэлефільм у памяць пра Васіля Ліцвінку — арганізатара й вядучага перадачы “Запрашаем на вячоркі”, якая выходзіла на тэлеэкраны на пачатку 90-х. Мне пашчасціла працаваць побач з Васілём Дзмітрыевічам малодшым навуковым супрацоўнікам у той час, як ён загадваў навукова-даследчай Лабараторыяй беларускага фальклору Беларускага дзяржуніверсітэта. Васіля Ліцвінку памятаю як шчырага збіральніка, нястомнага папулярызатара беларускага традыцыйнага фальклору. Ён жа быў вучоным-фалькларыстам, старшынёй Саюза фалькларыстаў Беларусі. У яго цяпер шмат паслядоўнікаў. Вось і я дзякуючы Васілю Дзмітрыевічу ў тыя гады таксама часам выступаў у ролі вядучага вячорак. А потом арганізоўваў ды вёў перадачу “Спявай, душа!”.

На жаль, сёння Васіля Ліцвінкі з намі няма. Але засталіся яго вучні, студэнты, фальклорныя гурты. І шмат тых, хто неабыякава ставіцца да традыцыйна-абрадавай культуры нашых продкаў.

Тэлефільм “Запрашаем на вячоркі” зняў у нашы дні рэжысёр Яўген Крыцкі на спонсарскія грошы: іх даў прадпрымальнік, пісьменнік Валеры Сарока. Прыехалі на здымкі фальклорныя гурты, сярод якіх і “Суседзі” з вёскі Прылепы Лагойскага раёна, прыхільнікі Тэатра фальклору “Матуліна хата”, якім я кірую. Студэнт Андрэй Расолька расказаў, як збіралі й збіраюць фалькларысты залацінкі народнай мудрасці, якімі з’яўляюцца песні. Распавёў, як пасярод вёскі Васіль Дзмітравіч мог кінуцца таньчыць польку разам з кабетай, як любіў спяваць песню сваёй душы: “Калі каліна не цвіла,/ То не ламай каліну./ Калі ў салдатах ты не быў,/ То не чапай дзяўчыну...”.Пад час здымак на вулічнай спантаннай сустрэчы многія падпявалі гэту песню: яна перадаецца ў нашым народзе з пакалення ў пакаленне. 

Я знаёмы з актывістамі розных беларускіх суполак у замежжы, якія спяваюць родныя песні, ладзяць абрады. Мне падумалася: вось бы аднавіць тэлецыкл “Запрашаем на вячоркі”! Можна запрашаць і замежныя беларускія гурты, здымаць праграмы за межамі Беларусі. Памагатыя ў гэтай справе, мяркую, знойдуцца. Ёсць людзі, адданыя сэрцам роднай зямлі, якія паспрыяюць зберажэнню той навукі, якую маем ад продкаў: любіць родную зямлю, традыцыі народа, шанаваць родную мову, каб ганарыліся намі нашчадкі. Дзе б ні жыў беларус, а песню родную — памятае і спявае: “Люблю наш край, старонку гэту,/ Дзе я радзілся, расла,/ Дзе першы раз пазнала шчасце,/ Слязу нядолі праліла...”

У якой бы краіне беларус ні жыў, а родны кут Беларусі возьме ды й прысніцца.

Мікола Котаў, фалькларыст

Фота Аляксандра СМЕЯНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».